У эфіры дзяржаўнага тэлеканалу АНТ кіраўнік МУС Юры Караеў выказаўся пра інцыдэнт у Горадні 29 траўня, калі быў затрыманы блогер Сяргей Ціханоўскі. Міністар паабяцаў пакараць тых, хто пагражае жонцы міліцыянта, які ўпаў падчас патасоўкі на пікеце Сьвятланы Ціханоўскай.
Юры Караеў сказаў, што ведае, «хто як сябе паводзіць, да чаго заклікае, якія выдае лёзунгі». «Мы намагаемся вочы не мазоліць і ня ціснуць на людзей прысутнасьцю ў форме, але негалосна мы недзе побач і кантралюем сытуацыю», — зазначыў міністар.
На пытаньне журналісткі, якк пачуваецца гарадзенскі міліцыянт, Караеў адказаў, што «нармальна».
«Ніхто ж не казаў, што ў яго цяжкія пашкоджаньні, ён у страі. Іншая справа, што жонцы пайшлі пагрозы, што яна жонка гэтага міліцыянта. Ну, мы іх, натуральна, знойдзем. Хто мае адвагу пагражаць жонцы міліцыянта, які выконваў сваю працу. Начальнік УУС Горадні, які да гэтага за тыдзень трапіў у шпіталь з інфарктам — яму паступалі пагрозы нейкія. Няўжо я гэта так пакіну? Ды ніколі!» — заявіў Караеў.
Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).
ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);
ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;
ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.