За сьпінамі герояў звычайна ёсьць нябачнае войска — людзі, якія вырашаюць прыземленыя побытавыя праблемы, пакуль героі ўласна геройствуюць. Таму ў нашай палітыцы так шмат герояў і так мала гераінь — за жанчынамі вельмі рэдка калі ёсьць якасны тыл.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
І гэта не прыродны расклад, а цалкам сацыяльна сфармаваны фэномэн: жанчыны традыцыйна (і, як правіла, паралельна з працай) займаюцца хатнімі клопатамі, сярод якіх — абслугоўваньне дзяцей і, пры неабходнасьці, іншых родных. У мужчын дзякуючы гэтаму зьяўляецца шмат дадатковых магчымасьцяў для самарэалізацыі і рызыкоўных рашэньняў. Дзякуючы жонкам яны могуць рызыкаваць, бо тыя іх прыкрыюць — будуць шукаць адвакатаў, насіць перадачы, супакойваць старых бацькоў і гадаваць дзяцей. Не заўжды схема працуе менавіта такім чынам, але апісаны мной сцэнар даволі распаўсюджаны.
І калі жанчына ня робіць рэзкіх рухаў у палітыцы, яе можна, вядома, абвінаваціць у нясьмеласьці і адсутнасьці дастатковай рашучасьці. Але перад гэтымі абвінавачваньнямі варта прыглядзецца больш уважліва да яе жыцьця і паспрабаваць адказаць на пытаньне, чым і кім яна рызыкуе.
Яскравы прыклад у цяперашняй выбарчай кампаніі — гэта сям’я Ціханоўскіх. Да затрыманьня Сяргей быў вельмі актыўным і, можна сказаць, бясстрашным. Сьвятлана паводзіць сябе інакш. Верагодна, адыгрывае ролю яе характар у цэлым, але нельга ігнараваць і вельмі шчырае і прагматычнае пытаньне: «А што будзе зь дзецьмі?»
Што будзе зь дзецьмі, калі распачнецца моцны ціск на саму Сьвятлану? Дзе яны будуць жыць, што яны будуць есьці, хто будзе дзьмуць на іх разьбітыя каленкі і хто будзе цалаваць іх перад сном?
З інтэрвію са спадарыняй Сьвятланай вынікае, што Сяргей раней шмат працаваў за мяжой, яны маглі падоўгу ня бачыцца, так што паўсядзённае жыцьцё дзяцей ня надта зьмяняецца ад таго, на волі іх бацька ці не. Яго не было часамі раней, няма і цяпер. А вось калі пачнуць па-сапраўднаму ціснуць на Сьвятлану, зьменіцца ўсё.
Я не хачу ацэньваць, ці добры бацька, муж і сын Сяргей Ціханоўскі. Я проста адзначаю, што ён можа сабе дазволіць рызыкаваць, бо побытавыя праблемы Сьвятлана вырашыць за яго. А вось сама Сьвятлана, баюся, ня можа пахваліцца такім жа ўзроўнем свабоды. Як кажуць, лішніх дзяцей ёй ня выдалі, так што гэтых трэба берагчы.
І можна доўга разважаць, што Сяргей — адчайны і бясстрашны змагар, варты безумоўнай павагі, а Сьвятлана — «проста» напужаная маці і жонка, збольшага абыякавая да палітыкі. Але яна робіць роўна тое, што можа сабе дазволіць, не ігнаруючы пры гэтым вельмі прыземленыя і нерамантычныя паўсядзённыя патрэбы дзяцей і зьвязаныя з гэтым яе абавязкі.
Разьмеркаваньне сямейных абавязкаў — гэта сыстэмная гендэрная праблема, якую вельмі лёгка ігнараваць, сьпісваючы ўсё на асаблівасьці характару асобна ўзятых людзей. Тое ж самае тычыцца і невялікай колькасьці жанчын на вяршынях палітычнага актывізму. Ёсьць вялізная спакуса сьпісаць усё на тое, што мы ня надта амбітныя па прыродзе і ў нас не хапае матывацыі і цярплівасьці, каб трываць рэпрэсіі. Але справа ў тым, што жанчыны часьцей думаюць ня толькі пра ўласныя амбіцыі, але і пра наступствы ўласнай дзейнасьці для людзей, якія ад іх (нас) залежаць.
У гераінь вельмі часта няма войска за сьпінай.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.