Бездарожжа. Два разы на тыдзень — аўтакрама. Тры разы на тыдзень — маршрутка ў «горад». Хуткай дапамозе трэба дабірацца да хворых 60 кілямэтраў. «Нас называюць індзейцамі, бо тут дзікі край», — сьмяюцца жыхары зарэчнай зоны Лоеўскага раёну.
Пра выбары яны ведаюць. Пра альтэрнатыўных кандыдатаў — нешта чулі. «Нам толькі аднаго кандыдата паказваюць», — кажуць вяскоўцы.
Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
«Бабарыкі, цапкалы, ціхановічы — знайшліся на ўсё гатовенькае!»
Пасёлак Папанін Гомельскага раёну. На лаўцы абмяркоўваюць сытуацыю ў краіне і на гародах пэнсіянэркі. Памідоры сёлета высадзілі рана — яны падмерзьлі. Пра выбары яны ведаюць і з кандыдатам практычна вызначыліся.
«Мы будзем галасаваць толькі за нашага „бацьку“! Ён нас задавальняе!», — наперабой кажуць жанчыны.
«Ён атрымаў у спадчыну пустую краіну, адбудаваў яе, дзяржаўны скарб напоўніў, усё нармальна! А цяпер ужо бабарыкі, цапкалы, ціхановічы знайшліся, на ўсё гатовенькае! Ну што той Бабарыка з банку? Набіў сабе кішэні? Дык што ён — нам добрае жыцьцё зробіць? Ён хіба пра нас будзе думаць? А Лукашэнка нам пэнсіі дае і дзеткам нашым дапамагае. Жытло будуе, а ў нас і мяса, і малако, і кілбасы — аўтакрама ўсё возіць», — тлумачыць Валянціна Іванаўна.
Яе прыяцелька Любоў Акімаўна абураецца, што ў Ціханоўскага пры ператрусе знайшлі 900 тысяч даляраў.
«Адкуль у іх столькі грашаты? Гэта не спасьцігнуць розумам! У тэлевізіі круцяць увесь час, каб дапамаглі хворым дзеткам — у мяне сэрца крывёй абліваецца, хоць бы дала сваю якую траячку ці пяцёрку я, а тут такія грошы ў іх!», — кажа пэнсіянэрка.
Яе сяброўка дадае: «Не, ну Бабарыка, я чула, дапамагае дзіцчаму дому. Увесь час утрымлівае дзетак — так казалі». «А чаго ён тады сышоў з банку? Мала яму грошай, ці што?», — аспрэчвае Валянціна Іванаўна.
Дэталяў пра альтэрнатыўных кандыдатаў яны ня ведаюць. Кажуць — адкуль? У раённай газэце «Маяк» нічога ня пішуць пра іх.
«Дзе нам даведацца пра кандыдатаў? Цёмны лес!»
Жыхары вёскі Рудня Каменева (Лоеўскі раён) чакаюць аўтакраму. Яны пэсымістычна ставяцца да выбараў, а пра альтэрнатыўных кандыдатаў мала што чулі.
«Нам іншых кандыдатаў не паказваюць у тэлевізары. Чулі, што нехта яшчэ рэгіструецца... Дзеці нешта казалі пра Бабарыку... ат, яго ня чутна, ня бачна раней было. Мы яшчэ не вызначыліся — за каго галасаваць, бо нічога ня ведаем. Раней дык фатаграфіі віселі ледзь не на кожным слупе, біяграфіі, характарыстыкі — цяпер дзе што даведацца? Цёмны лес!», — скардзяцца мясцовыя.
Суразмоўцы кажуць, што іхныя праблемы — дрэнныя дарогі і кепскае транспартнае спалучэньне з Гомлем (маршрутка тройчы на тыдзень) — наўрад ці нехта развяжа.
«Асфальт у нас мусіў ляжаць. Ды, відаць, скралі і грошы адмылі», — кажуць жыхары Рудні Каменевай.
«Я на выбарах галасую чэсна, за астатніх не скажу»
Да Першамайску (Лоеўскі раён) мусім дабірацца лясной дарогай з калдобінамі. Сюды тройчы на тыдзень ходзіць аўтакрама, зрэдку — маршруткі.
Мясцовы жыхар Мікалай «фарсіць» у фірмовай футболцы Сяргея Ціханоўскага «Страна для жизни». Але ён — прыхільнік Лукашэнкі.
«Адзін „бацька“ у нас, і дастаткова нам. А што футболка? Якую падарылі, такую і нашу. А што — у нас не краіна для жыцьця? Я сыты, абуты, адзеты. Ці чэсныя ў нас выбары? Прынамсі, я галасую чэсна, а за іншых не скажу — я ня бачыў. Лепш у нас дакладна ня будзе, горш — будзе. Вох, вы мяне здымаеце?! Ну ўсё, турма мне, заўтра рукі заломяць за сьпіну», — кажа Мікалай і сыходзіць.
Аляксей на выбары ня пойдзе, кажа, што галасы ніхто не лічыць і ня варта ісьці.
«Лукашэнка на мінулых выбарах сказаў, што за яго недзе 82%, яму напісалі 86%, — дык чаго хадзіць на такія выбары? А пагатоў калі пятнаццаць будзе кандыдатаў — расьцягнуць тыя галасы, ды і ўсё. А ён адзін зноў пераможа. Каб усе яны аб’ядналіся і быў адзін на адзін — зусім іншая рэч. А так — які сэнс у выбарах»?«, — разважае Аляксей.
80-гадовая Ганна Іванаўна нічога ня ведае пра альтэрнатыўных кандыдатаў.
«Хто нам што казаў? Хто сюды прыедзе? За Лукашэнку буду галасаваць. У мяне пэнсія ёсьць, дзеці ў мяне харошыя, прыяжджаюць — што мне больш трэба?», — кажа жыхарка Першамайску.
«Галоўнае — гароды садзіць, каб было што есьці»
Ня кожны аўтааматар даедзе па суцэльным грузкім пяску да Падрачыцкага. Маршрутка з Гомля ідзе толькі да Першамайска. Далей жыхары Кашовага і Падрачыцкага ідуць пешкі, месячы гразь вясной і восеньню, пясок — летам.
Пэнсіянэрка Ніна вяртаецца з Гомля. Кажа, што галоўнае цяпер — пасадзіць і дагледзець гароды, каб было што есьці. Пра выбары яна не хоча гаварыць, бо «лепш ня будзе, толькі горш».
Анатоль жыве ў Кашовым. Скардзіцца на дрэнную дарогу, на тое, што маршрутка да Гомля ходзіць толькі па суботах раз на два тыдні. Навіны ён даведваецца з газэт і радыё. Сельсавет, кажа, сюды езьдзіць рэдка, толькі тэлефануюць часам.
«За каго я буду галасаваць, калі я нікога, апроч Лукашэнкі, ня ведаю? Сюды ніхто не прыедзе. Ён (Лукашэнка. — РС) хоць побач з намі быў, у Лоеве. Тут жа дзікі край у нас. Нездарма нас празвалі „індзейцамі“. Людзі пабудуць тут два дні — дык дзіву даюцца, як мы тут жывём. Да сельсавету нават не дабрацца, бо трэба ехаць больш за 100 кілямэтраў колам. Раней, ой як даўно, паром быў наўпрост цераз раку. Цяпер няма. Нам тут абы дарогу зрабілі, ды, пэўна, ніхто ўжо не будзе рабіць», — разважае Анатоль.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.