Каманда Віктара Бабарыкі перад прэсавай канфэрэнцыяй правяла кароткі стрым са свайго штабу, які знаходзіцца на вуліцы Харужай у Менску. У гэты час у «Белгазпрамбанку» і іншых кампаніях, зьвязаных зь яго сябрамі, праходзяць ператрусы.
Стрым доўжыўся некалькі хвілінаў. Віктар Бабарыка заявіў, што ператрусы ў ягоных сяброў і калегаў праводзяць таму, што прамога кампрамату на яго няма.
«Сёньня пачалі адбывацца дзеяньні, якія паказваюць з поўнай яснасьцю, што прадстаўнікі сёньняшняй улады рэальна гатовыя выкарыстоўваць любыя сродкі для недапушчэньня ў нашай краіне сумленных выбараў. Увесь цынізм гэтых дзеяньняў палягае ў тым, што яны накіраваныя не на мяне, яны накіраваныя на маіх сяброў, на людзей, зь якімі я працаваў. Чаму гэта зроблена? Таму што прамога кампрамату на мяне няма, і ёсьць вялікая надзея, што людзей запужаюць, прымусяць гаварыць няпраўду, агаворваць сябе і іншых людзей.
Я магу з дакладнасьцю заявіць, што адзіным правільным спосабам паводзінаў у гэтай сытуацыі і адказам на самавольства і беззаконьне зьяўляецца працяг нашых дзеяньняў, працяг нашай барацьбы», — заявіў Бабарыка падчас стрыму.
З раніцы 11 чэрвеня ў галаўным офісе «Белгазпрамбанку», а таксама ў кампаніях «ПрыватЛізінг», «Кентаўр», «Кампары» праходзяць ператрусы. Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Дзяржкантролю пачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 243 «Ухіленьне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры» і ч. 2 арт. 235 «Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры».
Раней Віктар Бабарыка распавёў Tut.by, што ў штабе ініцыятыўнай групы ўсё спакойна.
«Ні ў нашых супрацоўнікаў, ні ў нашых сябраў групы нічога такога не адбываецца. Ведаю, што ператрус праходзіць у людзей, непасрэдна зьвязаных са мной. Але яны не супрацоўнікі банка, проста мае сябры, яны могуць ведаць тых, хто праходзіць па справе ў якасьці падазраваных. Але прозьвішчаў жа мы ня ведаем, хто праходзіць па справе. Гэта толькі маё меркаваньне», — сказаў Бабарыка.