Паступова людзі вяртаюцца ў офлайн, але шмат хто працягвае нефармальны карантын. Сабралі для вас самыя цікавыя онлайн-актыўнасьці на тыдзень 8–14 чэрвеня.
«Літаратары на карантыне»
У праекце Радыё Свабода на працягу бліжэйшых месяцаў можна паслухаць і паглядзець чытаньні ад вядомых беларускіх аўтараў — паэтаў, празаікаў, эсэістаў і перакладчыкаў. На гэтым тыдні:
- 9 чэрвеня, 19:00 — Фэлікс Аксёнцаў чытае вершы з новай кнігі «Междуречье», куды ўвойдуць вершы, напісаныя па-беларуску, па-расейску і па-ангельску, а таксама на некалькіх мовах адразу.
- 11 чэрвеня, 19:00 — свае вершы чытае Алесь Емяльянаў-Шыловіч.
- 13 чэрвеня, 19:00 — магілёўскі пісьменьнік і лекар Васіль Аўраменка прачытае вершы зь нядаўна выдадзенай кнігі «Кругі і колы».
- 14 чэрвеня, 19:00 — Сяргей Дубавец чытае і камэнтуе свой пераклад кнігі Станіслава Шумскага «Ў бітвах і вязьніцах». Гэта ўжо пяты фрагмэнт сэрыі.
Усе чытаньні праходзяць на нашым YouTube канале «Падкасты Свабоды».
Паглядзець выставу «Дзеці мастакоў»
У Нацыянальным мастацкім музэі можна пазнаёміцца з тымі, хто натхняў вядомых мастакоў, даведацца цікавыя факты з жыцьця і проста паглядзець на клясычнае мастацтва.
Віртуальны тур па выставе можна зьдзейсьніць тут.
Онлайн-вандроўкі ў сядзібу Багушэвіча
Літаратурны музэй на сваёй старонцы ў Facebook зрабіў падарожжа па сядзібе ў Кушлянах. Праз фатаздымкі, тэкставыя матэрыялы можна даведацца пра «месца сілы» Францішка Багушэвіча.
А яшчэ паглядзець лекцыю «БАГУШЭВІЧ vs АЖЭШКА: дыспазыторый айчыннасьці ў беларускай літаратуры», якая раскажа пра сяброўства двух клясыкаў літаратуры XIX стагодзьдзя.
Пазнаёміцца з постацямі Кірыла і Мяфодзія
Нацыянальная бібліятэка Беларусі прапануе пагуляць па віртуальнай выставе і пазнаёміцца з фондавымі матэрыяламі.
«Творчая кухня» з Надзеяй Кандрусевіч
«Надзея як заснавальніца незалежнага выдавецтва Koska раскажа пра выдавецкія пляны і пра тое, як у цяперашнія часы пачуваецца беларуская кніга. Як перакладчыца і ляўрэатка прэміі імя Карласа Шэрмана пагаворыць пра адметнасьці перакладу кніг для дзяцей, пра швэдзкую дзіцячую літаратуру, а таксама падзеліцца думкамі пра тое, чаго нестае беларускім дзіцячым творам. У прамым эфіры Надзея зачытае ўрывак з кнігі Сары Люндбэрг „Птушка ўва мне ляціць, куды захоча“ ў сваім перакладзе на беларускую», — значыцца ў апісаньні падзеі.
Сустрэча адбудзецца а 19 гадзіне, 9 чэрвеня на старонцы Беларускага ПЭН-цэнтру.
Таксама можна паслухаць падкаст Яна Максімюка з Надзеяй.
«Санаторый пад клепсыдрай»
«Падчас сёмай сустрэчы Андрэй Хадановіч прачытае лекцыю пра сучасную польскую паэзію; раскажа пра розныя пакаленьні і стылістыкі, самыя знакавыя паэтычныя кнігі, найбольш уплывовыя ў Польшчы фэстывалі і ўзнагароды, выдавецтвы і пэрыядычныя выданьні, што падтрымліваюць сёньняшніх паэтаў і паэтак. Ён прадставіць некалькі постацяў самых знакамітых жывых польскіх лірыкаў, пачытае іх вершы ў арыгінале і ў перакладзе, пакажа іх зборнікі ды іншыя публікацыі, якія выходзілі ў апошнія гады па-беларуску», — значыцца ў апісаньні.
Чарговы выпуск можна паглядзець тут 9 чэрвеня, а 17-й гадзіне.
Лекцыі ад Цэнтру гарадзкога жыцьця
Дасьледчык Генадзь Семянчук дапаможа разабрацца ў адным з малавядомых этапаў у жыцьці полацкага князя Ўсяслава, а менавіта даведацца, што адбывалася падчас ягонага княжаньня ў Кіеве, і атрымаць адказ на пытаньне, чаму гістарычныя факты гэтага пэрыяду так старанна спрабуюць зьмяніць.
І лекцыя Алеся Радзюка, прысьвечаная рэпрэсіям на беларускіх землях 200 гадоў таму.
Спэктаклі ад Беларускага Свабоднага тэатру
На бліжэйшых выходных можна паглядзець запісы спэктакляў:
13 чэрвеня — «Рэйк’явік-74» (па п’есе Марты Сакалоўскай, рэжысэр Юра Дзівакоў); 14 чэрвеня — «Благополучие» (па п’есе Марыі Бяльковіч, рэжысэрка Юлія Шаўчук).
Усе трансьляцыі адбываюцца на канале тэатру і ў сацыяльных сетках.
А таксама можна паслухаць «Казкі на ноч».