«Дэпутаты Народнага савету Луганскай народнай рэспублікі» прагаласавалі за прызнаньне расейскай мовы адзінай дзяржаўнай.
Раней на тэрыторыі «ЛНР» дзяржаўнымі былі прызнаныя дзьве мовы: украінская і расейская.
24 красавіка стала вядома, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін дазволіў не плаціць пошліну за расейскі пашпарт жыхарам сэпаратысцкіх «ЛНР» і «ДНР».
У траўні 2019 году Пуцін падпісаў указ, які дазволіў у спрошчаным парадку выдаваць расейскія пашпарты жыхарам сэпаратысцкіх «ДНР» і «ЛНР», у тым ліку — замежныя.
МЗС Украіны выказала рэзкі пратэст у сувязі з гэтым рашэньнем і запатрабавала, каб такія дакумэнты не прызнаваліся замежнымі дзяржавамі, і частка краін Эўразьвязу ўжо абвясьціла, што падтрымлівае Ўкраіну і гэтыя дакумэнты прызнаваць ня будзе. Аднак рашэньне аб нявыплаце пошлін тады прынятае не было.
У 2019 годзе, паводле ацэнкі расейскіх уладаў, расейскія пашпарты аформілі сабе больш за 300 тысяч чалавек, якія мелі рэгістрацыю на тэрыторыі двух сэпаратысцкіх утварэньняў на ўсходзе Ўкраіны. Усяго ў сэпаратысцкіх «ДНР» і «ЛНР» у 2018 годзе, паводле зьвестак мясцовых уладаў, пражывалі амаль 3,8 мільёна чалавек (у «ДНР» — 2,3 мільёна чалавек, у «ЛНР» — 1,4 мільёна).