40-гадовая Ала Грыгарэвіч памерла 24 красавіка. Яна жыла ў вёсцы Міханавічы ў Менскім раёне, а працавала ў мэдычным цэнтры «Інвітро» ў Менску.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Ала працавала старшай мэдсястрой, брала аналізы ў мэдычным цэнтры. Яна захварэла на пачатку красавіка, ляжала дома з высокай тэмпэратурай. 15 красавіка трапіла ў шпіталь, а 24-га памерла. У пасьведчаньні аб сьмерці напісана, што ў Алы Грыгарэвіч была двухбаковая пнэўманія, а каранавірус у яе пацьверджаны ня быў. Пра гэта Свабодзе сказаў яе муж Сяргей.
«Мы ня ведаем, дзе Ала магла заразіцца», — сказаў Сяргей.
Амаль праз два тыдні пасьля таго, як пачала хварэць Ала, у ейнай дачкі паднялася тэмпэратура. Кампутарная тамаграфія пацьвердзіла двухбаковую пнэўманію. А потым яшчэ і тэст на каранавірус аказаўся станоўчым.
«Дачка на той час вучылася з дому, нікуды не выходзіла. Заразіцца ні ад кога не магла, толькі ад жонкі. Але ж у яе тэст быў адмоўны. Мне потым расказалі, што такое бывае», — сказаў Сяргей.
Па яго словах, ні на працы, ні ў царкве, куды ён хадзіў разам з Алай, каранавірус ня выявілі.
На гэты момант вядома, што прынамсі 21 беларускі мэдык загінуў падчас пандэміі каранавірусу.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ