У Менску ў раёне Камароўскага рынку затрыманы Дзяніс Урбановіч, лідэр зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі «Малады фронт».
Як паведамілі журналістам паплечнікі Урбановіча, на скрыжаваньні вуліц Кульман і Цнянскай (каля Дома быту) невядомыя ў цывільным зацягнулі яго ў мікрааўтобус.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, сёньня ў розных гарадах Беларусі было затрымана каля 20 чалавек, у тым ліку апазыцыйны палітык Мікалай Статкевіч.
На плошчы перад Камароўскім рынкам сёньня праходзяць пікеты для збору подпісаў за вылучэньне кандыдатамі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай, Валера Цапкалы, Віктара Бабарыкі, Мікалая Казлова і Андрэя Дзьмітрыева. Паводле падлікаў праваабаронцаў, каля Камароўскага рынку сабралася больш за дзьве тысячы чалавек.
Пікет для збору подпісаў за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай, жонкі аўтара youtube-каналу «Краіна для жыцця» Сяргея Ціханоўскага, перарос у стыхійны мітынг за адстаўку Аляксандра Лукашэнкі.