Жыхары Горадні 29 траўня выстраіліся ў чаргу, каб пакінуць подпіс за Сьвятлану Ціханоўскую, якая вылучаецца кандыдатам на прэзыдэнта.
Напярэдадні Сяргей Ціханоўскі анансаваў, што Сьвятлана Ціханоўская ўпершыню публічна зьявіцца на пікеце ў сваю падтрымку 29 траўня ў Горадні. Ціханоўская на пікет не прыехала. У эфіры Свабоды блогер удакладніў, што меў на ўвазе кардонны макет Ціханоўскай:
«Лукашэнку мы ж таксама на вуліцах ня бачым. Але прэс-канфэрэнцыю мы рыхтуем», — сказаў Ціханоўскі.
«Дзякуй, што ёсьць такія людзі як вы Сяргей і Сьцяпан (маецца на ўвазе Сьцяпан Пуціла, стваральнік праекту Nexta, — РС)», — кажа Ціханоўскаму мужчына з натоўпу.
У Горадні на пікет Ціханоўскага прыйшла рэкордна мінімальная колькасьць людзей. На пікет па зборы подпісаў патэнцыйнай кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай у Горадні прыйшло некалькі сотняў чалавек. Па розных ацэнках цягам пікету на Савецкай плошчы 29 траўня, знаходзілася ад паўтары сотні да трох сотняў чалавек.
Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
Ад 24 траўня пікеты за Ціханоўскую зьбіраюць чэргі па ўсёй Беларусі. Паводле Ціханоўскага, на 28 траўня ініцыятыўныя групы сабралі каля 15 тысяч подпісаў.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.