29 траўня праваабаронцы зь беларускага аддзяленьня міжнароднай арганізацыі Human Constanta накіравалі ў Адміністрацыю прэзыдэнта Беларусі зварот з просьбай тэрмінова ўмяшацца ў вырашэньне лёсу турэцкага курда Хіджры Мамаша, якому пагражае выдача зь Беларусі ў Турэччыну.
Паводле актывісткі Алёны Чаховіч, якая апякуецца палітычнымі ўцекачамі, сытуацыя вымагае ўмяшаньня асабіста Аляксандра Лукашэнкі.
«Паводле беларускага заканадаўства прэзыдэнт мае права сваім указам даваць прытулак. Паколькі ў Турэччыне Хіджры Мамаш перасьледуецца з палітычных матываў, то менавіта прадстаўленьне прэзыдэнтам палітычнага прытулку — найлепшае юрыдычнае выйсьце з сытуацыі, якая склалася пасьля таго, як усе адказныя за лёс Хіджры Мамаша ўстановы занялі пазыцыю аб яго высылцы», — мяркуе праваабаронца Алёна Чаховіч.
Летась курд Хіджры Мамаш быў затрыманы як транзытны пасажыр у Менскім аэрапорце пры спробе з дапамогай падробленага пашпарта ляцець у Эўропу. На пачатку году Дэпартамэнт па грамадзянстве і міграцыі МУС адмовіў Хіджры Мамашу ў прадстаўленьні прытулку і міжнароднай дапамогі, а ў красавіку Генэральная пракуратура Беларусі пастанавіла выслаць яго на радзіму ды распачала адпаведную працэдуру. Раённыя суды, куды са скаргамі зьвярнуліся Хіджры Мамаш і ягоны адвакат, каб аспрэчыць гэтыя рашэньні, таксама сталі на бок беларускіх праваахоўнікаў.
Між тым Камітэт правоў чалавека ААН у траўні паведаміў беларускаму ўраду, што прыняў да разгляду скаргу Хіджры Мамаша на рашэньне аб яго высылцы зь Беларусі ў Турэччыну. ААН папрасіла беларускі ўрад часова адкласьці высылку Хіджры Мамаша.
«Паводле міжнародных пагадненьняў з ААН, падпісаных беларускім урадам, на час разгляду скаргаў у Камітэт правоў чалавека ААН рашэньні аб дэпартацыі людзей, якія просяць прытулку, павінны прыпыняцца. У Беларусі ўжо ёсьць прыклад, калі ў падобнай сытуацыі быў праяўлены гуманізм і ўлады ня выслалі ў Іран былога грамадзяніна гэтай краіны Мэхрдада Джамшыдыяна. Мы спадзяёмся на праяву гуманізму і ў выпадку з Хіджры Мамашам», — сказала праваабаронца з Humаn Constanta Алёна Чаховіч.
Курд Хіджры Мамаш уцёк з Турэччыны, дзе быў актывістам апазыцыйнай Дэмакратычнай партыі народаў. Турэччына дамагаецца выдачы Хіджры Мамаша на той падставе, што ён абвінавачаны ў «замаху на адзінства і тэрытарыяльную цэласнасьць дзяржавы». Паводле турэцкіх законаў за гэта маладому чалавеку можа пагражаць пажыцьцёвае зьняволеньне. Палітычныя актывісты ў Турэччыне сьведчаць, што да абвінавачаных у тэрарызьме апазыцыянэраў у вязьніцы ўжываюць катаваньні.
Праваабаронцы з «Human constanta» на сваім сайце таксама абвясьцілі збор подпісаў пад пэтыцыяй аб прадастаўленьні Хіджры Мамашу магчымасьці застацца ў Беларусі. Подпісы будуць перададзены ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі, сказалі праваабаронцы.
1 чэрвеня ў Менскім гарадзкім судзе будзе разгледжаная скарга Хіджры Мамаша на рашэньне Генэральнай пракуратуры аб выдачы яго ў Турэччыну для крымінальнага перасьледу.