Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэцяя ноч беспарадкаў у Мінэапалісе: падпалілі паліцэйскі пастарунак


Сутыкненьні дэманстрантаў з паліцыяй у Мінэапалісе 27 траўня 2020 году.
Сутыкненьні дэманстрантаў з паліцыяй у Мінэапалісе 27 траўня 2020 году.

У Мінэапалісе (штат Мінэсота) трэцюю ноч запар трывалі масавыя беспарадкі, прычынай якіх стала сьмерць затрыманага паліцыяй цемнаскурага жыхара гораду.

Паведамляецца, што ўдзельнікі акцыі пратэсту ўварваліся на тэрыторыю паліцэйскага пастарунку і падпалілі яго. Паліцыянтаў на тэрыторыі ўчастку, разьмешчанага непадалёк ад месца гібелі 46-гадовага Джорджа Флойда, у той момант не было.

Як паведамляюць СМІ, у адрозьненьне ад папярэдніх дзьвюх начэй, на гэты раз паліцыя амаль не ўступала з пратэстоўцамі ў сутыкненьні.

Паведамляецца пра новыя выпадкі вандалізму і рабаваньня крамаў. Усяго было падпалена 16 будынкаў. Акцыі пратэсту прайшлі таксама ў горадзе Сэнт-Пол, які ўтварае адну агламэрацыю зь Мінэапалісам.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвінаваціў кіраўніцтва гораду ў тым, што яно ня можа ўзяць сытуацыю пад кантроль, і папярэдзіў, што можа адправіць у Мінэапаліс Нацыянальную гвардыю і войска для навядзеньня парадку. Ён напісаў у Твітэры, што пагромшчыкі не паважаюць памяць нябожчыка Джорджа Флойда, і папярэдзіў, што «калі пачынаецца марадэрства — пачынаецца стральба».

Ад імя сацыяльнай сеткі пад гэтым запісам зьявіўся камэнтар, што пост парушае правілы Твітэру, але ня будзе выдалены, бо ўяўляе грамадзкі інтарэс. Гаворка ідзе пра новы эпізод спрэчкі паміж карпарацыяй Twitter і прэзыдэнтам, які абвінавачвае яе ў цэнзуры.

У Мінэапалісе і іншых гарадах ЗША праходзяць і мірныя акцыі пратэсту, удзельнікі якіх патрабуюць пакараньня для чатырох паліцыянтаў, што маюць дачыненьне да затрыманьня Флойда. Прадстаўнікі ўладаў запэўніваюць, што старанна расьсьледуюць справу і зробяць усё, каб справядлівасьць перамагла.

  • Флойд памёр у панядзелак у лякарні, куды ён быў дастаўлены неўзабаве пасьля затрыманьня. На відэа, якое шырока разышлося па сацсетках, афраамэрыканец ляжыць у кайданках на зямлі, а ягоная шыя прыціснутая да зямлі белым паліцыянтам. Флойд некалькі разоў паўтарае, што яму цяжка дыхаць і ён задыхаецца. Флойд пры затрыманьні ня быў узброены, а прычынай яго затрыманьня было падазрэньне ў тым, што ён падрабіў дакумэнты.
  • Чатырох паліцыянтаў, якія затрымалі Флойда, звольнілі з паліцыі, пасьля таго як ФБР пачало расьсьледаваньне сьмерці афраамэрыканца. Пакараць паліцыянтаў у крымінальным парадку запатрабаваў таксама мэр Мінэапалісу Джэйкаб Фрэй. Дзеяньні паліцыі асудзілі вядомыя грамадзкія дзеячы і палітыкі, галоўным чынам дэмакраты.
  • Гібель цемнаскурых ад рук белых паліцыянтаў у апошнія гады нярэдка станавілася прычынай масавых акцый пратэсту і беспарадкаў. Цяперашнія падзеі ў Мінэапалісе нагадалі камэнтатарам пра забойства Эрыка Гарнэра ў 2014 годзе ў Нью-Ёрку. Пасьля гэтага забойства пашырыўся рух Black Lives Matters, галоўным патрабаваньнем якога стаў пратэст супраць бескантрольнага прымяненьня зброі паліцыяй супраць афраамэрыканцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG