Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БНФ не падтрымае ніводнага з кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах, будзе назіраць


Старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў
Старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў

Упершыню ў гісторыі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі найстарэйшая апазыцыйная партыя ігнаруе выбарчую кампанію.

Як сказаў Свабодзе старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, згодна пастановай Сойму прынята рашэньне ня ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году.

Партыя не падтрымае і свах саюзьнікаў па правацэнтрысцкай кааліцыі, якія зарэгістравалі ініцыятыўныя групы для збору подпісаў.

Раней удзельнікі праймэрыз апазыцыі для выбару адзінага кандыдата пастанавілі, што спыняюць кампанію. Аднак усё ж падалі дакумэнты ў ЦВК і прайшлі працэдуру рэгістрацыі ініцыятыўных групаў.

Паводле Рыгора Кастусёва, пазыцыя сустаршыні БХД Вольгі Кавальковай, старшыні руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча, лідэра АГП Мікалая Казлова зьяўляецца «дзіўнай і памылковай».

Тым ня менш, адзначыў палітык, Партыя БНФ ня будзе замінаць сваім сябрам, якія далучыліся да ініцыятыўных групаў прэтэндэнтаў на высокую пасаду і цяпер зьбіраюць за іх подпісы. Гэта самастойнае рашэньне кожнага, удакладніў ён.

Таксама Партыя БНФ застаецца дзейным чальцом кампаніі назіраньня «Права выбару». Вылучэнцы будуць адсочваць ня толькі магчымыя фальсыфікацыі ў часе выбарчай кампаніі, але і тое, як выконваюцца захады бясьпекі на выбарчых участках ва ўмовах пандэміі каранавірусу.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG