У лістападзе 2019 году Свабода праводзіла ў войска айцішніка Аляксея Лазарава, якога зацягнула ў палітычны актывізм змаганьне з тым самым войскам. Адслужыўшы паўгода, Аляксей вярнуўся. За гэты час ён схуднеў на 7 кіляграмаў, адзначыў дзень народзінаў, пачаў курыць і кінуў, напісаў шмат твітаў пра службу і пакуль не зразумеў, што яна яму дала.
У размове са Свабодай Лазараў разважае, якой павінна быць тэрміновая служба, ці зьмяніўся пасьля войска ён сам, а таксама расказвае пра пляны на будучыню.
«Прусак быў аднойчы ў супе, і ўсё»
Мы сустракаемся з Аляксеем у Менску на Кастрычніцкай вуліцы. Зь першага позірку бачна, што хлопец схуднеў і зьмяніўся зьнешне.
«Проста я загарэў! Бачыце, тут сьвятлейшая скура?» — кажа Лазараў і паказвае на верхнюю частку ілба.
Пахудзеў Аляксей на 7 кіляграмаў. Кажа, што кармілі ў войску нармальна, але порцыі былі невялікія.
«Ежы цьвёрдай не хапала. Там заўсёды вадкія кашы, мала мяса. У некаторых сапсаваліся зубы. Хацелася, каб хаця б яблыкі былі. Але ў прынцыпе кармілі нармальна. Прусак быў аднойчы ў супе, і ўсё», — расказвае ён спакойным тонам. Першае, што захацелася зрабіць Лазараву дома, — схадзіць у душ.
«Там душ быў раз на тыдзень. У XXI стагодзьдзі, нават у любым стагодзьдзі, гэта занадта рэдка. А цяпер можна два разы на дзень хадзіць!»
Аляксею ў войску не хапала і інтэрнэту: «У IT заўсёды штосьці новае і цікавае зьяўляецца, тэхналёгіі зьмяняюцца. Ангельскую мову хацелася вучыць, але не атрымалася».
Цягам усёй службы Лазараў вёў старонку ў твітэры, дзе расказваў пра свае прыгоды. За паўгода на акаўнт падпісалася больш як тысяча чалавек. Мы пытаемся ў Аляксея пра ўражаньні ад войска, але ён адказвае коратка: «Было так, як і думаў».
У інтэрвію перад сыходам на службу хлопец казаў, што беларускаму войску бракуе празрыстасьці і магчымасьці ў салдатаў абараніць сябе.
«Я быў хутчэй выключэньнем, таму што мог сябе абараніць. Па-першае, калі я прыехаў, мяне там ужо ведалі, па-другое, у мяне быў твітэр. Таму ў дачыненьні да мяне зрабіць нічога не маглі, — тлумачыць айцішнік. — А астатнім хлопцам было складана. Там ніхто асабліва законаў ня ведае, нават самі афіцэры. Мяне прасілі даказаць, што я вяду твітэр з дапамогай СМС, прасілі тэлефон. Я адмовіўся, спасылаючыся на Канстытуцыю. Нейкіх мэханізмаў для абароны сябе ў войску я не заўважыў».
Хлопец кажа, што ананімнае анкетаваньне, якое праводзяць для выяўленьня нестатутных адносін ці іншых праблем, насамрэч не ананімнае:
«Ты пішаш, у цябе забіраюць паперу, і калі ты штосьці ня так адказаў, адразу пытаюцца, што такое, што ня так. У анкетах салдаты баяцца пісаць праўду, таму што пасьля гэтага могуць быць праверкі. А для салдата тэрміновай службы праверкі — гэта лішнія праблемы. Нават калі хто захварэе, то не сьпяшаецца зьвяртацца да мэдыкаў, бо пачнецца: „Ой, ты ад працы адвільваеш!“ і гэтак далей».
Перад войскам маці параіла Аляксею ўспрымаць усё, што там будзе адбывацца, як прыгоду. Лазараў так і рабіў, таму, кажа, першыя дні перажыў лёгка, а потым прызвычаіўся.
«Усё новае, было нават цікава. Проста часам вельмі кідалася ў вочы нелягічнасьць войска. Напрыклад, мне вельмі не падабалася, што мы часта стаялі на нейкіх пастраеньнях, сядзелі бяз справы на крэслах. Гэта быў час, калі ты проста нічога ня робіш. А я ў жыцьці прызвычаіўся пастаянна штосьці рабіць, калі ёсьць вольны час, — павучыцца, фільм паглядзець. Спачатку для мяне гэта было самым складаным».
«Калі засынаеш, то цябе падымаюць і прымушаюць слухаць стоячы»
Больш за ўсё Лазараву спадабаліся моманты, калі салдаты працавалі з тэхнікай. Напрыклад, кажа Аляксей, на пасьвячэньні ў гвардзейцы кожны салдат садзіўся ў акоп, над ім праяжджаў танк. Трэба было закінуць вучэбную гранату на трансьмісію, то бок у зад танка.
«Мне спадабалася, калі мы былі на палігоне. Быў марш тэхнікі: ехалі празь лес, бруд, ліў дождж. Гэта выглядала вельмі прыгожа! Усё рыпіць, рухавік гудзе, фары сьвецяць».
Як праходзіў курс маладога байца, Лазараву таксама спадабалася. Ён мяркуе, было б няблага, каб усе прайшлі праз гэта.
«Мінімальныя страявыя, прыёмы, карыстаньне зброяй, павучыцца страляць. Практычныя заняткі былі зробленыя добра, у нас быў малады афіцэр, ён выдатна праводзіў. Але былі афіцэры, якія проста чыталі лекцыі з паперы сумным голасам, а ты ў гэты час спрабаваў не заснуць. Калі засынаеш, то цябе падымаюць і прымушаюць слухаць стоячы. Гэта вельмі моцна адрозьніваецца ад таго, што я бачыў ва ўнівэрсытэце. Не скажу, што там усё было ідэальна, але ў выкладчыкаў быў узровень нейкі. Афіцэрам трэба вучыцца і вучыцца».
«Адзін чалавек, які працуе за грошы, варты дзесяці салдатаў тэрміновай службы»
Паводле Аляксея, другая частка службы была запоўнена працаю:
«Мы проста займаліся гаспадарчымі справамі. Напрыклад, вырывалі з калодак цьвікі, выкопвалі траву, фарбавалі што-небудзь. Мэханікі рамантавалі машыны. Карацей, рабілі тое, што не асабліва зьвязана з вайсковай службай. З мэханікамі зразумела — яны павінны ведаць сваю машыну. Але ў астатніх гэта проста праца, на якую можна было б наняць цывільны пэрсанал. Адзін чалавек, які працуе за грошы, варты дзесяці салдатаў тэрміновай службы. Бо салдат, калі афіцэр побач, яшчэ робіць выгляд, што працуе. А калі яго няма, то проста стаіць і нічога ня робіць».
Урэшце, канстатуе Аляксей, ён зразумеў, што «падаткі сыходзяць у нікуды, на тое, каб сыстэма выглядала прыгожа»:
«Тое, што цяпер робіцца ў войску, не скіравана на абарону. Зноў жа, я мяркую па тым, што бачыў сам. Можа, глябальна гэта не зусім так. А рэальнай падрыхтоўкі асабліва не было. Стан тэхнікі вельмі спрэчны. Было такое, што трэба паказаць машыну, як яна працуе, езьдзіць. Дык запчасткі проста перастаўлялі з другой машыны».
Айцішнік Лазараў упэўнены ў неабходнасьці войска, але сумняецца, ці патрэбна яно ў цяперашнім выглядзе.
«Канечне, зразумела, што яно будзе абараняць, калі што. Але ёсьць праблема з падрыхтоўкай, з ідэалёгіяй. Некаторыя салдаты адкрыта казалі, што ім не падабаецца служба ў войску і яны ня ўпэўненыя, ці пойдуць абараняць краіну ў выпадку вайны. Няма даверу да войска, і ў першую чаргу — да дзяржавы. І ўсе ня вельмі разумеюць, чаму яны павінны свае жыцьці аддаваць за гэта. Гэта ідэалягічная праблема. Яе спрабуюць вырашыць савецкімі мэтадамі, прапагандай кшталту „за Радзіму“, „дзяды ваявалі“, умоўна кажучы».
Аляксей мяркуе, што тэрміновая служба павінна быць як у амэрыканскім кіно, бо так яе ўяўляе большасьць прызыўнікоў.
«Там фізычная падрыхтоўка цэлымі днямі. Зброю зьбіраюць, разьбіраюць, страляюць. Як па мне, дык трэба ўсю гэтую гаспадарчую працу з войска прыбіраць, бо атрымліваецца, што нас туды забіраюць як работнікаў. Тыя, хто служыць паўтара года, асабліва ад гэтай працы стамляюцца».
«У мяне былі невялікія канфлікты з афіцэрамі, бо шмат у твітэр пісаў»
Падчас службы ў Лазарава быў момант, калі ён перастаў выходзіць на сувязь зь сябрам, які вёў ягоны твітэр. Той забіў трывогу. Аказалася, салдату забаранілі карыстацца тэлефонам.
«Бо я ў твітэр шмат пісаў. У мяне былі невялікія канфлікты з афіцэрамі, яны выклікалі на размовы. Быццам бы мае твіты зьневажаюць гонар нашага войска, што гэта паклёп. Мой камандзір перадаў мне, што галоўны ідэоляг часткі забараніў мне карыстацца тэлефонам, што можна толькі зь ягонага дазволу. І ўсё. Я падыходзіў да афіцэраў, казаў, што хачу здаць тэлефон. Адзін сказаў, што няма скрыні, таму ня могуць прыняць. Іншы ўвогуле сказаў, што ня хоча прымаць мой тэлефон, што ва ўсіх ёсьць тэлефоны і чаму ў мяне яго не павінна быць. У выніку я проста сам дастаў сімку і нейкі час не пісаў. Потым мне зноў дазволілі карыстацца, бо ў частку пачалі тэлефанаваць».
Лазараў дакладна ня ведае, ці паўплываў неяк ягоны акаўнт у Твітэры на арганізацыю службы ці на стасункі паміж людзьмі.
«Але ў нашым падразьдзяленьні адчувалася, што людзі баяцца паводзіць сябе ня так, як трэба. Я б сказаў, што людзі — салдаты, начальства — сталі больш культурнымі. Гэта мае асабістыя адчуваньні, бо „да сябе“ я там не служыў. Звычайна, калі ў падразьдзяленьне прыходзіць моладзь, то яны адразу пачынаюць працаваць больш за астатніх. А ў нас такога асабліва і не было».
Аляксей мяркуе, што ў Мінабароны за ягоным Твітэрам сачылі, бо камандзірам «прылятала зьверху». Аднойчы аднаму з начальнікаў, кажа Лазараў, тэлефанаваў быццам бы намесьнік міністра абароны па ідэалёгіі. Зь ім паразмаўляў і Аляксей: «Мне перадалі слухаўку, я дамаўляўся, каб „Моладзевы блёк“ зьезьдзіў на экскурсію ў Печы».
Што да каранавірусу, то ў частцы ў Заслонаве, дзе служыў Лазараў, было толькі падазрэньне на каранавірус, яно не пацьвердзілася.
«Увялі абавязковую апрацоўку рук антысэптыкамі, падлогу мылі з хлёркай, у сталоўку не натоўпам заходзілі, а асобнымі падразьдзяленьнямі. Забаранілі наведваньні, адпачынкі. Але салдатам на гэта ўсё роўна. Яны не адчувалі небясьпекі. Даходзіла да таго, што людзі курылі адну цыгарэту на дваіх. Калі б у частцы зьявіўся каранавірус, то разышоўся б вельмі хутка».
«Калі на мяне нейкімі спосабамі ціснулі, то хлопцы мяне падтрымлівалі»
Паплечнікаў Аляксей знайшоў на курсе маладога байца. Паводле Лазарава, некаторыя афіцэры спрабавалі настроіць салдатаў супраць яго.
«Але ў маім узводзе гэта ўвогуле не працавала. Калі на мяне неяк ціснулі, то хлопцы мяне падтрымлівалі. Людзі зь іншых узводаў спрабавалі мяне высьмейваць, што мне штосьці не падабаецца, каб я ў Твітэр пра гэта напісаў».
Цяпер айцішнік разважае, чаму яго навучыла войска. Адказу пакуль не знайшоў. Як не знайшоў адказу і на пытаньне, у які бок яно яго зьмяніла.
«Падчас службы я стаў прасьцей ставіцца да праблемаў людзей. Калі ў паплечнікаў былі праблемы, то заўсёды хацелася дапамагчы. Але там я зразумеў, што стала ўсё роўна. Проста ў войску пастаянна ва ўсіх нейкія праблемы, і ты да гэтага прызвычайваесься. Нэрваў і сілаў не хапае, каб заўсёды дапамагаць. І ў войску ў першую чаргу ты павінен дапамагаць сабе. Спадзяюся, што гэты эгаізм не застанецца».
У адным з будынкаў на Кастрычніцкай — штаб Віктара Бабарыкі. Мы заходзім туды, Аляксей пакідае свой подпіс за вылучэньне экс-банкіра кандыдатам у прэзыдэнты.
«За Дзьмітрыева я ўжо падпісаўся, трэба і за астатніх!»
Пляны на будучыню ў Аляксея ўжо ёсьць: праз пару тыдняў ён вяртаецца на працу ў IT-кампанію. Кажа, што працягне дзейнасьць у «Моладзевым блёку» і не выключае, што на прэзыдэнцкіх выбарах далучыцца да штабу аднаго з кандыдатаў.