Намінальны налічаны сярэдні заробак у Беларусі ў красавіку склаў 1193,8 рубля, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт. Паводле сярэдняга курсу даляра за красавік гэта каля 476 даляраў.
У сакавіку сярэдні заробак склаў 1213,6 рубля (паводле сярэдняга курсу за сакавік — 505 даляраў). Такім чынам, заробак за красавік у рублях панізіўся на 1,6%, калі параўноўваць сумы ў даляравым эквіваленце — на 5,7%.
У лютым 2020 году сярэдні заробак склаў 1119,7 рубля, у студзені — 1118,1 рубля.
Найбольшыя заробкі традыцыйна атрымліваюць у Менску — 1720,4 рубля (104,4% у параўнаньні з красавіком 2019 году), піша БелТА.
Сярэдні заробак па абласьцях:
- Менская вобласьць — 1159,8 рубля (103,8%),
- Гомельская — 1051,5 рубля (105%),
- Віцебская — 1027,7 (108,1%),
- Горадзенская — 1020,6 рубля (106,2%),
- Берасьцейская — 1009 рублёў (105,4%),
- Магілёўская — 968 рублёў (105,3%).
Найбольшыя заробкі ў красавіку атрымалі ў наступных сфэрах
- інфармацыйныя тэхналёгіі і інфармацыйнае абслугоўваньне (сярэдні заробак — 4965,3 рубля),
- дапаможная дзейнасьць у сфэры фінансавых паслуг і страхаваньня (3215,7 руб.),
- паветраны транспарт (2596,6 руб., у тым ліку грузавы — 2632,9 руб.),
- тэлекамунікацыі (2035,4 руб.),
- вытворчасьць коксу і прадуктаў нафтаперапрацоўкі (2028 руб.),
- горназдабыўная прамысловасьць (1945,4 руб.),
- інжынэрна-тэхнічнае праектаваньне, тэхнічныя кансультацыі ў гэтай галіне (1841,6 руб.),
- вытворчасьць хімічных прадуктаў (1825,1 руб.),
- навуковыя дасьледаваньні і распрацоўкі ў галіне тэхнічных навук (1734,9 руб.).
Менш за ўсё атрымалі работнікі
- цырульняў і салёнаў прыгажосьці (517,7 руб.),
- бібліятэк, архіваў, музэяў і іншых культурных установаў (674,2 руб.),
- у сфэры дагляду ў спэцыялізаваных установах і прадстаўленьні сацыяльных паслуг (691,2 руб.),
- у сфэры творчай дзейнасьці і забаваў (664,6 руб.),
- тыя, хто заняты рыбалоўствам або рыбаводзтвам (707,5 руб.),
- хто працуе на вытворчасьці тэкстыльных вырабаў, адзеньня, вырабаў са скуры і футра (778,7 руб.),
- працуе на водным транспарце (720,2 руб.).