Свабода падлічыла, што 77% усіх старшыняў райвыканкамаў скончылі сельскагаспадарчыя ВНУ і прыйшлі ў палітыку зь сельскай гаспадаркі. Высьвятляем, чаму Лукашэнка прызначае кіраваць раёнамі пераважна выпускнікоў аграрных ВНУ і як такая кадравая палітыка ўплывае на разьвіцьцё рэгіёнаў.
Кожны трэці скончыў сельгасакадэмію ў Горках. Эканамічную адукацыю маюць 3%, выпускнікоў БДУ няма
Беларусьсю кіруюць былыя старшыні калгасаў, якія скончылі сельскагаспадарчыя інстытуты і ўнівэрсытэты. Такіх абсалютная большасьць. Глядзіце, якія вынікі мы атрымалі з уласнага дасьледаваньня.
77% старшыняў райвыканкамаў — выпускнікі чатырох асноўных сельскагаспадарчых ВНУ Беларусі. Гэта сельгасакадэмія ў Горках (44 чалавекі), Горадзенскі дзяржаўны аграрны ўнівэрсытэт (18), Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўнівэрсытэт у Менску (16) і Віцебская вэтэрынарная акадэмія (9).
Менш як чвэрць з усіх кіраўнікоў прыйшлі ў мясцовую палітыку зь іншых унівэрсытэтаў. Сярод іх больш за ўсё выпускнікоў БНТУ. Такіх шасьцёра.
Сямёра старшыняў райвыканкамаў скончылі эканамічныя ВНУ: трое — Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт, двое — Беларускі гандлёва-эканамічны ўнівэрсытэт спажывецкай каапэрацыі ў Гомлі, і адзін — Беларускі камэрцыйны ўнівэрсытэт кіраваньня.
Яшчэ пяцёра старшыняў — з пэдагагічнай адукацыяй. Трое зь іх атрымалі яе ў Мазырскім пэдагагічным унівэрсытэце. Па адным — у пэдунівэрсытэце імя Танка ў Менску і ў Віцебскім дзяржаўным унівэрсытэце.
Рэшта ВНУ — гэта тэхнічныя і сілавыя. Ёсьць адзін старшыня — былы вайсковец і адзін — былы міліцыянт.
Сярод усіх старшыняў няма ніводнага выпускніка Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту — самай вялікай і самай прэстыжнай ВНУ краіны.
57% старшыняў скончылі дадаткова Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце. Там для чыноўнікаў створаныя адмысловыя спэцыяльнасьці. Гэта называецца «перападрыхтоўка ў рамках дзяржаўнага заказу». Курсы цягнуцца ад паўтара да двух гадоў. Уступныя іспыты праходзяць вусна. Навучаньне — завочнае і дыстанцыйнае. Гэта значыць, чыноўнікам у ВНУ асабіста трэба зьявіцца ўсяго некалькі разоў за ўвесь час навучаньня.
Пры гэтым няма ніводнага старшыні выканкаму, у каго б Акадэмія кіраваньня была першым месцам вучобы.
«Лукашэнка застаўся селянінам, і гарадзкія для яго чужыя»
Усе кіраўнікі райвыканкамаў прызначаюцца асабіста Аляксандрам Лукашэнкам. І тое, што большасьцю рэгіёнаў кіруюць выпускнікі сельскагаспадарчых вучэльняў, невыпадкова. Так лічыць палітычны аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст. На ягоную думку, Аляксандру Лукашэнку зручней працаваць у атачэньні людзей, якія маюць такі самы культурны і мэнтальны бэкграўнд, як і ён сам.
«Ён шмат у чым застаўся селянінам, — кажа Дракахруст. — Для яго гарадзкія — крыху чужыя. Пэўны комплекс адносна беларускага Гораду ў яго захаваўся з пачатку 90-х. А вясковыя жыхары — яны проста для яго больш свае».
Выпускнікі сельскагаспадарчых ВНУ прысутнічаюць ня толькі на раённым узроўні. Чатыры з шасьці кіраўнікоў аблвыканкамаў (75%) таксама вучыліся ў Горках, у Віцебскай вэтэрынарнай акадэміі і Горадзенскім аграрным унівэрсытэце.
«Спрэчнае пытаньне, ці называць гэта пасьлядоўнай палітыкай, але кадраў з такой адукацыяй непрапарцыйна шмат на кіраўнічых пасадах у выканаўчай вэртыкалі», — лічыць палітоляг Андрэй Казакевіч.
Ён тлумачыць такі выбар кіраўнікоў асаблівасьцямі беларускай правінцыі. Для многіх раёнаў сельская гаспадарка (разам з харчовай прамысловасьцю) — гэта важны, калі не асноўны, сэктар эканомікі. І менавіта кіраўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў разумеюць, як арганізавана эканамічнае і сацыяльнае жыцьцё ў раёне.
«У такой сытуацыі яны натуральныя кандыдаты на кіраўнічыя пасады, — кажа Казакевіч. — Думаю, пры свабодных выбарах многія зь іх таксама б мелі посьпех».
«Які ён мэнэджар? Трэба прымусіць людзей працаваць, і каб яны больш-менш цьвярозыя хадзілі на працу»
Панаваньне сельскагаспадарчых кіраўнікоў — гэта ня тое, што прыдумаў Лукашэнка апошнім часам. Па словах Андрэя Казакевіча, асобы зь сельскагаспадарчай адукацыяй былі шырока прадстаўленыя ў кіраўніцтве Беларусі і раней. Прычым ня толькі на раённым, але й абласным і нацыянальным узроўнях. Напрыклад, на кіруючых пасадаў у аблвыканкамах у 1994-2015 гадах такія чыноўнікі складалі прыкладна палову.
«Сельскагаспадарчы досьвед станоўча ўплывае на прыняцьце кадравых рашэньняў і на ўзроўні адміністрацыі прэзыдэнта, і аблвыканкамаў, — кажа Казакевіч. — Хаця ў апошнія гады гэтая тэндэнцыя не такая відавочная».
Эканаміст Міхал Залескі запэўнівае, што карані такой кадравай палітыкі трэба шукаць яшчэ раней — яны цягнуцца ад часоў калектывізацыі 1930-х гадоў. Лукашэнка ўсяго толькі працягвае савецкія традыцыі.
«Мы працягваем будаваць Савецкі Саюз з пэўнымі апартуністычнымі ўхіламі», — кажа Залескі.
На ягоную думку, дыплём для беларускага кіраўніка ўвогуле ня мае значэньня. Старшыні выканкаму ў сучаснай Беларусі трэба ўмець «выбіваць грошы», «асвойваць бюджэты» і «выконваць паказьнікі». Гэта ня тыя рэчы, якім вучаць мэнэджараў ці эканамістаў ва ўнівэрсытэтах.
«Што той дыплём? Там адукацыі патрэбна — дзьве клясы, каб чытаць умеў. Яму трэба прымусіць людзей працаваць. Трэба глядзець, каб ня кралі і каб больш-менш цьвярозыя хадзілі на працу, — кажа Залескі. — Слова „мэнэджар“ да гэтых людзей не адносіцца».
А для кар’ернага росту ў такой сыстэме зусім ня важныя дасягненьні чыноўніка. Залескі лічыць, што пасьпяховы чыноўнік — гэта найперш добры псыхоляг, а ня добры спэцыяліст.
«Там патрэбен талент. Хто хоча прасунуцца вышэй, таму трэба ведаць, як правільна будаваць адносіны зь людзьмі. Гэта тонкія псыхолягі, выхаваныя гадамі партыйнай камуністычнай дысцыпліны», — кажа Міхал Залескі.
Гарадамі ў Беларусі кіруюць, як калгасамі
У сельскай гаспадарцы ў Беларусі сёньня занята 7,6% усіх працаўнікоў Беларусі (па зьвестках Белстату за 2018 год). А кіраўнікоў з гэтай галіны, як мы ўжо пісалі, — 77%.
Такі перагіб на карысьць сельскагаспадарчых выпускнікоў адбіваецца на разьвіцьці рэгіёнаў, лічыць Антон Раднянкоў, дырэктар Цэнтру новых ідэй. 77% насельніцтва Беларусі жыве сёньня ў гарадах. І менавіта гарады — асноўныя крыніцы росту: там ствараюцца новыя працоўныя месцы, туды перацякаюць найбольш таленавітыя кадры, там віруе сацыяльнае жыцьцё.
«Гэта вымагае і іншых навыкаў ад мясцовых элітаў: адкрытасьці, разуменьня, як працуе сучасная эканоміка, уменьня дамаўляцца і з гараджанамі, і зь бізнэсам, — кажа Раднянкоў. — У Горках такому ня вучаць».
Такое ж думкі і Юры Дракахруст. Ён адзначае, што й сярод выпускнікоў сельскагаспадарчых ВНУ ёсьць таленавітыя і здольныя спэцыялісты, і было б не зусім карэктна казаць, што яны неэфэктыўныя кіраўнікі.
«Але збольшага гэтым людзям складана адчуць спэцыфічнасьць функцыянаваньня менавіта гарадоў, — разважае Дракахруст. — Так што часта яны і гарадамі кіруюць, як калгасамі. Культурнаму коду Лукашэнкі яны сапраўды адпавядаюць, культурнаму коду гарадоў, якімі кіруюць, — не зусім».
«Гэта ня самыя сумленныя, высакародныя, але ўсё адно палітычная эліта»
Сельскагаспадарчае дамінаваньне ў выканкаме адбіваецца на якасьці рэгіянальных элітаў, лічыць Антон Раднянкоў. Найбольш прагрэсіўныя чыноўнікі ў такой сыстэме трапляюць у пастку кар’ернага росту. Яны даходзяць да пасады намесьніка старшыні выканкаму — і могуць заставацца на ёй дзесяцігодзьдзямі, пакуль босы-аграрыі прыходзяць і сыходзяць.
«Ёсьць нават правіла: хочаш зразумець прагрэсіўнасьць гарадзкіх уладаў — паглядзі на першага намесьніка, — кажа экспэрт. — Шмат хто зь цягам часу дэматывуецца, шмат хто спрабуе сысьці ў прыватны бізнэс».
Выходзіць, што сельскагаспадарчая ВНУ ў Беларусі — гэта найлепшы пляцдарм для палітычнай кар’еры. Зрабіць кар’еры рост ва ўладнай вэртыкалі, маючы дыплём з Горацкай сельгасакадэміі ці Горадзенскага аграрнага ўнівэрсытэту, у разы прасьцей, чым з дыплёмам БДУ ці БДЭУ.
Юры Дракахруст лічыць, што старшыняў райвыканкамаў можна адносіць да палітычнай эліты Беларусі.
«Эліта як самыя разумныя, высакародныя, сумленныя — гэта ўсё ж прыгожая мэтафара, — кажа Дракахруст. — Але сацыялягічна — гэта сапраўды людзі з высокім сацыяльным статусам, у прыватнасьці, з уладнымі паўнамоцтвамі».
Андрэй Казакевіч кажа, што старшыня райвыканкаму — гэта асноўны decision-maker у сваім рэгіёне.
«Па паўнамоцтвах ён нават блізка не параўнальны ні зь якай іншай пасадай і можа кантраляваць практычна ўсе сфэры», — кажа палітоляг.
Паміж кіраўнікамі ідзе спаборніцтва, хто найлепш правядзе выбары
Старшыні райвыканкамаў — гэта палітычная апора Аляксандра Лукашэнкі. Яны складаюць абсалютную большасьць топ-чыноўнікаў з «кадравага рэестру кіраўніка дзяржавы». Міхал Залескі тлумачыць, што гэта аналяг савецкага «кадравага рэзэрву» — сьпіс людзей, на якіх трымалася ўладная вэртыкаль. У Беларусі гэтым людзям гарантуецца недатыкальнасьць.
«Людзі, якія знаходзяцца ў кадравым рэестры прэзыдэнта, валодаюць пэўнымі паўнамоцтвамі і абаронай, імунітэтам. Да прыкладу, без дазволу прэзыдэнта іх нельга затрымліваць, арыштоўваць», — казаў у тым ліку пра старшыняў выканкамаў Аляксандар Лукашэнка.
Юры Дракахруст мяркуе, што старшыні райвыканкамаў адказваюць і за выніковыя лічбы на выбарах. У тым ліку прэзыдэнцкіх.
«Наколькі я ведаю, паміж імі нават ідзе спаборніцтва, у каго кандыдаты ўлады, ня кажучы ўжо пра Самога, больш набралі, дзе была вышэйшая яўка, — кажа Дракахруст. — І калі ты ў хвасьце — гэта ня значыць, што для насельніцтва раёну Лукашэнка ня надта добры. Гэта значыць, што кіраўнік раёну кепскі. Бо не зразумеў і без загаду, што ён мусіў рабіць».
Дый сам Лукашэнка наўпрост кажа пра адказнасьць кіраўніцтва райвыканкамаў і аблвыканкамаў за правядзеньне выбараў. Вось, напрыклад, што ён казаў пра парлямэнцкія выбары падчас прызначэньня новых кіраўнікоў у рэгіёнах у 2019 годзе.
«Гэта (вынікі выбараў. — РС) — паказчык эфэктыўнасьці работы нашых органаў улады, у цэлым вэртыкалі ўлады, — казаў Лукашэнка. — Але, як я ўжо не аднойчы казаў, расслабляцца нам ні ў якім разе нельга. Гэта была рэпэтыцыя. Асноўнае дзейства нас чакае наперадзе».