«У сытуацыі пандэміі мастакі, скульптары ніяк не абароненыя. Няма пастаяннага месца працы, стабільнага заробку. І калі ўсё спынілася, стала зноў зразумела: мастацтва — рэч ня першай неабходнасьці. Чалавек пачакае лепшых часоў, каб парадаваць сябе карцінай, скульптурай. А што рабіць творцам?» Скульптар Віктар Копач — пра паралізаваны пандэміяй сьвет.
Беларускі скульптар як ахвяра ідэалёгіі
Віктар Копач — бадай, самы вядомы сучасны беларускі скульптар за межамі краіны. Ён удзельнік васьмі дзясяткаў міжнародных сымпозіюмаў, біенале і конкурсаў, манумэнтальныя працы ўпрыгожваюць гарады ў 25 краінах на розных кантынэнтах. Адна з апошніх — адкрыты летась помнік Янку Купалу ва ўнівэрсытэце гораду Сіань кітайскай правінцыі Шэньсі.
У сярэдзіне нулявых ён працаваў рэстаўратарам у мэмарыяльным музэі-майстэрні народнага мастака СССР Заіра Азгура. А некалькі гадоў таму пашчасьціла заехаць у старую майстэрню знакамітага скульптара на тэрыторыі мастацкага камбінату, дзе той тварыў у паваенныя гады. Разам зь Вiктарам з музэю вярнуліся і некаторыя скульптурныя станкі, якія памятаюць самога Азгура. А з роднай вёскі яшчэ дадаліся аўтэнтычныя рэчы, якія падмацоўваюць энэргетычна, дадаюць атмасфэрнасьці.
Сам Віктар называе пляцоўку экспэрымэнтальнай лябараторыяй, дзе нематэрыялізаваныя задумы набываюць акрэсьленыя вобразы — у плястыліне, гіпсе, гліне, а пазьней трансфармуюцца ў камень, бронзу, мэтал. Гутарым якраз у такім антуражы.
Пытаньне пра ўхіл у замежжа суразмоўца тлумачыць рознасьцю падыходаў да прыроды мастацтва ў Беларусі і іншых краінах. Яшчэ за савецкім часам склалася памылковае ўспрыняцьце місіі скульптара: твор павінен несьці ідэалягічны пасыл, абслугоўваючы задачы манумэнтальнай прапаганды, услаўляць ваенныя перамогі ды іх герояў. Адным словам, трэба было штампаваць помнікі, ігнаруючы асабісты сьвет мастака, яго стыль. Як вынік, паркі і плошчы наводненыя формамі, малацікавымі для гледачоў — за невялікім выключэньнем манумэнтаў, створаных таленавітымі аўтарамі.
«Але ж жыцьцё шырэйшае! Скульптура — гэта нашмат складаней і глыбей, чым толькі помнік. Аўтарская праца павінна выйсьці ў публічную манумэнтальную прастору, даказаць сваю неабходнасьць. Людзі маюць права на разнастайнасьць. Калі ня браць каранавірус, беларусы пачалі езьдзіць, параўноўваць. Аказваецца, ёсьць іншыя спосабы асваеньня тэрыторыі, больш цікавыя. Атрымліваеш асалоду ад асяродзьдзя, у якім камфортна ўсім! Сынтэз архітэктурных і скульптурных формаў дае завершанасьць прасторы. У нас гэтага бракуе. Ці, дакладней, амаль няма».
Саудаўская Арабія як прыклад для перайманьня
Сёлета са скарэньнем геаграфічных шыротаў давялося прытармазіць. Зь іншага боку, можна засяродзіцца на праекце, які пасьля многіх гадоў у выглядзе ідэі, выйгранага конкурсу і наступных узгадненьняў выруліў у бок фінішу. Гэта афармленьне станцыі мэтро ў гонар пачынальніка новай беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча. Да гэтага аспэкту яшчэ вернемся, а пакуль пра тое, на якіх плянах каранавірус паставіў крыж. Найперш, адмяніўся буйны лютаўскі сымпозіюм у Саудаўскай Арабіі.
«Быў там летась, цікавая сытуацыя. Скульптура таксама не разьвівалася — не праз ідэалёгію, а праз рэлігію. І нешта зварухнулася. Шалёна ўсё адбудоўваецца, але не хапае сувязі паміж чалавекам і архітэктурай. Краіна не зялёная, сьпёка, а скульптура — якраз тое адсутнае зьвяно, якое дае ратавальны цень. Пачалі запрашаць адмыслоўцаў. Мы працавалі ў дыпляматычным квартале, жыльцы казалі: пару гадоў таму немагчыма было нават уявіць, каб вось так адкрыта, у публічнай прасторы рабілі нешта скульптурнае для гораду. А цяпер палітыка на тое, каб адкрыцца сьвету, турыстам».
Пяць гадоў запар Віктар заяўляўся, каб адабрацца на прэстыжны сымпозіюм у Канадзе — рабіў працы, дасылаў эскізы. Конкурс надзвычай сур’ёзны, некалькі сотняў прэтэндэнтаў на восем месцаў. Сёлета ўдалося перамагчы, разам з астатнімі шчасьліўчыкамі ў жніўні меўся выправіцца на атлянтычнае ўзьбярэжжа, у правінцыю Нью-Брансуік. Але з прычыны забароны на масавыя зборы аж да канца лета давялося паставіць падарожжа на паўзу.
Яшчэ адзін адрас — Тайвань з заездам у верасьні. Паводле ўмоваў, трэба было даслаць арганізатарам копію прататыпу — з таго матэрыялу, зь якога будзе манумэнтальная праца. Форма з грэцкага мармуру падасьпела, калі межы ўжо пачалі зачыняцца. Прыпынілі працы многія паштовыя сэрвісы, у выніку на пасылку давялося патраціць ажно 700 эўра. І яшчэ 25 дзён нэрвова чакаў, пакуль яна дойдзе да адрасата. Беларус прайшоў у другі тур, цяпер застаецца толькі чакаць, ці суцішыцца пандэмія за лета.
Рэсьпіратар як сымбаль паралізаванага сьвету
Паводле суразмоўцы, цяжка было нават сфантазіраваць, як нейкі вірус можа спаралізаваць сучасны, высокатэхналягічны сьвет. Аднак перад намі выпадак, калі даводзіцца канстатаваць поўную сваю безабароннасьць.
«Вельмі складана, бо многія ў сытуацыі пандэміі ніяк не абароненыя. Мастакі, скульптары — з гэтага шэрагу. Няма пастаяннага месца працы, месячнага заробку. Замовы, тэндэры — усё трэба шукаць. І калі ўсё спынілася, стала ясна, што мастацтва — рэч ня першай неабходнасьці. Чалавек спакойна пачакае, каб парадаваць сябе карцінай, скульптурай. Наогул апошнім часам падкошвала сытуацыя няўпэўненасьці ў заўтрашнім дні. Заўсёды ў нэрвозным стане: зноў конкурс, а раптам адмова, што тады? А цяпер яшчэ і межы зачыненыя — проста кантрольны стрэл у галаву...»
Пандэмія толькі пацьвердзіла ісьціну, што кожнаму творчаму чалавеку на час вымушанай самаізаляцыі неабходная падтрымка калегаў. Такой акцыяй стала кампанія салідарнасьці, якую арганізаваў Інтэрнацыянальны альянс скульптурных сымпозіюмаў (ISSA-International Sculpture Symposium Alliance). Віктар Копач там адзіны прадстаўнік ад Беларусі.
«100 краінаў — 100 масак». Так называецца своеасаблівы пэрформанс, пакліканы зьвярнуць увагу на сытуацыю, у якой апынуліся творцы па ўсім сьвеце. Унікальнасьць яшчэ ў тым, што скульптары раней за іншых пачалі клапаціцца пра ўласнае здароўе, бо рэсьпіратар дапамагае абараніць лёгкія падчас працы з каменем. Але калі ад пылу ратавацца навучыліся, то вірус прымусіў капітуляваць незалежна ад ступені экіпаванасьці.
«Безумоўна, лёгкі адчай. І так было няпроста, а выглядае, што можа быць яшчэ горш. Паколькі шмат сымпозіюмаў скасаваныя, зачапіла вельмі многіх. Акцыя — гэта спроба мацней аб’яднацца. Ну, і маска — сымбаль часу. Скульптар мусіць насіць рэсьпіратар і без пандэміі — засьцерагацца ад мармуровага пылу ці мэталічнай стружкі. Але наклалася яшчэ адно: вірус, якога не відаць. Каменны пыл — гэта проста, ён перад вачыма. А тут усё складаней. Захацелася падтрымаць адзін аднаго, бо гэта немалая група, цэлы соцыюм калегаў. Паспрабаваць разам знайсьці выхад з сытуацыі».
Акурат цяпер адбываецца першы сымпозіюм у рэжыме онлайн. На конкурснай аснове абралі 20 фіналістаў. Цягам тыдня кожны ў сваёй майстэрні робіць працу, фіксуючы працэс ад пачатку да фінішу.
Зрэшты, лічыць Віктар Копач, усё ж скульптура — ня той варыянт, каб задавольвацца віртуальнай карцінкай. І спадзяецца дачакацца, калі можна будзе ўзяць у рукі інструмэнт і даць майстар-кляс перад рэальнай публікай.
Пленэр у Струмілы як вяртаньне ў прафэсію
Будучы скульптар нарадзіўся ў 1970 годзе ў вёсцы з характэрнай назвай Капачы — гэта Мастоўскі раён Горадзеншчыны. Лічаныя адзінкі суседзяў мелі іншае прозьвішча, астатнія навечна атрымалі пячатку сваёй радзімы. Праўда, калі пачалося перакручваньне на расейскі лад, зьявіліся варыяцыі з напісаньнем.
Бацькі да мастацтва дачыненьня ня мелі: тата ўсё жыцьцё адпрацаваў кіроўцам, мама — у калгаснай бухгальтэрыі. Але калі сын у 16 гадоў заявіў, што хоча маляваць, на сьмех яго ніхто не падняў, адпусьцілі ў вялікі сьвет.
Паступіў у Менскую мастацкую вучэльню імя Глебава. У пэўным сэнсе выпадкова пачаў асвойваць азы лепкі, апынуўшыся ў руках выкладчыка Барыса Лазарэвіча. На аддзяленьне скульптуры Беларускай акадэміі мастацтваў ужо ішоў мэтанакіравана, трапіў у майстэрню да Ўладзімера Слабодчыкава. Агулам на адукацыю патраціў 10 гадоў. А калі ў 1996-м выпусьціўся, аказалася, што ніхто «навасьпечанага генія» з караваем на выхадзе не чакае. Ні жыльля, ні працы, ні ўцямных пэрспэктываў.
Адзін з адлічаных «акадэмікаў» запрасіў на падпрацоўку, у яго Віктар займаўся дызайнам. Але праз два гады прымусіў сябе зрабіць выбар: або растварыцца ў бясформеннай масе, або паспрабаваць пра сябе заявіць.
У 1998-м выправіўся на свой першы замежны пленэр — у польскую Мацькову Руду да графіка, скульптара Анджэя Струмілы. Гэта і стала пераломным момантам, каб вярнуцца ў мастацтва. Кажа, што ўразіла сама асоба творцы зь беларускімі каранямі. Калі ў ягоных альма-матэр заўсёды захоўвалася дыстанцыя паміж выкладчыкам і навучэнцам, то Струміла з маладымі калегамі быў на роўных, што дазваляла раскрыцца.
Той досьвед дадаў упэўненасьці, Віктар у літаральным сэнсе пачаў угрызацца ў каменную пароду. У 1999 годзе стаў сябрам Саюзу мастакоў. А ўжо ў 2002-м прадставіў Беларусь на міжнародным сымпозіюме ў Пэкіне, для алімпійскага парку стварыў працу «Жарсьць». І вось ужо амаль два дзесяцігодзьдзі ён сталы ўдзельнік найбуйнейшых форумаў у розных частках сьвету. Спэцыялізуецца ў манумэнтальнай і станковай скульптуры. У лепцы — з акцэнтам на фігуратыўнай плястыцы, у ваяньні — з заглыбленьнем у сьвет сымбаляў, абстрактнай скульптуры.
Ягоныя творы ўпрыгожваюць тэрыторыі гарадзкіх паркаў, зонаў адпачынку, унівэрсытэцкіх кампусаў у Кітаі, Японіі, Паўднёвай Карэі, Саудаўскай Арабіі, Амане, Сырыі, Іране, Казахстане, Ізраілі, Індыі, Канадзе, Аргентыне, Бразыліі, Гішпаніі, Партугаліі, Румыніі, Латвіі, Расеі, Польшчы, на Кіпры. Летась адну са сваіх працаў пакінуў ва Ўкраіне, побач з самой зонай збройнага канфлікту на Данбасе. З кожнай паездкі стараецца прывезьці калярытную фігурку, аўтэнтычны каменьчык.
Юбілей як нагода да прафэсійнага мандражу
Сёлета ў жніўні Віктар Копач адзначыць 50-гадовы юбілей. Прызнаецца, што мандраж нежартоўны. Ня толькі псыхалягічна не гатовы апынуцца сярод тых, на каго ў маладосьці сам пазіраў як на «вэтэранаў». Арганізатары некаторых сымпозіюмаў «адразаюць» ад удзелу ўзроставую групу 50+. А гэта значыць, сьвет паступова звужаецца.
«Гэта яркі, цікавы мікст — падарожжа, замяшанае на творчасьці. Ня толькі пакідаю частку свайго сьветапогляду, але і нешта бяру з культуры той краіны. А яшчэ асьветніцкая місія: даводзіцца расказваць, дзе тая Беларусь, бо зьвязваюць то з СССР, то з Расеяй. У тым жа Кітаі няма асобнага герогліфа, карыстаюцца двума — „белая“ і „Русь“. І не разумеюць, чаму Расея „белая“. І калі стаіш са сьцягам на бэджыку, трэба тлумачыць. Хоць пра цяперашнюю сымболіку ня буду, мой сьцяг іншы. На жаль, бракуе часу, моўных навыкаў, каб кожнаму давесьці, хто мы і адкуль».
Сям’я Копачаў — узор творчай дынастыі. Ягоная жонка Дар’я — майстар жывапісу. Плённа займаецца мастацтвам і яе сястра Кацярына. Яны з мастацкага роду Сумаравых, іх бацька Васіль Фёдаравіч — заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі.
Дзеці Віктара і Дар’і таксама абралі творчасьць. Старэйшы сын Захар — дызайнэр, сярэдні Арцемі, як і бацька, вучыцца на скульптара. Дачка Васіліса паспрабавала музыку, а ўрэшце таксама вырашыла маляваць.
«Мне часта кажуць: ай, бедныя твае родзічы, ніколі ня бачаць. На шчасьце, Дар’я з дынастыйнай сям’і, разумее, як даводзіцца здабываць хлеб. Складана, бо калі зьяжджаю, дом цалкам на ёй. Сам адчуваю, калі яна часам выпраўляецца на пленэр. Дык гэта ўжо дзеці падрасьлі, і то... Магу толькі ўявіць, калі скласьці ўсе гады адсутнасьці — за плячыма больш за 70 сымпозіюмаў, конкурсаў. Канечне, я жонцы вельмі ўдзячны, хоць мы і не вырашалі, што нехта будзе сядзець зь дзецьмі, а нехта езьдзіць па сьвеце. Так атрымалася, што на жаночую долю нагрузка большая».
Толькі нядаўна, калі дзеці падрасьлі, удалося зьезьдзіць на сымпозіюм сям’ёй. Так, летась спалучылі адпачынак з працай на Кіпры.
У Беларусі больш няма скульптара, адзначанага падобнай міжнароднай актыўнасьцю. На думку Віктара Копача, гэта і ня можа быць масавай зьявай. Па-першае, неабходна прыстасавацца да фармату конкурсных адбораў. Па-другое, павінен быць асаблівы склад характару: ня кожны гатовы сарвацца і на месяц-паўтара выправіцца ў невядомасьць.
«Тут сынтэз усяго: прага новага, гатовасьць да прыгодаў, жаданьне зрабіць новы манумэнтальны твор. Дзеля гэтага трэба пакінуць дом, майстэрню, выправіцца на іншы бок сьвету і вырашыць канкрэтную задачу. А перад тым прайсьці конкурс і, каб усё гэта здарылася, у ім перамагчы. Падпісваеш кантракт, што за пэўны час зробіш тое і тое. На табе адказнасьць — не падвесьці людзей. Нельга застацца на месяц-другі, каб скончыць: маўляў, няма натхненьня, зьежджу на пару дзён на мора, вярнуся і тады завяршу. Такое не праходзіць».
Багушэвіч як паратунак ад каранавірусу забыцьця
Пакуль сьвет чакае эпідэміялягічнай стабілізацыі, Віктар Копач з калегамі працуе над аздабленьнем самай беларускай станцыі менскага мэтрапалітэну. На стадыі раньняга праектаваньня трэцяй лініі падземкі ў дакумэнтах выступала яе чарнавая назва — у гонар нямецкай камуністкі Клары Цэткін. Аднак супольнымі намаганьнямі ўсё ж удалося схіліць шалі на карысьць нацыянальнага сьветача Францішка Багушэвіча.
«Праца калегіяльная, тры аўтары: Максім Пятруль, Аляксей Сарокін і я. Некалі нас сабраў архітэктар Уладзімер Целяпнёў. Яго ўжо няма ў жывых, даводзім разам з архітэктарам Сяргеем Букатам. Калі Целяпнёў у складзе журы разглядаў кіпу прапановаў — дзясяткі ідэй манумэнталістаў, скульптараў, мастакоў — узяў адну частку праекту ў нас з Аляксеем, які мы рабілі на ўсю станцыю, другую — у Максіма. Яны сутнасна зьвязаныя, будзе арганічна. Дзьве сьцяны, на якіх сымбалічная кніга, слова, пляценьне. І ткацкі станок, які „тчэ“ прароцкія цытаты клясыка».
Па словах скульптара, перакласьці паэзію на мову сучаснай скульптуры і перадаць праз такія матэрыялы, як латунь, сылюмін, нержавеючая сталь, аказалася ня так проста. Але ён разьлічвае, што ўрэшце прачытаецца менавіта тое, што было задумана.
«Адна справа — задумка, мадэль, і зусім іншае — манумэнтальны памер. Мы яго ўбачым амаль разам з усімі, калі нарэшце змантуем. Пакуль што ўсё разабрана па кавалачках, па нітачках. Трэба за месяц усё саткаць у адзіны малюнак — як у старыя часы гэта рабілі ткачыхі, зьбіраючы фрагмэнты ў адзін пояс. Шлях ад нітачкі да палатна. Мяркую, такі сымбаль будзе вельмі цікавы. Прынамсі, гэта ня тое, што можна разгадаць адразу і адназначна. Паспрабуем данесьці да наступных пакаленьняў частку таго, што было прадметам для народнай творчасьці, натхняла на паэзію».
На творы, стылізаваным пад ткацкі станок, будзе цытата Мацея Бурачка (адзін з псэўданімаў Францішка Багушэвіча), адаптаваная мовазнаўцамі Акадэміі навук пад сучаснае напісаньне, з прадмовы да паэтычнага маніфэсту нацыянальна-культурнага адраджэньня «Дудка Беларуская».
На думку аўтараў праекту, гэтае выказваньне максымальна ляканічна фармулюе тое, што ў той час хвалявала аўтара, але актуальна і па сёньня.
«Можа, хто спытае, дзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, дзе наша мова жывець: яна ад Вільні да Мазыра, ад Віцебска за малым не да Чарнігава, дзе Гродна, Міньск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак...»