Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьня Мікіту Емяльянава накіруюць у «крытую турму», магчыма ў Магілёве


Мікіта Емяльянаў у судзе, архіўнае фота
Мікіта Емяльянаў у судзе, архіўнае фота

Анархіста Мікіту Емяльянава, які адбывае пакараньне ў Бабруйскай калёніі, на пачатку чэрвеня зьбіраюцца накіраваць для далейшага адбыцьця пакараньня ў крытую турму. Пра гэта палітвязень паведаміў у лісьце да сваёй маці Анастасіі Емяльянавай.

«Вось перада мной апошні ліст Мікіты. Піша, што цяпер знаходзіцца ў ПКТ (гэта памяшканьне камэрнага тыпу), дзе прабудзе да 7 чэрвеня, а тады яго перавязуць у крытую турму. Ён думае, што, хутчэй за ўсё, у Магілёў. А 21 траўня яго павядуць на камісію, якая будзе вырашаць зьмену для яго рэжыму ўтрыманьня. Цяпер у яго ўзмоцнены, а ў крытай турме будзе строгі рэжым, хутчэй за ўсё, так. Вынікі мне невядомыя», — сказала Анастасія Емяльянава.

У Бабруйскай калёніі дзяжурны пацьвердзіў, што пры пераводзе зьняволенага з калёніі ў турму рэжым утрыманьня мяняецца на больш строгі, але зьвесткі пра вязьня Мікіту Емяльянава ўдакладніць ня змог. «Да мяне такую інфармацыю не даводзяць. Ягоным сваякам ён сам напіша», — сказаў дзяжурны.

Палітвязьню Мікіту Емяльянаву 20 гадоў. З красавіка ён адбывае пакараньне ў Бабруйскай калёніі. Паводле маці вязьня, за адмову падпісваць згоду на перавыхаваньне і супрацоўніцтва з адміністрацыяй Мікіта Емяльянаў на 5 дзён трапіў у карцэр, потым яшчэ месяц быў у карантыне, цяпер ён у ПКТ. Маці Мікіта Емяльянаў піша, што зь ім усё нармальна, на здароўе ня скардзіцца.

«Але гэта ён мне так піша, каб мяне супакоіць, а сябрам — іншае. Што ў яго трывалыя болі ў сьпіне, бо ў карцэры, дзе ён часта сядзіць, на ложку няма матрацаў. Таму сьпіна і баліць», — кажа Анастасія Емяльянава.

Актывіст анархісцкага руху Зьміцер Паліенка лістуецца зь Мікітам Емяльянавым. Зьміцер Паліенка кажа, што ня ўсе лісты, якія ён дасылае Мікіту, даходзяць да адрасата, гэтаксама і ад Мікіты ён атрымлівае ня ўсе лісты. Зьміцер пацьвердзіў, што Мікіту Емяльянава зьбіраюцца накіраваць у крытую турму.

«Мне ён пра гэта таксама напісаў. Ведаю, што 21 траўня яго павядуць на камісію, якая будзе вырашаць, ці накіраваць яго ў турму з адпаведнай зьменай рэжыму», — сказаў Зьміцер Паліенка. Былы палітвязень пацьвердзіў таксама, што сябар пісаў яму пра трывалыя болі ў сьпіне пасьля сутак, праведзеных у карцэры.

Мікіта Емяльянаў асуджаны на 4 гады за тое, што летась кінуў «кактэйль Молатава» ў СІЗА на вуліцы Валадарскага і лямпачку з фарбай у будынак Менскага гарадзкога суду. Мікіта Емяльянаў прызнаваў, што зрабіў гэта на знак пратэсту супраць рэпрэсій адносна актывістаў анархісцкага руху.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG