Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020
Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020

Людзі выйшлі на вуліцы пасьля нерэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы. Адбыліся затрыманьні

Усё, што варта ведаць пра выбарчую кампанію ў Беларусі, якая адбываецца ва ўмовах пандэміі каранавірусу.

Амапавец на судзе над Ціханоўскім: «Ён найбольш інтэнсіўна стараўся пайсьці з плошчы»

Паводле адміністрацыйнага пратаколу, Ціханоўскі 29 траўня на Савецкай плошчы ў Горадні каля 20.00 пры спробе затрыманьня не падпарадкаваўся супрацоўнікам міліцыі Дзьмітрыю Рахунку і Будніку, упіраўся.

«Мне толькі незразумела, чаму з гэтым пратаколам мяне ніхто ніколі не азнаёміў», — паведаміў Сяргей Ціханоўскі.

Сьведкам выступіў камандзір роты АМАП УУС Горадзенскага аблвыканкаму Дзьмітры Рахунок. Ён гаварыў вельмі ціха. Судзьдзя некалі разоў прасіў гаварыць яго гучней.

Паводле Рахунка, «у той дзень, калі адбыліся ўсе гэтыя падзеі» (даты ён не памятаў) ён вёў ахову грамадзкага парадку на Савецкай плошчы, знаходзіўся ў рэзэрве. Каля 20.00 паступіў сыгнал аб гвалце ў дачыненьні да міліцыянта. На месцы Рахунок убачыў вялікае згуртаваньне людзей, міліцыянта, які ляжаў на зямлі. Людзі пачалі разыходзіцца. Ад месца падзей адыходзіў і Ціханоўскі, да яго накіраваўся Рахунок з паплечнікам Буднікам. Абодва былі ў чорнай форме.

Па словах Рахунка, яны прадставіліся, папрасілі прайсьці, узялі пад рукі без ужываньня гвалту «ў мэтах асабістай бясьпекі», каб Ціханоўскі не махаў рукамі, не зрабіў шкоды міліцыянтам. Па дарозе, па словах Рахунка, Ціханоўскаму патлумачылі прычыну затрыманьня.

Што было далей >>

Незалежнасьць — каштоўнасьць для большасьці. Што новага можна даведацца пра беларусаў з нацыянальнага апытаньня

Паводле таго, як удзельнікі апытаньня ацэньваюць сваё асяродзьдзе, дасьледчыкі ўмоўна падзялілі грамадзтва на чатыры кластэры.

  • «Сьвядомыя» (11%) — гэта людзі, у якіх сфармавалася нацыянальная ідэнтычнасьць.
  • «Савецкія» (34%) — групу назвалі так не таму, што яны хочуць вярнуць Савецкі Саюз. Гэта людзі, для якіх важныя каштоўнасьці і ўсё тое добрае, што трансьлявала савецкая дзяржава.
  • «Абыякавыя» (25%) — гэта сэгмэнт, які, кажуць дасьледчыкі, можна назваць нават беларусафобскім, таму што для іх беларускія нацыянальныя каштоўнасьці не характэрны і яны да беларускага могуць ставяцца нават з пагардай. Філіп Біканаў тлумачыць, што гэта, пэўна, адзін з сэгмэнтаў, які дагэтуль лічыць беларускую мову прыкметай нейкай вясковасьці ці «калгаснасьці». Але ў гэтай групе і найбольш касмапалітызму. Для яе важныя крытэры посьпеху, кар’еры і да т.п.
  • «Канформныя» (30%). Дэ-факта гэты сэгмэнт — прадукт цяперашняй беларускай сыстэмы.

Тры галоўныя высновы дасьледаваньня «Каштоўнасьці і нацыянальная ідэнтычнасьць беларусаў»:

  • незалежна ад адрозьненьняў у поглядах, незалежнасьць — істотная каштоўнасьць для большасьці беларусаў;
  • большасьць апытаных лічыць, што ў Беларусі дэмакратычныя правы не забясьпечваюцца;
  • грамадзтва застаецца фрагмэнтаваным, але беларусы гатовыя да салідарнасьці і грамадзкай актыўнасьці. Іх стрымлівае страх і зьняверанасьць.

Чытаць падрабязьней >>

«Аб’яднаньне магчымае», але яшчэ рана. Цапкала даў прэс-канфэрэнцыю пра непрызнаныя тысячы подпісаў

Валер Цапкала заявіў, што ягоны штаб сабраў 212 тысяч подпісаў, зь іх у тэрытарыяльныя камісіі перадалі каля 160 тысяч. Іх правяралі ў тры этапы: на абласным узроўні, у штабе і ў незалежнай рэвізійнай камісіі. Ён мяркуе, што гэтая працэдура была самай строгай. Цяпер ягоны штаб падрыхтаваў звароты ў выбаркамы пра акты адбракоўкі подпісаў — хоча правесьці апытаньні тых людзей, чые подпісы адбракавалі.

«Давайце спачатку пройдзем працэс юрыдычны, — адказаў ён пра аб’яднаньне зь іншым кандыдатам. — Пасьля, безумоўна, мы будзем з кімсьці з тых людзей, хто застанецца ў сьпісе кандыдатаў у прэзыдэнты, калі гэта не акажамся мы, то так, мы думаем, што такое аб’яднаньне магчымае».

Што яшчэ казаў Цапкала >>

Ярмошына патлумачыла, адкуль у Чэрачня дадатковыя подпісы, і адрэагавала на непрызнаньне подпісаў за Цапкалу

«Гэта яшчэ адзін доказ таго, што некаторыя прэтэндэнты наогул не кантралююць дзейнасьць сваіх ініцыятыўных групаў», — заявіла старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына аб сытуацыі з колькасьцю подпісаў за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты Сяргея Чэрачня.

Пасьля заканчэньня збору подпісаў сам Чэрачань паведаміў, што яго ініцыятыўная група сабрала 106,5 тысячы подпісаў. Аднак ЦВК за яго кандыдатуру прызнаў сапраўднымі 143 109 подпісаў.

Узмацніць, працягнуць, забясьпечыць. Лукашэнка дачасна даў перадвыбарчыя абяцаньні

Аляксандар Лукашэнка падпісаў распараджэньне «Аб дадатковых мерах у вырашэньні актуальных пытаньняў жыцьцядзейнасьці насельніцтва».

Дакумэнт грунтуецца на пытаньнях, якія паступілі падчас збору подпісаў у падтрымку вылучэньня кандыдатам у прэзыдэнты самога Лукашэнкі.

Прадугледжваецца штоквартальная справаздачнасьць аб выкананьні даручэньняў. Кантроль забясьпечаць КДК і прэзыдэнцкая адміністрацыя. Гэтыя абяцаньні носяць перадвыбарчы характар, хоць афіцыйна кандыдатам на прэзыдэнта Лукашэнка яшчэ ня стаў.

Што каму паабяцаў >>

Бабарыку не зарэгіструюць за «памылкі» ў дэклярацыі аб даходах і маёмасьці, — прагноз аналітыка

Здаецца, ніколі раней не было такога маштабу маніпуляцый падчас выбарчай кампаніі. Прычым гэтыя маніпуляцыі ладзяцца дэманстратыўна. Кіраўніцтва дзяржавы паказвае грамадзтву, што ніякія законы, правілы, уяўленьні аб прыстойнасьці ўжо ня дзейнічаюць. Выбарчыя камісіі, як і ЦВК, нічога не вырашаюць. Палітычная мэтазгоднасьць замяніла заканадаўства. Там, на самым версе, знаходзяцца ў стане пэўнай разгубленасьці, хапаюцца то за адзін рычаг, то за другі, разважае ў новым блогу аналітык Свабоды Валер Карбалевіч. Чытайце па спасылцы.

Telegram-супольнасьць Беларусі заклікала падтрымаць зьняволеных. Заяву падпісалі дзясяткі каналаў

Больш за 70 беларускіх Telegram-каналаў падпісалі супольную заяву аб палітычных рэпрэсіях супраць блогераў у Беларусі. На момант публікацыі заяву праглядзелі больш як 150 тысяч разоў.

Адміністратары каналаў асуджаюць затрыманьні і перасьлед беларускіх блогераў з «надуманых нагодаў», абвінавачваюць беларускія ўлады ў парушэньні Канстытуцыі і стварэньні пагрозы базавым правам грамадзянаў. Цалкам чытайце тут.

Ціханоўскі пра інцыдэнт у Горадні: «Невядомыя зладзілі правакацыю на загад дыктатара Лукашэнкі»

Зьняволены ў СІЗА палітвязень Сяргей Ціханоўскі падчас адміністрацыйнага суду над ім, які прайшоў у Горадні, змог публічна выказацца пра матывы сваёй крымінальнай справы, інцыдэнт у Горадні 29 траўня, пасьля якога яго затрымалі, і 900 тысяч даляраў, знойдзеныя сьледчымі на лецішчы ягонай маці пад Гомлем. Чытайце рэпартаж Свабоды з суду па спасылцы.

Спэцдакладчыкі ААН заклікалі беларускія ўлады спыніць гвалт у выбарчай кампаніі

Экспэрты ААН 1 ліпеня запатрабавалі ад беларускіх уладаў устрымацца ад гвалту над мірнымі ўдзельнікамі акцый перад прэзыдэнцкімі выбарамі 9 жніўня. Яны заклікалі афіцыйны Менск адмовіцца ад палітыкі адвольных арыштаў, гвалту і запалохваньня супраць актывістаў грамадзянскай супольнасьці.

Незалежныя экспэрты заявілі, што толькі з 18 чэрвеня пры правядзеньні мірных дэманстрацый па ўсёй краіне было арыштавана як мінімум 200 палітычных актывістаў, праваабаронцаў, журналістаў, блогераў і іншых прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці. Далей чытайце па спасылцы.

«Дык чаму манастыр чужы?» Пагаварылі з бабруйчанінам, які сабраў 800 подпісаў за Бабарыку і зьвярнуўся да Ярмошынай

Відэазварот 29-гадовага Андрэя Карэліна да старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай сабраў больш за 100 тысяч праглядаў «Укантакце». Сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі абурыўся стаўленьнем чыноўніцы да ахвочых стаць чальцамі выбарчых камісіяў, якіх яна назвала «супрацьлеглым бокам» ды заявіла, што «в чужой монастырь со своим уставом не ходят». Сам ён таксама спрабаваў трапіць ва ўчастковую камісію, але марна.

У інтэрвію Свабодзе бабруйчанін дзеліцца ўражаньнямі ад удзелу ў выбарчай кампаніі ды разважае пра пасьлявыбарчыя пэрспэктывы. Чытайце па спасылцы.

Выбары ва ўмовах няспынных рэпрэсій, — праваабаронцы пра вынікі чэрвеня-2020

Выбарчая кампанія ў Беларусі праходзіць на фоне бесьперапынных рэпрэсій і ў атмасфэры запалохваньня, гаворыцца ў штомесячнай справаздачы Праваабарончага цэнтру «Вясна».У дакумэнце адзначаецца, што ў чэрвені назіралася рэзкае пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека ў краіне.

Колькасьць палітвязьняў вырасла да 22, што супастаўна з найбольш цяжкім крызісам з правамі чалавека ў 2010–2011 гадах. Эўразьвяз і ЗША запатрабавалі вызваліць затрыманых і правесьці сумленныя і справядлівыя выбары. Далей чытайце тут.

Акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю прайшла каля сядзібы Эўрапарлямэнту. ФОТА

Каля 30 чалавек 1 ліпеня правялі акцыю пратэсту каля будынку Эўрапарлямэнту ў Брусэлі. Удзельнікі акцыі патрабавалі вызваленьня палітвязьняў і забесьпячэньня свабодных і справядлівых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

Яны трымалі плякаты з надпісамі «Спыніць дыктатара ў Беларусі», «Беларусь для жыцьця, не для турмаў», «Беларусь — расейская турма», «Спыніць тырана». У акцыі прынялі ўдзел і дэпутаты Эўрапейскага парлямэнту. Глядзіце фота па спасылцы.

Бабарыка зьдзівіўся, што 200 тысяч подпісаў прызналі несапраўднымі

На сустрэчы зь Віктарам Бабарыкам адвакат Дзьмітры Лаеўскі распавёў яму пра вынікі праверкі камісіямі подпісамі, сабраных за яго. З 365 тысяч подпісаў камісіі прызналі сапраўднымі толькі 165 744 подпісаў. Бабарыка, са словаў адвакату, вельмі зьдзівіўся такому рашэньню, але ўспрымае ўсё па філязофскі. Цалкам чытайце тут.

У 85% выбаркамаў Фрунзэнскага раёну 9 і больш сябраў камісіі — працавалі і на парлямэнцкіх выбарах 2019 году

Назіральнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Аляксей Лойка параўнаў склады ўчастковых выбарчых камісій Фрунзенскага раёну Менску падчас парлямэнцкай кампаніі восеньню 2019 году і сёлетняй прэзыдэнцкай кампаніі.

Сярод 122 участковых выбарчых камісій Фрунзенскага раёну 85% выбаркамаў на выбарах прэзыдэнта паводле складу ад 9 і больш чалавек супадаюць са складам выбаркамаў на парлямэнцкіх выбарах 2019 году, а менавіта:

  • 16% — супадаюць 13 з 13 чалавек
  • 20% — супадаюць 12 з 13 чалавек
  • 20% — супадаюць 11 з 13 чалавек
  • 23% — супадаюць 10 з 13 чалавек
  • 6% — супадаюць 9 з 13 чалавек
  • 15% — выбаркамы, якія не супадаюць больш чым на 8 сябраў камісіі

«За Лукашэнку падпісаўся? — Ня буду». Трэнэр Унівэрсытэту фізкультуры звальняецца з працы

Трэнэру з Унівэрсытэту фізычнай культуры Сяргею Шабанаву сказалі шукаць працу, бо скарачаецца стаўка. Сяргей мяркуе, што ўнівэрсытэту не даспадобы ягоныя палітычныя погляды. Але ягоны начальнік гэта абвяргае.

Сяргей Шабанаў у размове з Радыё Свабода адразу заўважыў, што пра ягонае вальнадумства ва ўнівэрсытэце ведалі даўно. Пра верагоднае звальненьне першы раз загаварылі тры месяцы таму. Збор подпісаў, мяркуе трэнэр, стаў пунктам невяртаньня. Чытайце інтэрвію па спасылцы.

Канапацкая пра лічбы ад ЦВК і рэпрэсіі. УЖЫВУЮ

Прэтэндэнтка на пасаду прэзыдэнта Ганна Канапацкая ў жывым эфіры адказвае на пытаньні Свабоды пра лічбы ад Цэнтральнай выбарчай камісіі, шанцы на рэгістрацыю, эфэктыўнасьць розных паліттэхналёгій, імавернасьць аб’яднаньня патэнцыйных кандыдатаў і рэпрэсіі супраць удзельнікаў кампаніі.

«Была каманда затрымліваць усіх датычных». У Горадні асудзілі каардынатара ініцыятыўнай групы Ціханоўскай

Зборшчыка подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую Зьмітра Фурманава, якога затрымалі на пікеце разам з крэслам, асудзілі за непадпарадкаваньне міліцыі. Гэта ўжо шосты фігурант крымінальнай «справы Ціханоўскага», якога асудзілі паводле адміністрацыйнай справы. Зьміцер Фурманаў 29 траўня на Савецкай плошчы зьбіраў подпісы за патэнцыйную кандыдатку ў прэзыдэнты, калі яго затрымалі. Рэпартаж з суду чытайце па спасылцы.

ЦВК абяцае паказаць забракаваныя подпісы. Але толькі самому прэтэндэнту

Рэкардсмэны па «забракаваных» подпісах — Віктар Бабарыка і Валер Цапкала. Ганьне Канапацкай і Сяргею Чэрачню ЦВК залічыла амаль на траціну больш подпісаў, чым тыя лічбы, якія называлі самі прэтэндэнты.

Свабода высьвятляла, як такое магло адбыцца. І даведалася, што скаргі штабу Віктара Бабарыкі ЦВК можа не разглядаць, бо ён у СІЗА, а з вынікамі праверкі мае права азнаёміцца толькі прэтэндэнт асабіста. «Што тычыцца зваротаў грамадзян, якія лічаць, што іх подпісы прызнаныя несапраўднымі, заканадаўча працэдура не прадугледжаная. Камісія не абавязаная шукаць ваш подпіс», — сказалі ў ЦВК. Чытайце матэрыял па спасылцы.

Дзе ў Менску дазволілі агітаваць перад прэзыдэнцкімі выбарамі. ФОТА

Менскі гарвыканкам 25 чэрвеня вызначыў месцы для правядзеньня перадвыбарчай агітацыі на сьвежым паветры. На ўсю сталіцу іх шэсьць. І гэта далёка ня самыя людныя мясьціны гораду. У Кастрычніцкім, Партызанскім і Першамайскім раёнах месцаў для вулічнай агітацыі на прэзыдэнцкіх выбарах увогуле няма. Свабода прапануе паглядзець, дзе можна агітаваць на сёлетніх выбарах.

На дапамогу рэпрэсаваным у Беларусі сабралі ўжо больш за $100 тысяч

Збор кампаніі BY_help за шэсьць дзён прайшоў бар’ер 100 тысяч даляраў, паведаміў мэдыякансультант Аляксей Лявончык, які запусьціў у фэйсбуку краўдфандынг для падтрымкі сямей затрыманых па палітычных справах беларусаў.

Усе сабраныя сродкі маюць пайсьці на аплату штрафаў і адвакатаў затрыманых, сказана ў апісаньні краўдфандынгу.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG