Кругавая абарона Лукашэнкі: Ад Пуціна да Ціханоўскага
Ці працуе вобраз Лукашэнкі як абаронцы сувэрэнітэту ад замежнай навалы? Ці ўдалося яму спыніць «спакойнае расхістваньне сытуацыі»? Ці варта заклікаць людзей на Плошчу без гарантыяў посьпеху?
Гэтыя тэмы ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць кіраўнік аналітычных праектаў БелаПАН Аляксандар Класкоўскі і аглядальнікі Свабоды Валер Карбалевіч і Юры Дракахруст.
Сьцісла:
Карбалевіч
- Мы пачулі, што ва ўсім сьвеце адбываюцца суцэльныя катаклізмы і адусюль паходзяць пагрозы, Беларусь у атачэньні ворагаў
- Галоўнае пасланьне Лукашэнкі грамадзтву палягае ня ў тым, што я вам прапаную нейкую цудоўную будучыню, вялікія пляны ці пэрспэктывы. Галоўнае, я ўсіх заткну
- Пакуль я бачу, што большасьць пратэстоўцаў не гатовыя да сілавога супрацьстаяньня зь міліцыяй, да рэвалюцыі
- Якая цана свабоды? Якія ахвяры можна прынесьці на алтар свабоды? Гэта ня толькі беларуская, а агульначалавечая праблема
Класкоўскі
- Можна зразумець, чаму Лукашэнка асядлаў гэтага канька абароны незалежнасьці ад Расеі. Няма больш пра што гаварыць, па вялікім рахунку
- Калі Лукашэнка паўтарае, што мы саюзьнікі не разьлі вада — гэта ў значнай ступені разбурае наратыў, які ён зараз спрабуе накінуць разам са сваёй прапагандай, што «рука Масквы» хоча паваліць краіну
- Мой прагноз: Лукашэнка на 99% утрымае ўладу падчас выбарчай кампаніі
- У Салігорску Лукашэнка казаў, што не выключае, што апанэнты паклічуць на дапамогу суседнюю дзяржаву. Намёк на Расею. Маўляў, калі будзеце тут ладзіць Майданы, то ў выніку прыедзе Пуцін на танку
У Бабарыкі ў Фрунзенскім раёне Менску забракавалі паўсотні тысяч подпісаў
У Віктара Бабарыкі ў гэтым раёне было 47 тысяч подпісаў, у Валерыя Цапкалы – 17,8 тысяч подпісаў, іх таксама забракавалі. Ва ўсіх іншых прэтэндэнтаў подпісы прызнаныя сапраўднымі.
«Псіхо3%». Кіроўцу аштрафавалі за налепкі на аўтамабілі і за непадпарадкаваньне
Першамайскі суд Менску пакараў штрафам кіроўцу Андрэя Ляўшыцкага за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі на 10 базавых, і на 2 базавых — за налепкі на аўтамабілі: герб «Пагоня» і «Псіхо3%». Яго машыну паставілі на штрафстаянку. Кіроўцу суткі пратрымалі ў пастарунку.
Фігуранты «справы Ціханоўскага». Сяргей Калмыкоў
20-гадовы гарадзенец Сяргей Калмыкоў — адзіны абвінавачаны ў «справе Ціханоўскага», які пасьля затрыманьня апынуўся на волі. Разам са сваёй дзяўчынай Ірынай ён 29 траўня прыйшоў на Савецкую плошчу падпісацца за Сьвятлану Ціханоўскую. Пачалася мітусьня, Калмыкова затрымалі. Яму прад’явілі абвінавачваньне: гвалт у дачыненьні да міліцыянта.
Адміністратару чату «Браслаў для жыцьця» прысудзілі пяць сутак арышту
Суд над Канстанцінам Далецкім адбыўся 29 чэрвеня. На яго склалі пратакол паводле артыкулу 23.34 — за парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.
Браслаўчаніна пакаралі пяцьцю суткамі арышту. Паводле жонкі затрыманага Алёны Далецкай, на судзе выступіў сьведка, які сьцьвярджаў нібыта Канстанцін хадзіў па вуліцы і заклікаў людзей зьбірацца каля «Эўраопту» 21 чэрвеня. Што гэта за мужчына, Алёна ня ведае.
Канстанціна Далецкага затрымалі 26 чэрвеня. Трое сутак ён ужо правёў за кратамі.
«Зь першага дня Косьця абвясьціў галадоўку — у знак пратэсту, — кажа Алёна. — Цяпер да яго два разы на дзень стала прыяжджаць хуткая».
Amnesty International прызнала вязьнямі сумленьня Бабарыкаў, Ціханоўскага і іх арыштаваных паплечнікаў
Беларускія ўлады груба праігнаравалі абавязаньні ў правах чалавека, у тым ліку свабоду думкі. Апазыцыйныя кандыдаты і іх прыхільнікі перасьледуюцца і запалохваюцца, гаворыцца ў заяве Amnesty International.
«Кіраўніцтва Беларусі павінна спыніць крымінальны перасьлед, запалохваньне і рэпрэсіі супраць апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі, актывістаў грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ», — заявілі ў міжнароднай праваабарончай арганізацыі.
Адзначаецца, што сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагаршаецца. Падчас выбарчай кампаніі патэнцыйныя кандыдаты, чальцы іх камандаў і прыхільнікі зазналі рэпрэсіі — ад затрыманьняў да крымінальнага перасьледу і закрыцьця бізнэсу.
Amnesty International заяўляе, што лічыць Сяргея Ціханоўскага і восем чалавек, арыштаваных разам зь ім (Яўгена Рэзьнічэнку, Дзьмітрыя Фурманава, Уладзімера Навуміка, Вяргілія Ўшакова, Аляксандра Арановіча, Сяргея Калмыкова, Васіля Баброўскага і Арцёма Сакава), вязьнямі сумленьня. Праваабаронцы заклікаюць вызваліць зьняволеных.
Калінкіна: Для Лукашэнкі ўлада — галоўная каштоўнасьць, галоўная мэта, галоўнае каханьне
Публіцыстка Сьвятлана Калінкіна разважае пра галоўную каштоўнасьць і галоўны страх Лукашэнкі, заяўляе, што ў кіраўніка дзяржавы няма ніводнага пераканаўчага аргумэнту, чаму ён павінен застацца ва ўладзе, і сьцьвярджае, што Лукашэнка цяпер можа мяняцца толькі ў горшы бок.
Сьцісла:
- Страхі Лукашэнкі наконт адстаўкі даўно зьяўляюцца тым, з дапамогай чаго ім маніпулююць
- Генэралы яго палохаюць — «вас заб’юць, павесяць дагары нагамі, будуць судзіць» — і, можа, ён у гэта нават верыць
- Лукашэнка па-ранейшаму ходзіць па фэрмах і глядзіць на кароваў, а сьвет распрацоўвае штучны інтэлект
- За гэтыя гады ён столькі надаваў абяцаньняў, што валасоў у яго на галаве, напэўна, менш
- Выбары стануць дэтанатарам, зь якога пачнецца хваля незадаволенасьці і патрабаваньня зьменаў
Цапкала параўнаў уплыў Расеі і ЗША на законнасьць выбараў у Беларусі
Адзін з патэнцыйных супернікаў Аляксандра Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах Валер Цапкала заявіў, што Расея можа адыграць больш важную ролю ў забесьпячэньні законнасьці выбараў у Беларусі, чым ЗША ці Эўразьвяз.
Цапкала адзначыў, што невялікія дзяржавы, як Беларусь, вельмі залежаць ад уплыву суседзяў, а інвэстыцыйны клімат наўпрост залежыць ад рэпутацыі найвышэйшага кіраўніцтва.
«Справа нават не ў Эўропе і Амэрыцы, — растлумачыў Цапкала. — Мы спадзяёмся, што будзе і пазыцыя расейскага кіраўніцтва, якое выступіць за закон, за тое, каб гэтыя законы выконваліся ў „саюзнай дзяржаве“. Мне здаецца, ад пазыцыі Расеі будзе вельмі шмат што залежаць, я думаю, у меншай ступені гэта будзе залежаць ад пазыцыі Злучаных Штатаў ці Эўропы.
Вядома, пры любой гульні трэба рабіць больш-менш нармальную міну, каб сьвет цябе ўспрымаў. Трэба паказваць бачнасьць хаця б законных дзеяньняў для сваіх грамадзян».
Беларускія праваабаронцы прызналі блогера Ігара Лосіка палітвязьнем
У сувязі з затрыманьнем блогера і адміністратара Telegram-каналу «Беларусь головного мозга», фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка праз падазрэньне ў «арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (арт. 342 КК) і выбарам меры стрыманьня ў выглядзе ўтрыманьня пад вартай прадстаўнікі праваабарончай супольнасьці Беларусі прызналі Ігара Лосіка палітычным зьняволеным.
Ігара Лосіка патрабуюць неадкладна вызваліць, а крымінальны перасьлед спыніць. Справу супраць яго назвалі палітычна матываванай на наступны дзень пасьля затрыманьня.
Беларускія праваабаронцы раней прызнавалі палітычнымі зьняволенымі Сяргея Ціханоўскага і ягоных паплечнікаў, Віктара Бабарыку і фігурантаў «справы Белгазпрамбанку».
Amnesty International патрабавала вызваліць арыштаваных у Беларусі блогераў і актывістаў, у тым ліку Лосіка. Арыштаваных раней Бабарыку, Ціханоўскага і іхных паплечнікаў ужо прызналі вязьнямі сумленьня.
Подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў адхіляюць па ўсёй краіне. Мінус 6527 за Цапкалу ў Горадні. Абнаўляецца
На паседжаньнях у тэрытарыяльных камісіях па выбарах прэзыдэнта Беларусі 29 чэрвеня адхілілі дзясяткі тысяч подпісаў за Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу. 30 чэрвеня паступаюць новыя зьвесткі пра адхіленьне подпісаў. Свабода сочыць за разьвіцьцём сытуацыі.
На паседжаньнях выбаркамаў у Горадні, піша кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары», адхілілі подпісы за Цапкалу, Дзьмітрыева і Бабарыку.
У Ленінскім раёне паведамілі пра выяўленьне больш як 15% несапраўдных подпісаў за Валера Цапкалу і Андрэя Дзьмітрыева. Адхілілі адпаведна ўсе 6527 за Цапкалу і 208 за Дзьмітрыева. Прынялі подпісы за Аляксандра Лукашэнку (32 584), Сяргея Чэрачня (4890), Віктара Бабарыку (4670), Сьвятлану Ціханоўскую (2420) і Ганну Канапацкую (208).
Раней было вядома, што ў Кастрычніцкім раёне Горадні прызналі недакладнымі 7268 подпісаў за Бабарыку і 346 за Дзьмітрыева. Прынялі подпісы за Лукашэнкку (51 712), Цапкалу (9399), Ціханоўскую (3382), Чэрачня (1751), Канапацкую (145). Несапраўдныя подпісы выяўлялі ва ўсіх іх, у тым ліку за Лукашэнку не прынялі 79 подпісаў, пасьля праверылі яшчэ 23% з 52 тысяч і прызналі 4,3% з таго несапраўднымі.
Папярэджаньні і штрафы. 30 чэрвеня працягваюць судзіць за «ланцугі салідарнасьці». Абнаўляецца
За 29 чэрвеня ў Беларусі прысудзілі сумарна 65 сутак арышту і 2457 рублёў штрафаў удзельнікам «ланцуга салідарнасьці» 19 чэрвеня і іншых палітычных акцыяў. 23 падсудным вынесьлі папярэджаньні. 30 чэрвеня суды працягнуліся.
Раней над удзельнікамі «ланцугоў салідарнасьці» прайшло больш за 100 судоў, затрымлівалі людзей на акцыях у 19 розных гарадах. Толькі за гэтыя акцыі прысудзілі агулам больш за сотню сутак арышту і штрафы больш як на 50 тысяч рублёў. А агулам з пачатку выбарчай кампаніі арыштаў набралася больш як на чатыры гады, штрафаў — больш як на паўтары сотні тысяч рублёў. Усе прысуды за 30 чэрвеня глядзіце па спасылцы (абнаўляецца).
Прафсаюзы, праўладныя аб’яднаньні, камуністы. Хто будзе назіраць за выбарамі
ЦВК дала папярэднія зьвесткі пра назіральнікаў за прэзыдэнцкімі выбарамі, ужо акрэдытаваных выбарчымі камісіямі. Больш за ўсіх назіральнікаў вылучылі грамадзкія аб’яднаньні — 17 655 чалавек, большасьць зь іх акрэдытавалі ва ўчастковыя выбарчыя камісіі — 16 902.
Лідэры тут — сябры праўладных Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, грамадзкага аб’яднаньня «Белая Русь», БРСМ, Беларускага саюзу жанчын і Беларускага аб’яднаньня вэтэранаў. На другім месцы — грамадзяне, якія падалі заявы ў выбарчыя камісіі (такіх зарэгістравалі 2814). Далей ідуць прадстаўнікі працоўных калектываў (1312) і палітычных партый (612).
З партый больш за ўсіх назіральнікаў накіравалі Камуністычная партыя Беларусі (478), Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці (103), Сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды (21). Меней за ўсіх назіральнікаў накіравалі Лібэральна-дэмакратычная партыя (2) і Партыя БНФ (1).
Сьпікер Палаты прадстаўнікоў заявіў, што пад выглядам перадвыбарных мерапрыемстваў ладзяцца правакацыі
«На жаль, у Беларусі пэўныя сілы кожны раз спрабуюць выкарыстаць выбарчую кампанію не на карысьць краіны, а каб разгайдаць сацыяльна-палітычную сытуацыю. Цяперашнія выбары не выключэньне. Мы бачым спробы, якія падтрымліваюцца звонку, пасеяць раскол у грамадзтве, выклікаць народу недавер да ўлады, спэкулюючы на тэме пандэміі і зьвязаных зь ёй эканамічных цяжкасьцях», — сказаў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка на закрыцьці другой сэсіі. Цалкам чытайце тут.
Лукашэнка «даў сыгнал зь Ціханоўскім». Ці гэта законна, разьбіраемся з экспэртамі
«Так, я даў сыгнал зь Ціханоўскім. Я нешта ня так зрабіў?» — гэтак Аляксандар Лукашэнка згадаў справу блогера Сяргея Ціханоўскага, кіраўніка ініцыятыўнай групы кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай. Ці можа кіраўнік дзяржавы такім чынам «даваць сыгналы»? Разьбіраліся з экспэртамі.
«Выбары ў Беларусі скончыліся, пачалася кампанія супрацьстаяньня», — Дзьмітрыеў падаў дакумэнты ў ЦВК
Сустаршыня грамадзкага аб’яднаньня «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў 30 чэрвеня падаў у Цэнтравыбаркам дакумэнты на рэгістрацыю кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі, паведамляе БелаПАН.
«Я лічу, што ў прынцыпе практычна можна казаць пра тое, што выбары ў Беларусі скончыліся, пачалася рэальная кампанія супрацьстаяньня», — заявіў Дзьмітрыеў да прыёму ў ЦВК. На пытаньне, чаму ў сытуацыі абсалютнага беззаконьня ён працягвае прэзыдэнцкую кампанію, ён адказаў, што «трэба проста выкарыстоўваць гэтую кампанію, каб гаварыць пра гэта беззаконьне, дамагацца вызваленьня Бабарыкі, Ціханоўскага, Лосіка, усіх».
Дзьмітрыеў заявіў, што ў выпадку нерэгістрацыі ён і яго каманда будуць гатовыя падтрымаць усіх прэтэндэнтаў, за выключэньнем Аляксандра Лукашэнкі і Ганны Канапацкай, якая «дазваляе сабе абражаць чалавека, які сядзіць у турме за палітычныя погляды». Цалкам чытайце тут.
«Гэта будзе сапраўдны мужчынскі ўчынак — сысьці, не чакаючы 9 жніўня», — актывістка жаночага руху зьвярнулася да Лукашэнкі
Лідэрка Жаночага незалежнага дэмакратычнага руху праз Свабоду зьвярнулася да Аляксандра Лукашэнкі з заклікам спыніць рэпрэсіі, вызваліць усіх палітвязьняў і сысьці, не чакаючы 9 жніўня. «Гэта ня будзе вашай паразай. Гэта будзе галоўны і сапраўдны мужчынскі ўчынак у вашым жыцьці!» — перакананая Людміла Пеціна.
«Аляксандар Рыгоравіч, вы ня мой прэзыдэнт і ніколі вы ім не былі для мяне. Я не выбірала вас ні ў 1994, ні ў наступныя гады. Для мяне вы чалавек ня толькі ўчорашняга дня, а чалавек зь цёмных трыццатых мінулага стагодзьдзя, натхнёны Гітлерам і Сталіным», — заяўляе Людміла Пеціна. Далей чытайце па спасылцы.
«Матэрыял для інфармацыйна-прапагандысцкіх групаў» распаўсюдзілі па ўсёй Беларусі. Што ў ім?
Беларускае выданьне «Наша ніва» прааналізавала дакумэнт на 24 старонкі, падрыхтаваны ў чэрвені Акадэміяй кіраваньня, які, як піша сайт, можа быць «даведзены да ведама ідэолягаў» і зь якім «дзяржпрапаганда ідзе на выбары».
Розныя матэрыялы пад назвай «Республика Беларусь: уверенным шагом по пути независимости» і падобнымі ня раз публікаваліся самымі рознымі дзяржаўнымі ўстановамі, ад Факультэту журналістыкі БДУ да адміністрацыі Ленінскага раёну Бабруйску ці раённай лякарні ў Стоўпцах. «Наша ніва» мяркуе, што дакумэнт можна лічыць агітацыйным, «прасякнутым цытатамі Аляксандра Лукашэнкі», але ў ім «не знайшлося месца хаця б туманнаму вобразу будучыні». Артыкул цалкам чытайце па спасылцы.
«Хамства надакучыла больш, чым эканамічныя праблемы» — мастачка Ніка Сандрас пра людзей і палітыку
«Такое ўражаньне, што ты жывеш у краіне, дзе ўсе вакол ідыёты, нічога не разумеем, што мы дагэтуль у лапцях ходзім і таму павінны слухаць, як намі панукваюць. Людзей гэта вельмі раздражняе, нэрвуе і абурае», — мастачка і блогерка Ніка Сандрас разважае пра апошнія падзеі ў Беларусі. Чытайце інтэрвію зь Нікай Сандрас па спасылцы.
Статкевіча прызналі палітвязьнем. Цяпер у Беларусі такіх 21
Праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала палітычным зьняволеным Міколу Статкевіча — лідэра «Народнай грамады» і ініцыятара кампаніі «кандыдатаў пратэсту» на прэзыдэнцкіх выбарах-2020. Ён меў выйсьці на волю 30 чэрвеня пасьля 30 сутак арышту, але сьледчы паведаміў яго жонцы Марыне Адамовіч, што на Статкевіча завялі крымінальную справу за «арганізацыю ці ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». За якія менавіта дзеяньні — невядома.
Паводле таго ж артыкулу 342 КК РБ трымаюць за кратамі Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка і яшчэ 14 чалавек. Адносна большасьці зь іх таксама невядома, у якіх дзеяньнях пабачылі злачынства. Цалкам чытайце тут.
«Зьняцца з выбараў? Я патраціў занадта шмат сіл». Чэрачань падаў дакумэнты на рэгістрацыю кандыдатам
Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Сяргей Чэрачань падаў у ЦВК дакумэнты на рэгістрацыю кандыдатам у прэзыдэнты і заявіў, што варыянт зьняцца з выбараў разгледзеў бы, толькі калі б гэта «да чаго-небудзь прывяло», паведамляе Tut.by.
Паводле Сяргея Чэрачня, пасьля рэгістрацыі ўсе зарэгістраваныя альтэрнатыўныя кандыдаты павінны сесьці за стол перамоваў. «Калі мы разам — у нас ёсьць шанец. Калі не... Цяпер увесь працэс уяўляе сабой «галодныя гульні»: той, хто выбывае, губляе практычна ўсё, калі не сказаць больш. І калі ня будзе кансалідацыі дэмакратычных сіл, то чакаць выніку ад гэтай палітычнай кампаніі ня варта», — заявіў Чэрачань. Цалкам чытайце па спасылцы.