Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020
Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020

Людзі выйшлі на вуліцы пасьля нерэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы. Адбыліся затрыманьні

Усё, што варта ведаць пра выбарчую кампанію ў Беларусі, якая адбываецца ва ўмовах пандэміі каранавірусу.

«Вы ж таксама таты, мамы, браты і сёстры». Дачка затрыманага Віктара Бабарыкі зьвярнулася да праваахоўнікаў

19 чэрвеня дачка Віктара Бабарыкі Марыя пракамэнтавала ў Фэйсбуку затрыманьне 18 чэрвеня ў Менску свайго бацькі і брата, кіраўніка выбарчага штабу патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Эдуарда.

«Маё сэрца з тымі, хто пацярпеў ад дзеяньняў, якія ў корані парушаюць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і правы чалавека, — піша Марыя, адзначаючы, што яна цяпер «не адзіная дачка і сястра, суткамі якая сядзіць ля тэлефона ў чаканьні навінаў», і зьвяртаецца да супрацоўнікаў праваахоўных органаў Беларусі: — Вы ж таксама таты, мамы, браты і сёстры — калі ласка, памятайце пра гэта і пра тое, што вы — абаронцы закона». Цалкам чытайце па спасылцы.

Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы

Беларускія праваабарончыя арганізацыі выступілі з супольнай заявай, у якой запатрабавалі ад уладаў спыніць рэпрэсіі. Віктар і Эдуард Бабарыкі, Сьвятлана Купрэева і Ўладзімер Дудараў былі прызнаныя імі палітычнымі зьняволенымі.

Прадстаўнікі беларускіх праваабрончых арганізацыяй патрабуюць:

  • неадкладнага вызваленьня В. Бабарыкі, Э. Бабарыкі, С. Купрэевай і У. Дударава з-пад варты,
  • забяспячэньня В. Бабарыку магчымасьці бесперашкоднага ўдзелу ў свабодных і дэмакратычных выбарах,
  • адмовы ад выкарыстаньня мэтадаў крымінальнага перасьледу як інструмэнту ціску на ўдзельнікаў кампаніі,
  • неадкладнага спыненьня рэпрэсій у дачыненні да грамадзянаў і непасрэдных удзельнікаў выбарчага працэса, а таксама вызвалення ўсіх палітычных зьняволеных.

Цалкам чытайце па спасылцы.

«Гэта выглядае як зьвёны аднаго ланцуга»,— Цапкала пра затрыманьні Ціханоўскага і Бабарыкі

Прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі Валер Цапкала ў інтэрвію расейскаму агенцтву «РИА Новости» асудзіў затрыманьне свайго канкурэнта на выбарах Віктара Бабарыкі, і заклікаў беларускія ўлады да «сумленнай гульні».

На пытаньне, ці можна разглядаць як пасьлядоўныя зьвёны аднаго ланцуга затрыманьні блогера Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыкі, Цапкала сказаў, што «прынамсі, гэта выглядае так». «Падобна на тое, у вачах большай часткі насельніцтва Беларусі гэта выглядае як зьвёны аднаго ланцуга», — сказаў Цапкала. Цалкам чытайце па спасылцы.

Кіраўнік замежнай палітыкі Эўразьвязу заклікаў Менск вызваліць Бабарыку

Жузэп Барэль, высокі прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі, заклікаў беларускія ўлады забясьпечыць рэальныя канкурэнтныя ўмовы ў перадвыбарнай кампаніі.

«Палітычна матываваныя абмежавальныя захады не павінны перашкаджаць ніводнаму патэнцыйнаму кандыдату ў выкананьні працэдуры рэгістрацыі», — напісаў у заяве Пэтэр Стана, прэсавы прадстаўнік Жузэпа Барэля.

«Учора Віктар Бабарыка, адзін з патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты, і яго сын Эдуард Бабарыка, кіраўнік кампаніі, былі затрыманыя па крымінальнай справе. ЭЗ заклікае беларускія ўлады неадкладна вызваліць іх ад утрыманьня пад вартай і гарантаваць поўнае захаваньне вяршэнства закону, уключаючы сумленнае і празрыстае расьсьледаваньне і права на доступ да адваката», — гаворыцца ў заяве.

«Самой цікава, ці можа незалежны сябар камісіі на нешта ўплываць». Як беларусы спрабуюць трапіць у выбарчыя камісіі

Кожны паўналетні грамадзянін Беларусі можа стаць сябрам участковай выбарчай камісіі. Ініцыятыва «Сумленныя людзі» тлумачыць, як гэта зрабіць законна і хутка. Цяпер такіх ахвочых некалькіх сотняў.

Свабода сабрала некалькі гісторыяў людзей, які хочуць трапіць у склад участковых выбарчых камісіяў. Чытайце артыкул па спасылцы.

«Называць замежныя апэрацыі вывадам грошай — абсурд». Што ня так з абвінавачаньнямі Бабарыку, якія паказалі ў тэлевізіі

У сюжэце дзяржаўнай тэлевізіі паказалі дакумэнты, якія нібыта сьведчаць пра вывад Віктарам Бабарыкам грошай за мяжу і даказваюць ягоную датычнасьць да супрацьпраўнай дзейнасьці.

Свабода ўважліва паглядзела гэтыя сюжэты і паспрабавала разабрацца, пра што можа сьведчыць тое, што ў іх паказалі. Чытайце артыкул па спасылцы.

Крэмль папрасіў Менск аргумэнтаваць словы пра «лялькаводаў» з «Газпрому»

Дзьмітрый Пяскоў
Дзьмітрый Пяскоў


Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў сказаў журналістам 19 чэрвеня, што Менск павінен аргумэнтаваць свае абвінавачаньні, нібыта да цяперашніх падзеяў у Беларусі датычныя «лялькаводы» з «Газпрому».

«Падобныя абвінавачаньні на адрас міжнародных кампаній ня могуць быць галаслоўнымі, павінны падмацоўвацца аргумэнтамі», — заявіў Пяскоў.

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі таксама падкрэсьліў, што інтарэсы найбуйнейшых кампаній краіны «заўсёды знаходзяцца пад абаронай расейскай дзяржавы».

«Гэта адзін з прыярытэтаў — абарона нашых кампаній, якія працуюць у іншых краінах, у тым ліку і Беларусі», — адзачыў Пяскоў. «Пакуль у мяне няма ніякіх дадатковых камэнтароў на гэты конт», — дадаў ён.

Кіраўнік Інстытуту сацыялёгіі пацьвердзіў, што ў сакавіку рэйтынг даверу да Лукашэнкі быў 24%, а да ЦВК — 11%

Кіраўнік Інстытуту сацыялёгіі Акадэміі навук Беларусі Генадзь Коршунаў пацьвердзіў, што ў сакавіку-пачатку красавіка 2020 года паводле дасьледаваньня інстытуту рэйтынг даверу да Лукашэнкі ў Менску быў 24%, а да ЦВК — 11%.

На пытаньне, ці зьмяніліся гэтыя лічбы цяпер, Коршунаў адказаў, што цяпер інстытут «толькі спрабуе пачаць новае даследаваньне», бо не хацелася б рызыкаваць здароўем рэспандэнтаў у сувязі з эпідэміяй каранавірусу, «прынялі рашэньне пачакаць».

Лукашэнка: «Ня трэба з зладзюгаў, буржуяў і махляроў, якія сядзяць у „Белгазпрамбанку“, рабіць герояў»

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ўважліва назірае за сытуацыяй, якая складваецца ў краіне. І перакананы, што пэўныя палітычныя сілы спрабуюць выкарыстаць людзей.

«Я пакуль прашу і папярэджваю перш за ўсё гэтых людзей: не прымушайце ўлады ісьці на нейкія захады рэагаваньня, не падштурхоўвайце нас да гэтага», — папярэдзіў ён, зьвярнуўшыся перадусім да бацькоў маладых людзей.

«Выкарыстоўваюць пацаноў, якія ня маюць да выбараў ніякага дачыненьня — па 15-17 гадоў. Яны ня памятаюць Беларусь, зь якой мы выходзілі з вамі ў лапцях і без штаноў у сярэдзіне 1990-х. Ня памятаюць тых талёнаў, што не маглі купіць бутэльку малака. Ня памятаюць, што на трое сутак у Менску мукі хапала, каб сьпекчы хлеб. Жывуць у чыстай і сьветлай Беларусі і думаюць, што ўсё гэта ўпадзе ім зь неба. Зразумела, гэта і наша недапрацоўка, што не патлумачылі».

Чытаць далей >>

Вядоўца ўкраінскага тэлеканалу пра падзеі ў Менску: «Гэта сьмерць чырвонай імпэрыі. Жыве Беларусь!»

«Арышты і перасьлед — традыцыйныя дробязі выбарчай кампаніі». Што ўкраінскія СМІ пішуць пра выбарчыя падзеі і рэпрэсіі ў Беларусі.

Ва Ўкраіне ўсе найбуйнейшыя сродкі масавай інфармацыі паведамляюць пра арышт Віктара Бабарыкі і ягонага сына Эдуарда, а таксама пра акцыю салідарнасьці з усімі затрыманымі цягам выбарчай кампаніі, якая доўжылася ў Менску больш за 6 гадзін.​ Былога кіраўніка «Белгазпрамбанку» ўкраінскія экспэрты і журналісты называюць галоўным канкурэнтам Аляксандра Лукашэнкі.​

Што пішуць ва Ўкраіне >>

Пасольства ЗША падтрымала права беларусаў на «мірны ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах, не асьцерагаючыся запалохваньня»

«Злучаныя Штаты падтрымліваюць права ўсіх беларусаў на мірны ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах, не асьцерагаючыся запалохваньня. Павага асноўных свабодfo і дэмакратыі ўмацоўвае сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі і пракладае шлях да больш цесных сувязяў з ЗША». — гаворыцца ў Твітэры амэрыканскага прадстаўніцтва.

18 чэрвеня ў цэнтры Менску, каля Беларускай дзяржаўнай філярмоніі на праспэкце Незалежнасьці прайшоў супольны пікет прадстаўнікоў апазыцыйнай правацэнтрысцкай кааліцыі.

Ці пачалося ў Беларусі «паўстаньне масаў»? Піша Валер Карбалевіч

Менск адрэагаваў на рэпрэсіі супраць апанэнтаў рэжыму 7-гадзіннай акцыяй салідарнасьці. Прэзыдэнцкая кампанія разьняволіла грамадзтва, спарадзіла надзею на перамены, дух свабоды. І загнаць гэтыя настроі назад у прыгнечаны стан рэжыму будзе цяжка.

Сьцісла:

  • Кампанія публічнай дыскрэдытацыі Віктара Бабарыкі не працуе, а, магчыма, дае нават адваротны эфэкт.
  • Арыштам Бабарыкі Лукашэнка ня зьняў праблему, на што, здаецца, разьлічваў. Назапашаная ў грамадзтве энэргія пратэсту можа стрэліць самым нечаканым чынам.
  • Канфлікт паміж уладай і апазыцыяй трансфармаваўся ў канфлікт паміж уладай і народам.
  • Голас той часткі насельніцтва, якая выступае супраць існага рэжыму, гучыць моцна, яго чуваць, гэтых людзей добра відаць. А вось прыхільнікаў Лукашэнкі фактычна няма на інфармацыйным экране. У асноўным ад імя гэтых людзей гаворыць выключна ўлада.
  • Пакуль пратэставыя настроі грамадзтва, «паўстаньне масаў» ніяк не канвэртуецца ў «крызіс вярхоў», не вядзе да расколу элітаў (прынамсі, вонкава).

Чытаць цалкам >>

Упершыню пасьля затрыманьня Бабарыкі да яго ў СІЗА КДБ запрасілі адваката

Адвакат затрыманага прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Беларусі Віктара Бабарыкі запрошаны ў сьледчы ізалятар КДБ для ўдзелу ў працэсуальных дзеяньнях.

«Мне затэлефанавалі з КДБ і запрасілі для ўдзелу ў працэсуальных дзеяньнях у дачыненьні да Віктара Бабарыкі. Спадзяюся, што атрымаецца сустрэцца з маім падабаронным», — паведаміў адвакат Зьміцер Лаеўскі.

Пра час, калі Лукашэнка казаў: «Я не прашу ў вас прэзыдэнцкі партфэль. Я хачу вярнуць вам веру ў будучыню». Піша Валянцін Жданко

Сёньня ў гэта цяжка паверыць, але наступныя словы належаць Аляксандру Лукашэнку:

«Ведаю — вас доўга падманвалі. Ведаю — вы стаміліся верыць.

Я не прашу ў вас прэзыдэнцкі партфэль. Я хачу вярнуць вам веру ў будучыню. Падумайце пра лёс вашых дзяцей. Я хачу запаліць хаця б маленькае сьвятло ў канцы тунэля, сьвятло надзеі ў вашых спакутаваных сэрцах».

Ну які ж гэта Лукашэнка? — запярэчыць мне дасьведчаны чытач. Калі мы за апошнія 26 гадоў чулі зь ягоных вуснаў нешта падобнае — узьнёсла-патэтычнае, нейкае нават экзальтаванае і наіўна-патаснае? Не ягоная гэта стылістыка, не ягоная лексыка, не ягоны характар. «Жэстачайшэ накланіць» — вось ягоныя словы, па якіх яго ведае і будзе доўга памятаць беларускі народ.

Чытаць далей >>

«Тэлевізія не павінна валодаць такой інфармацыяй», — адвакат пра абвінавачаньне сяброўцы сям’і Бабарыкі

Сябру ініцыятыўнай групы і сяброўцы сям’і Віктара Бабарыкі Сьвятлане Купрэевай прад'явілі абвінавачаньне паводле часткі 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэксу — ухіленьне ад сплаты падаткаў, спалучанае з нанясеньнем шкоды на суму ня менш за 8 950 222 рублі.​

Празь дзяржаўныя тэлеканалы перадалі інфармацыю аб затрыманьні Віктара Бабарыкі і справе «Белгазпрамбанку». Паводле дзяржаўнага тэлеканалу АНТ, нібыта 12 чэрвеня 2007 года на Віргінскіх астравах была зарэгістраваная фірма Grreenbell Limited, сярод яе заснавальнікаў значыцца і Сьвятлана Купрэева.

«Я не магу камэнтаваць тое, што перадаюць у тэлевізіі, бо гэта не кампэтэнтны орган, які вядзе крымінальны працэс. Тэлевізія наагул не павінна валодаць такой інфармацыяй. Таму я ня ведаю, адкуль у іх такія зьвесткі, наколькі яны законныя і што гэта можа значыць. Мне ніхто не перадаваў ніякіх дакумэнтаў, каб я іх камэнтаваў», — сказаў карэспандэнту Свабоды адвакат.

Дзяўчына Эдурада Бабарыкі: я і штаб просім ня ладзіць дэманстрацый, гэта можа нашкодзіць Віктару Дзьмітравічу і Эдзіку

Аляксандра Зьверава, дзяўчына Эдуарда Бабарыкі, пра яго затрыманьне даведалася раніцай 18 чэрвеня: ініцыятыўная група пра гэта напісала ў сваім чаце і апублікавала ў інфармацыю ў сацыяльных сетках. Потым зьявіліся навіны ў СМІ.

«Усё, што мне паведамілі, — гэта тое, што Эдуард затрыманы паводле артыкулу, які мае на ўвазе ўхіленьне ад выплаты падаткаў. Сказалі: „Можаце паглядзець на сайце, як яму можна нешта перадаць“. Гэта ўсё, што мне паведамілі».

«Нікому не дазволю зламаць гэтую краіну». Лукашэнка заявіў, што «сарваныя маскі зь лялек і лялькаводаў»

«Сёньня фокус усіх палітычных інтарэсаў сканцэнтраваны на Беларусі, — заявіў Лукашэнка, чарговым разам падкрэсьліўшы, што нікому не дазволіць зламаць краіну. — Як з Захаду, так і з Усходу. Назіраючы цягам апошніх сутак, я бачу, што актывізаваліся пэўныя сілы, якія пачынаюць разгойдваць сытуацыю ў краіне. Мы гэта назіралі, і даўно.

Але нам усё ж удалося зрабіць некаторыя крокі на апярэджаньне і сарваць маштабны плян дэстабілізацыі Беларусі (гэта ня жарт і ня запалохваньне) і нейкага Майдану. Такая была мэта. Маскі сарваныя з пэўных ня толькі лялек, якія ў нас тут былі, але і лялькаводаў, якія сядзяць за межамі Беларусі».

Як заявіў 19 чэрвеня генпракурор Беларусі Аляксандар Канюк, «дзеяньні фігурантаў справы «Белгазпрамбанку» стварылі рэальную пагрозу інтарэсам нацыянальнай бясьпекі Беларусі».

«Рэалізуецца сілавы сцэнар выбараў». Расейскія СМІ пра затрыманьне Бабарыкі і рэпрэсіі ў Беларусі

Расейскія мэдыя шмат увагі надаюць прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі. У прыватнасьці, пішуць пра затрыманьне аднаго з галоўных канкурэнтаў дзейнага кіраўніка дзяржавы — былога старшыні праўленьня «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыкі.

  • «Новая газета»: «Упершыню альтэрнатыўны кандыдат сабраў паўмільёна подпісаў»
  • «Коммерсантъ»: «Допуск Бабарыкі да выбараў паламае ўвесь расклад уладаў»
  • «Московский комсомолец»: «Арышт экс-банкіра азначае прызнаньне яго папулярнасьці»
  • «Ведомости»: «Дзіўна падтрымліваць Лукашэнку пасьля таго, што ён нагаварыў»

Сьледзтва арыштавала нерухомасьць Віктара Бабарыкі і ягонага сына Эдуарда

Пакуль прэтэндэнта на найвышэйшую пасаду Віктара Бабарыку і кіраўніка ягонай ініцыятыўнай групы сын Эдуарда ўтрымліваюць ​у СІЗА КДБ, сьледчыя арыштавалі іх маёмасьць.

Напярэдадні ў жылых памяшканьнях Бабарыкаў правялі ператрус, а 19 чэрвеня наклалі арышт на два дамы ў вёсках Мачаны і Цна пад Менскам, а таксама на двухпакаёвую кватэру ў сталіцы. Такія захады ініцыяваў Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю, тэрмін абмежаваньняў ня вызначаны.

Былы трэнэр беларускіх гімнастаў: «Каб Лукашэнка меў сумленьне, адмовіўся б ад выбараў»

Заслужаны трэнэр Беларусі ў спартовай гімнастыцы Віктар Дайлідаў заявіў, што калі ў Аляксандра Лукашэнкі яшчэ засталося сумленьне, то ён мае сысьці.

«Я буду галасаваць за Віктара Бабарыку. Мне ён вельмі падабаецца. Здаецца, разумны і вельмі прыстойны чалавек. Нікога не абзывае, не абражае, кепскага слова нікому не сказаў. Я шмат пра яго чытаю, шмат гляджу. За яго падпісаўся», — прызнаўся спартовы адмысловец.​

Гісторыю зь ператрусамі ў «Белгазпрамбанку» і ў доме Віктара Бабарыкі ён назваў ганебнай для ўладаў:

«Вы што, ня ведаеце, што Аляксандар Рыгоравіч усімі сіламі будзе трымацца за ўладу? Да апошняга. Я адчуваю, што ён ідзе на ўсё, каб утрымацца. На ўсё ідзе. Што гэта за „ветрадуі“, „майданутыя“. Ну як так можна? Гэта ж ён на сваіх людзей так кажа. Гэта ж твае жыхары Рэспублікі Беларусі! Многія цябе выбіралі, а цяпер ты іх так абражаеш».

Чытаць далей >>

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG