Юры Губарэвіч: Ва ўладаў здаюць нэрвы
На пікетах па зборы подпісаў выстройваюцца чэргі. Зьявіўся кіраўнік руху «За свабоду» Юры Губарэвіч і старшыня АГП Мікалай Казлоў.
Апазыцыйныя кандыдаты не зьбіраюцца здаваць подпісы ў ЦВК, а выкарыстоўваюць гэты этап як «інфармацыйныя пікеты». Кіраўнік руху «За свабоду» Юры Губарэвіч удакладняе, што рэдка здараецца, каб у цэнтры гораду было дазволена пагаварыць зь людзьмі пад нацыянальнымі сьцягамі. Але рабіць гэта ўсё больш складана.
«Ва ўладаў здаюць нэрвы. Прынамсі ў ранейшыя гады этап збору подпісаў ня быў такім жорсткім. Затрыманьні, перасьлед – электарату даюць зразумець, паводле якога сцэнару будзе адбывацца ўся палітычная кампанія».
Чарга ўтварылася і ў падтрымку лідэра АГП Мікалая Казлова. Некаторыя «падпісанты» кажуць, што раней слухалі прамову палітыка і ягоныя аргумэнты іх пераканалі. Таксама дадаюць, што паставілі подпісы за некаторых іншых годных прэтэндэнтаў, акрамя аднаго.
Мікалай Казлоў заклікае людзей ісьці назіральнікамі на выбары і абяцае такім людзям падтрымку. Затрыманьне Сяргея Ціханоўскага Мікалай Казлоў назваў "відавочнай правакацыяй".
На пікеце каля Камароўцы зьявіўся чалавек на мыліцах з бел-чырвона-белым сьцягам
Ён расказвае, што ён «адзіны бяздомны паралімпіец у сьвеце».
На пікеце каля Камароўкі зьявіўся чалавек з бел-чырвона-белым сьцягам на мыліцах. Ён расказаў, што «дзяржава выкінула яго на вуліцу і адмяніла ільготы». Таксама чалавек адзначыў, што цяпер ён бяздомны, як і ягоная жонка, што ўрад ня можа спансіраваць інтэрнат для людзей з інваліднасьцю.
Сябра «Народай Грамады» Вераніка Мішчанка заклікала беларусаў не баяцца пагрозаў з боку ўлады.
«Мы – за закон, мы – за чэсныя выбары. Мы не злачынцы, як хоча паказаць улада. У чым наша віна? У тым, што мы патрабуем адкрытых, празрыстых выбараў! А нас за гэта перасьледуюць, саджаюць у турмы. Ганьба такой уладзе!».
Раз-пораз узьнікаюць спрэчкі прыхільнікаў розных патэнцыйных кандыдатаў. Пажылая жанчына гучна паспрабавала абараніць Лукашэнку і ягоную палітыку, але яе голас патануў на фоне абураных воклічаў апанэнтаў.
На Камароўцы пачаліся выступы палітыкаў у падтрымку Сяргея Ціханоўскага
У пікетах на Камароўцы ўдзельнічае палітык Павал Севярынец. Людзі выказваюцца ў падтрымку затрыманага блогера Сяргея Ціханоўскага.
Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец прыйшоў, каб выказаць салідарнасьць з затрыманым Сяргеем Ціханоўскім ягонымі паплечнікамі. Прызнаўся, што мае найбольшую сымпатыю да гэтага палітыка новай генэрацыі і пакуль «беражэ» свой голас, каб аддаць яго за гомельскага блогера ў найбольш патрэбны момант.
На пікетах зьявілася гукаўзмацняльная апаратура і «вольны мікрафон», Павел Севярынец прапануе выказацца ўсім жадаючым. Людзей на пікетах на Камароўцы становіцца больш.
Апоўдні да столікаў з падпіснымі лістамі за Сьвятлану Ціханоўскую ўтварылася чарга. Людзі ў эфіры Свабоды не хавалі абурэньня затрыманьнем Сяргея Ціханоўскага.
Падчас эфіру да журналістаў Свабоды падыходзяць людзі, якія паведамляюць, што па пэрымэтры Камароўскага рынку стаяць аўтазакі са спэцназаўцамі.
На Камароўцы, дзе праходзіць пікет па зборы подпісаў пачаліся затрыманьні
Затрымалі сябра ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай Алега Баброўскага.
Сябра ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай у інтэрвію карэспандэнту Свабоды паведаміла, што міліцыянты затрымалі Алега Баброўскага – кіроўцу, які дапамагаў камандзе дастаўляць інфармацыйныя матэрыялы. Ягоны аўтамабіль эвакуявалі на штрафстаянку разам з усім рыштункам і 1500 асобнікамі запоўненых падпісных лістоў.
Быў затрыманы і яшчэ адзін чалавек, ягонае прозьвішча ўдакладняецца. Людзі ў цывільным спраьавалі перашкаджаць працы карэспандэнтаў Свабоды. Сяргей Ціханоўскі, кіраўнік ініцыятыўнай групы, відэаблогер і муж Сьвятланы Ціханоўскі, знаходзіцца за кратамі ад 29 траўня.
На пляцоўцы каля Камароўскага рынку 7 чэрвеня зьбіраюць подпісы прыкладна за 10 прэтэндэнтаў на найвышэйшую пасаду. Сябры ініцыятыўнай групы Сяргея Чэрачня таксама паскардзіліся ў эфіры Свабоды, што маюць месца затрыманьні прыхільнікаў кіраўніка Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады. Адну з актывістак затрымалі ў той момант, калі яна размаўляла з прадстаўнікамі Сьвятланы Ціханоўскай.
Стрым з Камароўкі. Як прэтэндэнты на найвышэйшую пасаду зьбіраюць подпісы
Свабода вядзе жывую трансьляцыю з Камароўскага рынку ў Менску, дзе праходзяць пікеты ў зборы подпісаў за прэтэндэнтаў на найвышэйшую пасаду.
Збор подпісаў будзе працягвацца да 19 чэрвеня. Цяпер патэнцыйных кандыдатаў 14, у іх ліку Аляксандар Лукашэнка. Некаторыя з прэтэндэнтаў заяўлялі, што выкарыстоўваюць гэты этап толькі для агітацыі, але ня маюць мэты трапіць у бюлетэні.
Бабарыка заявіў, што гатовы аб’ядноўвацца зь іншымі кандыдатамі і «ісьці да канца»
Прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Віктар Бабарыка паведаміў на сустрэчы з жыхарамі Гародні аб гатоўнасьці аб’ядноўвацца зь іншымі кандыдатамі, калі іх агульныя мэты супадаюць, паведамляе БелаПАН.
«Агульныя саюзы павінны быць аб’яднаныя агульным разуменьнем мэты, — сказаў ён. — Я бачу з многімі кандыдатамі супадзеньня гэтых мэтаў».
Па словах Бабарыкі, ён гатовы абмяркоўваць магчымасьць абʼяднаньня з іншымі ўдзельнікамі прэзыдэнцкай гонкі.
«Некаторыя кандыдаты кажуць, што іх мэта — сарваць выбары. У гэтым нашы мэты з імі не супадаюць, так як наша мэта — правесьці выбары», — падкрэсьліў ён.
Таксама прэтэндэнт на вышэйшую пасаду дадаў, што «гатовы ісьці да канца» у прэзыдэнцкай гонцы.
Цяпер подпісы за сваё вылучэньне зьбіраюць 14 прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта.
Навіны, датычныя выбарчай кампаніі, за 6 чэрвеня
- Кіраўнік ініцыятыўнай групы Лукашэнкі: «Сабралі каля мільёну подпісаў»
- Бабарыка: Мы сабралі ўжо 100 тысяч подпісаў
- Цапкала ў Горадні: Дайце нам 10 мільярдаў, і мы закрыем атамную электрастанцыю
- Тры прэтэндэнткі на прэзыдэнтку — пра жанчын у палітыцы, хатні гвалт, аборты, дыскрымінацыю і службу пратаколу
- Праваабаронцы: Найбольшы ўдар сілавікі нанесьлі ініцыятыўнай групе Сьвятланы Ціханоўскай
- Афіцыйныя сацыёлягі: Рэйтынг Лукашэнкі ў Менску — 24%
Тры прэтэндэнткі на прэзыдэнтку — пра жанчын у палітыцы, хатні гвалт, аборты, дыскрымінацыю і службу пратаколу
Тры прэтэндэнткі на прэзыдэнцкую пасаду Вольга Кавалькова, Ганна Канапацкая, Натальля Кісель адказваюць на пытаньні Свабоды пра жанчын у палітыцы, хатні гвалт, аборты, дыскрымінацыю, альтэрнатыўную сям’ю, службу пратаколу прэзыдэнта і высокую цану ўдзелу ў кампаніі.
Бабарыка пра пагрозу расстрэлам: Не рабі зь людзей злачынцаў
Прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта, былы старшыня праўленьня «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка чарговым разам рэзка адказаў на заявы кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі.
«Мы апошнім часам чуем ад людзей, якія, па ідэі, нанятыя беларускім народам на пасады кіраваць краінай, выказваюцца аб гэтай краіне неверагодна прыніжальна. Мы зрабілі гэтую краіну, кажуць яны, мы, калі трэба, нікому яе не аддадзім, мы, калі трэба, будзем зьнішчаць уласны народ. Гэта страшна, на самой справе страшна » — заявіў Бабарыка 6 чэрвеня ў Берасьці на сустрэчы з журналістамі і чальцамі сваёй ініцыятыўнай групы. Трансьляцыя была зладжаная на youtube-канале прэтэндэнта.
Саўка ды Грышка пра таракана
Героі Лявона Вольскага па рознаму рэагуюць на лёзунг «Стоп таракан!» падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі.
У Мазыры таемна асудзілі прыхільнікаў «Cтраны для жизни»
Трох жыхароў Мазыра — Аляксандра Цуканава, Дзяніса Коласа і Аляксандра Вянгуру асудзілі на 15 сутак арышту.
«Прычым таемна, я суткі шукала мужа, які пайшоў у міліцыю забраць свой ноўтбук і ня выйшаў адтуль! Мне ў міліцыі адказвалі, што нічога ня ведаюць! Толькі сёньня я даведалася ў судзе, што Сашу далі 15 сутак, як і Дзянісу, і другому Аляксандру», — сказала Свабодзе Ірына, жонка фэрмэра Аляксандра Вянгуры.
Паводле Ірыны, яе мужу далі 15 сутак нібыта за непадпарадкаваньне міліцыі і дробнае хуліганства. «Дзе ён гэта зьдзейсьніў? У міліцыі, куды пайшоў забіраць свой ноўтбук?» — пытаецца жонка Аляксандра.
Паводле якіх артыкулаў былі асуджаныя Дзяніс Колас і Аляксандар Цуканаў, пакуль невядома.
Два дні таму ў Вянгуры прайшоў ператрус.
«Наляцелі можа 18 чалавек, сярод ночы! Перавярнулі хату дагары нагамі, тэрор быў страшны», — расказваў Свабодзе фэрмэр.
Бабарыка паведаміў, што за яго сабралі ўжо 100 тысяч подпісаў
6 чэрвеня ў жывой трансьляцыі на YouTube прэтэндэнт на вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі Віктар Бабарыка паведаміў, што за яго вылучэньне ўжо сабраныя 100 тысяч подпісаў.
«Яны ўжо знаходзяцца ў штабе, але як мы казалі, нам патрэбен мільён», — сказаў Бабарыка.
Сёньня Віктар Бабарыка сустрэўся з ініцыятыўнай групай у Берасьці.
Кіраўнік ініцыятыўнай групы Лукашэнкі: «Сабралі каля мільёну подпісаў»
За вылучэньне Аляксандра Лукашэнкі на кандыдата ў прэзыдэнты сабралі каля 1 мільёна подпісаў. Пра гэта заявіў кіраўнік ініцыятыўнай групы дзеючага прэзыдэнта Міхаіл Орда падчас пікету 5 чэрвеня, гаворыцца на сайце Фэдэрацыі прафсаюзаў.
Першы пікет для збору подпісаў за Лукашэнку праходзіў на праспэкце Незалежнасьці, каля гандлёвага цэнтры Dana Mall увечары 5 чэрвеня. Подпісы зьбіралі пад сьцягамі Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, БРСМ і «Белай Русі”».
«На гэтай выбарчай кампаніі мы робім націск на збор подпісаў у працоўных калектывах і па месцы жыхарства. На сёньня нашая ініцыятыўная група сабрала ўжо каля мільёну подпісаў за вылучэньне Аляксандра Лукашэнкі ў прэзыдэнты», — адзначыў старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда.
Ён заўважыў, што важная ня форма збору подпісаў, а каб увесь працэс адбываўся мірна і без парушэньняў заканадаўства.
«Каб штучна не нагняталася абстаноўка і не распальвалася варожасьць… Ніякіх паказальных чэргаў мы не ствараем», — дадаў Орда.
Праваабаронцы: Найбольшы ўдар сілавікі нанесьлі ініцыятыўнай групе Сьвятланы Ціханоўскай
Такую заяву разьмясьціў сайт незарэгістраванага праваабарончага цэнтру «Вясна».
Паводле праваабаронцаў, па стане на 5 чэрвеня 12 чальцоў ініцыятыўнай групы па вылучэньні кандыдатам у прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай пацярпелі перасьлед, затрыманьні і адміністрацыйныя пакараньні.
Паводле «Вясны», сярод дзевяці затрыманых па крымінальнай справе за гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі (арт. 364 КК РБ) кіраўнік ініцыятыўнай групы Сяргей Ціханоўскі, а таксама чальцы групы Дзьмітры Фурманаў, Яўген Разьнічэнка і Арцём Сакаў.
У розны час затрымліваліся яшчэ некалькі чалавек, двое зь іх арыштаваныя на 15 сутак: Артур Сінега з Наваполацку і валянтэр каманды Андрэй Зуеў.
Актывісты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» склалі сьпіс з васьмі сяброў ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай, якіх затрымлівалі альбо судзілі ў адміністрацыйным парадку:
- Уладзімер Мароз (Кобрын) — затрымліваўся;
- Валеры Рамановіч (Пінск) — затрымліваўся;
- Аляксандар Мілюк (Масты) — затрымліваўся;
- Максім Кавалевіч (Бяроза) — затрымліваўся;
- Кацярына Таланкова (Магілёў) — затрымлівалася;
- Артур Сінега (Наваполацк) — арышт 15 сутак;
- Вольга Каракіна (Гродна) — затрымлівалася;
- Уладзімер Кніга (Горадня) — затрымліваўся.
Былі затрыманыя таксама некалькі дзясяткаў валянтэраў каманды Ціханоўскага і прыхільнікаў затрыманага блогера.
Цапкала ў Горадні: Дайце нам 10 мільярдаў, і мы закрыем атамную электрастанцыю
Валер Цапкала сустрэўся з жыхарамі Горадні на Савецкай плошчы 5 чэрвеня. Ён адказаў на пытаньні гарадзенцаў пра АЭС, беларускую мову і войска.
«Колькі вам заплацілі?» Як дэпутат Клішэвіч і сябры БРСМ перашкаджалі журналісту Свабоды весьці стрым зь пікету ў падтрымку Лукашэнкі
Некалькі пікетаў па зборы подпісаў у падтрымку дзейнага кіраўніка Беларусі прайшлі сёньня каля гандлёвага цэнтру Dana Mall у Менску. Радыё Свабода пасьлядоўна асьвятляе выбарчую кампанію ў Беларусі і вяла жывую трансьляцыю.
Прыблізна праз паўгадзіны пасьля пачатку трансьляцыі да журналіста Свабоды падышла дзяўчына ў масцы з пытаньнем «Скажыце, а колькі вам заплацілі за эфір? Вам ня сорамна прадаваць краіну?» Вакол журналіста Антона Трафімовіч адразу сабралася група моладзі, якія разам гучна сталі задаваць яму пытаньні. Чытайце артыкул цалкам па спасылцы.
Бабарыка адрэагаваў на словы «ня важна каго» пра расстрэлы і «краіну яны не атрымаюць»
5 чэрвеня ў жывой трансьляцыі на YouTube прэтэндэнт на вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі Віктар Бабарыка першай справай выказаўся наконт заяваў пра войны, расстрэлы і «краіну яны не атрымаюць», не назваўшы пры гэтым прозьвішча Лукашэнкі.
«Хтосьці нас пужае агрэсіяй, кровапраліцьцем і ахвярамі. Я магу дакладна сказаць: беларусы — мірныя людзі, яны не дапусьцяць ніякага кровапраліцьця, ад каго б гэтая пагроза ні паходзіла. І беларусы маюць сілы, каб паставіць на месца любога чалавека або любую групу людзей, якая абвяшчае, што мае права страляць, расстрэльваць і пагражаць кровапраліцьцем уласнаму народу», — сказаў Бабарыка. Матэрыял цалкам чытайце па спасылцы.
«Гэта проста найвялікшая подласьць». Шушкевіч, Вайтовіч і Анісім — пра выбары і разгром «Страны для жизни»
Што адбываецца ў Беларусі зь сёлетнімі прэзыдэнцкімі выбарамі і чаму грамяць «Страну для жизни»? На гэтае пытаньне Свабоды адказалі першы сьпікер Вярхоўнага Савету ў часы незалежнасьці Беларусі Станіслаў Шушкевіч, былы старшыня Савету Рэспублікі, 11-ы прэзыдэнт НАН, акадэмік Аляксандар Вайтовіч і былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім. Чытайце па спасылцы.
У Кіеве прайшла акцыя салідарнасьці з затрыманымі ў Беларусі актывістамі ініцыятыўных груп. ФОТА
Каля дзясятка беларускіх і ўкраінскіх актывістаў правялі на Майдане Незалежнасьці ў Кіеве акцыю падтрымкі і салідарнасьці з затрыманымі ўдзельнікамі ініцыятыўных груп і апазыцыйнымі палітыкамі. Матэрыял цалкам чытайце па спасылцы.
Выпусьцілі маладзёна, якога затрымалі ў Горадні разам зь Ціханоўскім
20-гадовага Сяргея Калмыкова выпусьцілі зь СІЗА КДБ. Пра гэта Свабодзе паведаміла ягоная дзяўчына Ірына Федарэнка.
Хлопец патэлефанаваў ёй з тэлефона адваката і паведаміў, што ён на волі. Ірына пагаварыла зь Сяргеем літаральна пару сэкундаў. Як ён сябе адчувае, яна яшчэ ня ведае. «Ён пазваніў, сказаў, што засумаваў і што сёньня прыедзе», — пераказала дзяўчына. Сяргей прыяжджае ў Горадню ў ноч зь пятніцы на суботу (з 5 на 6 чэрвеня). Цалкам чытайце па спасылцы.