Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Беларусі працуе дэзынфармацыя пра COVID-19, — тэзы з дыскусіі Atlantic Council


Андрэй Елісееў
Андрэй Елісееў

Амэрыканскі дасьледчы цэнтар Atlantic Council арганізаваў онлайн-дыскусію «Беларусь, Малдова і Ўкраіна: Дэзынфармацыя пра COVID-19 ва Ўсходняй Эўропе». Ад Беларусі ў дыскусіі ўдзельнічаў Андрэй Елісееў, дырэктар EAST Center, кіраўнік аддзелу маніторынгу Міжнароднай стратэгічнай сеткі дзеяньняў для бясьпекі (iSANS). Мы прапануем вашай увазе некаторыя ягоныя ацэнкі сытуацыі ў Беларусі.

  • У апошнія гады Беларусь зрабілася мішэньню для масіўнай прарасейскай кампаніі дэзынфармацыі. Нельга сказаць, што пандэмія каранавірусу павялічыла паток такой прапаганды — проста крыху зьмяніліся тэмы.
  • Каля 40 такіх інтэрнэт-крыніцаў цяпер публікуюць зьвязаныя зь Беларусьсю матэрыялы. Некаторыя зь іх маскуюцца пад рэгіянальныя сайты навінаў, але насамрэч імі кіруюць пракрамлёўскія актывісты. На кожную з шасьці абласьцей Беларусі працуе прынамсі адзін такі сайт. Яны зьмешваюць нэўтральныя навіны грамадзтва, спорту і культуры з моцна шавіністычнымі прапагандысцкімі матэрыяламі.
Ілюстрацыя з экрану падчас выступу Андрэя Елісеева
Ілюстрацыя з экрану падчас выступу Андрэя Елісеева
  • Два галоўныя наратывы такой прапаганды: 1) Беларусаў не існуе, яны частка расейскага народу, беларуская тоеснасьць было штучна створаная Захадам, каб разваліць Расею, а людзі, якія паважаюць беларускую мову і культуру, альбо падманутыя, альбо сьвядомыя здраднікі. 2) Захад ва ўсіх сваіх праявах дрэнны, агрэсіўны і шкодны для беларускага грамадзтва, у адрозьненьне ад добрай Расеі.
  • Сярод новых тэмаў у часы пандэміі — што Захад, верагодна, стварыў каранавірус для біялягічнай атакі на Беларусь і што NATO плаціць прадстаўнікам беларускай апазыцыі 1 даляр за кожнага інфікаванага каранавірусам. Пры гэтым адны тэмы могуць наўпрост супярэчыць іншым — да прыкладу, паведамляецца, што пандэмія нібыта сарвала пляны Захаду напасьці на Беларусь, замаскаваныя пад сёлетнія вучэньні NATO ў Эўропе.
  • Беларускія дзяржаўныя мэдыя сьледам за Аляксандрам Лукашэнкам прымяншаюць небясьпеку пандэміі. Такім чынам, беларусы сутыкаюцца як з вонкавай прапагандай, кіраванай Крамлём, гэтак і з маніпуляцыямі дзяржаўных СМІ.
  • Найбольш уразьлівыя для дэзынфармацыі вайскоўцы, частка актыўных праваслаўных вернікаў, старэйшыя людзі. Аднак апошнім часам можна да гэтых групаў дадаць падлеткаў, якія не абцяжарваюць сябе пошукам альтэрнатыўных крыніц інфармацыі.
  • Проста абвяргаць канкрэтныя выпадкі дэзынфармацыі — гэта як змагацца зь ветракамі. У Беларусі вельмі рэдкія ініцыятывы скіраваныя на самыя ўразьлівыя групы насельніцтва. Патрабуюцца адукацыйныя праграмы, якія б дапамаглі больш крытычна спажываць інфармацыю СМІ як старэйшаму пакаленьню, гэтак і моладзі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG