З 21 па 29 траўня Міжнародны фэстываль дакумэнтальнага кіно WATCH DOCS Belarus пакажа 10 выбітных фільмаў са сваёй калекцыі на плятформе VOKA.
WATCH DOCS Belarus праходзіць кожны сьнежань у Менску, а цягам году адбываюцца рэгіянальныя паказы. Ідэя выйсьці ў онлайн зьявілася якраз пасьля закрыцьця фэстывалю 2019 году.
«Вельмі важны складнік фэстывалю, апроч кіно, — гэта дыскусіі, сустрэчы, воркшопы, якія ў онлайн-фармаце губляюць сваю „хімію“. Таму пакуль вырашылі спыніцца на фільмах і падабралі першую дзясятку», — кажа дырэктарка фэстывалю Тацяна Яворская.
Фільмы ў праграме розныя, але іх аб’ядноўвае праблемнасьць і рэальнасьць герояў і жыцьцёвых сытуацый, а гэта вельмі захапляльна, кажа Тацяна. У дакумэнтальным кіно вельмі шмат любові да праўды і жыцьця — такога, якое яно ў нас ва ўсіх атрымліваецца.
«Там шмат прагі зьмяніць сьвет да лепшага, вырашыць канкрэтную праблему — дакумэнталістыка з гэтымі сур’ёзнымі задачамі найперш і асацыюецца. Аднак прынамсі ў палове абраных фільмаў для VOKA магія — у эмпатыі, пільным угляданьні ў чалавека. Гісторыі герояў непаўторныя самі па сабе, аднак бонусам бачыш празь іх цэлую эпоху, народ, пакаленьне».
Адбудзецца прэм’ера «Сталкераў Чарнобыля» рэжысэркі і прадусаркі Йары Лі. Фільм расказвае пра горад Прыпяць, які стаў вельмі прывабны для турыстаў і сталкераў. У гэтай жа тэматыцы і «Атамныя салдаты» пра сьведак і ўдзельнікаў ядзерных выпрабаваньняў у ЗША ў 70-х.
«Я вельмі раю паглядзець фільмы пра нас, перш за ўсё. „Вырасла, пакуль ты спала“ — фільм пра пэрспэктыўную беларускую моладзь і гарызонты, за якімі гэтыя пэрспэктывы шукаюцца. „Сталкеры Чарнобыля“ — таксама наша тэма, мы жывём з гэтым ужо 35 год. Калі не глядзелі фільм „Быкаў. Вяртаньне“, то варта паслухаць гэтае інтэрвію з нашым выбітным пісьменьнікам, якое не губляе актуальнасьці. А яшчэ ў праграме ёсьць кароткамэтражка „Ленінапад“ — яе можна глядзець кожны дзень для добрага настрою».
«Такое кіно трэба глядзець, напэўна, каб заставацца жывым, адчувальным да сьвету па-за фільтрамі, фармаваць і ўмець назваць уласныя каштоўнасьці».
Усе фільмы даступныя тут.
Тацяна кажа, што ўсе офлайн-паказы заплянаваныя на восень, але што будзе восеньню — невядома. Каманда пачала супрацоўнічаць з плятформай VOKA і пры любым раскладзе будзе імкнуцца працягнуць гэтую супрацу з шырэйшай і больш канкурэнтнай праграмай.