Узбэкістан адказаў на крытыку Расеі адносна плянаў абавязковага выкарыстаньня ўзбэцкай мовы на дзяржаўнай службе.
Раней у траўні міністэрства замежных спраў Расеі заявіла, што прыхільнікі гэтага кроку, які пагражае чыноўнікам штрафам у тым выпадку, калі яны ня будуць выконваць сваю працу на ўзбэцкай мове, былі «у відавочнай меншасьці». Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters.
Масква таксама заклікала Ўзбэкістан захаваць афіцыйнае выкарыстаньне расейскай мовы, заявіўшы, што гэта «цалкам адпавядае духу гісторыі, часу і якасьці двухбаковых адносінаў».
Аднак у заяве Міністэрства замежных спраў Узбэкістану гаворыцца, што новыя правілы, якія яшчэ трэба будзе вызначыць, павінны забясьпечваць выкананьне даўно прынятых нормаў, а рашэньні па такіх справах зьяўляюцца «выключнай прэрагатывай унутранай палітыкі дзяржавы, умяшаньне ў якую недапушчальнае».
У заяве МЗС не было наўпроставай спасылкі на Расею, але прыгадваліся камэнтары «пэўных замежных чыноўнікаў». Расейская мова шырока выкарыстоўваецца ў краіне, і мільёны ўзбэцкіх рабочых-мігрантаў працуюць у Расеі.
Моўная ініцыятыва зьявілася ў той час, калі некаторыя ўзбэцкія інтэлектуалы, якія першапачаткова віталі палітыку рэформаў прэзыдэнта Шаўката Мірзіёева, зрабіліся больш асьцярожнымі з прычыны ягонага збліжэньня з Расеяй.
Сёлета Ўзбэкістан вырашаў зрабіцца назіральнікам у Эўразійскім эканамічным саюзе, які ўзначальвае Расея, а летась падпісаў з Расатамам кантракт на будаўніцтва атамнай станцыі, што было немагчыма пры папярэдніку Мірзіёева Ісламе Карымаве, які імкнуўся дыстанцыявацца ад Расеі.