Журналіста Міхаіла Аршынскага ўдзень 18 траўня вызвалілі з магілёўскага ізалятара часовага ўтрыманьня пасьля 10 сутак арышту. Невядома, калі журналіста арыштуюць для адбываньня астатніх 11 сутак. Пра гэта піша «Магілёўскі рэгіён» са спасылкай на самога Аршынскага.
Суды Кастрычніцкага і Ленінскага раёнаў Магілёва прысудзілі журналісту Міхаілу Аршынскаму агулам 21 дзень арышту за:
- удзел 5 траўня ў магілёўскай акцыі салідарнасьці з арыштаваным блогерам Сяргеем Ціханоўскім;
- жывую трансьляцыю 6 траўня з акцыі каля Магілёўскага сьледчага ізалятара.
Чакаецца, што 19 траўня з магілёўскага ізалятара часовага ўтрыманьня пасьля адміністрацыйнага арышту выйдуць журналісты Алесь Асіпцоў і Аляксандар Буракоў-старэйшы.
Пасьля двух дзён перасьледу 6 траўня міліцыя затрымала Сяргея Ціханоўскага ў Магілёве. 9 траўня блогер плянаваў правесьці ў Бабруйску «АнтыПарад» – акцыю пратэсту супраць параду ў Менску падчас пандэміі каранавірусу. Цягам 6–10 траўня па Беларусі прайшла хваля затрыманьняў удзельнікаў сустрэч зь Ціханоўскім і журналістаў, якія асьвятлялі гэтыя падзеі.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
18 траўня Ціханоўскага асудзілі яшчэ на 15 сутак арышту за несанкцыянаваны масавы сход. За якое менавіта мерапрыемства, у судзе Савецкага раёну Гомля не ўдакладнілі.