Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія турфірмы атрымалі перадаплату кліентаў на 400 млн рублёў. Вярнуць іх нерэальна


Адначасовае патрабаваньне спажыўцоў вярнуць грошы за пуцёўкі з прычыны абмежаваньняў, выкліканых пандэміяй каранавірусу, прывядзе да банкруцтва ўсёй галіны, заяўляюць у Рэспубліканскім саюзе турыстычных арганізацый.

У сфэры турызму Беларусі занята блізу 5,5 тысячы чалавек. За мінулы год экспарт паслуг перавысіў 265 млн даляраў.

«Пры банкруцтве беларускіх турфірмаў усе грошы спажыўцоў і кампаній застануцца за мяжой, у пастаўшчыкоў паслуг. Вярнуць іх з-за мяжы будзе нерэальна», — гаворыцца ў паведамленьні на сайце саюзу.

На задавальненьне пазоваў можа разьлічваць ня больш як 5% турыстаў, лічаць у арганізацыі. Таму прапануюць заканадаўча замацаваць магчымасьць пераносу аплачаных паездак да 31 сьнежня 2021 году.

Пачынаючы ад сярэдзіны сакавіка, беларускія турапэратары спынілі продаж усіх тураў у сэгмэнтах ўязнога, унутранага і выязнога турызму. Ажыццяўленьне любой дзейнасьці стала немагчымым, у тым ліку што тычыцца вяртаньня грошай за скасаваныя туры.

«Пастаўшчыкі гатовыя адтэрмінаваць выкананьне абавязаньняў да 31 сьнежня 2021-га, а некаторыя і на год пазьней. У той жа час заканадаўства Беларусі патрабуе вяртаньня сродкаў ад турфірмаў проста цяпер, у тым ліку праз арышт рахункаў і актываў, тым самым не даючы турфірмам выйсьці з крызісу», — падкрэсьліваюць у арганізацыі.

На сярэдзіну сакавіка агульны аб’ём турыстычных паслуг на беларускім рынку падчас раньняга рэзэрваваньня быў аказаны прыкладна 300 тысячам чалавек. Сума перадаплаты склала блізу 400 млн рублёў.

Сродкі паводле дамоваў пераведзеныя гатэльерам, авіякампаніям, трансфэрным прадпрыемствам. Вярнуць іх немагчыма. Таму галіне тэрмінова патрабуецца заканадаўчае замацаванне нормы пераносу паездак на тэрмін да 31 сьнежня 2021 году, падсумавалі ў арганізацыі.

Раней прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас заявіў, што ідзе падрыхтоўка праекту ўказу аб падтрымцы турыстычнай галіны. Зь яго слоў вынікала, што дакумэнт вызначыць мараторый на вяртаньне сродкаў за набытыя пуцёўкі толькі да канца гэтага году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG