Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігнатовіч, першы Генэральны


Мікалай Ігнатовіч, фота Ул. Сапагова
Мікалай Ігнатовіч, фота Ул. Сапагова

17 траўня спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэньня першага Генэральнага пракурора незалежнай Беларусі Мікалая Ігнатовіча (1940-1992).

За Мікалая Ігнатовіча прыхільнікам дэмакратыі давялося змагацца двойчы.

Выбарчая кампанія Мікалая Ігнатовіча (зь мікрафонам), 1989, фота Ул. Сапагова з сайту vytoki.net
Выбарчая кампанія Мікалая Ігнатовіча (зь мікрафонам), 1989, фота Ул. Сапагова з сайту vytoki.net

Першы раз — вясной 1989, калі БНФ падтрымаў сьледчага па асабліва важных справах пракуратуры БССР Ігнатовіча на выбарах народных дэпутатаў СССР. Ніводнага лідэра БНФ не зарэгістравалі на так званых «акруговых сходах», і яны ладзілі мітынгі ў падтрымку тых, хто падзяляў ідэі дэмакратыі.

На карысьць Ігнатовіча быў ягоны прафэсійны аўтарытэт: менавіта ён расьсьледаваў справу гібелі Пятра Машэрава і сэрыйнага забойцы Міхасевіча (больш за 30 ахвяраў). Ігнатовіч быў абраны дэпутатам і неўзабаве, разам з Васілём Быкавым, Алесем Адамовічам, Аляксандрам Дабравольскім, Юрыем Варонежцавым, Віктарам Карняенкам, Станіславам Шушкевічам увайшоў у склад Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы, ідэйным натхняльнікам якой быў Андрэй Сахараў. На першым зьезьдзе народных дэпутатаў СССР быў абраны ў склад Вярхоўнага Савету СССР, узначаліў парлямэнцкую камісію ў справах ільготаў і прывілеяў.

Ну а другі раз бітва за Ігнатовіча ішла ў кастрычніку 91-га, у Авальнай залі. Пасьля абвяшчэньня 25 жніўня 1991 года незалежнасьці закладаўся падмурак беларускай дзяржаўнасьці, ствараліся новыя дзяржаўныя інстытуцыі — у тым ліку і Генэральная пракуратура.

Мы прапанавалі, у альтэрнатыву дзейнаму пракурору, былому члену ЦК КПБ Тарнаўскаму кандыдатуру Ігнатовіча. Гэта ўжо быў час, калі нядаўнія камуністычныя кіраўнікі ачунялі ад «пасьляпутчавага» шоку, калі дэфіцытам прадуктаў і высокімі коштамі людзі былі заклапочаныя значна болей, чым лёсам дэмакратыі, і сабраць іх на плошчы ў дастатковай для ціску на дэпутатаў колькасьці было папросту немагчыма. Разьлічваць можна было толькі на аргумэнты і на парлямэнцкую тактыку (часам удавалася перамагаць меншасьцю).

Дыскусія была вельмі напружанай (памятаю, я спрачаўся з тагачасным кіраўніком «профільнай» камісіі Мечыславам Грыбам), і адзін, і другі бок прыводзілі свае аргумэнты. У выніку, Ігнатовіч быў абраны, хаця па колькасьці галасоў, як казалі, «упрыцірку». Гэта, канешне, была наша перамога. Як потым высьветліцца — апошняя кадравая перамога такога маштабу.

Мікалай Ігнатовіч і Сяргей Антончык, 1991, фота Ул. Сапагова, з сайту vytoki.net
Мікалай Ігнатовіч і Сяргей Антончык, 1991, фота Ул. Сапагова, з сайту vytoki.net

Вярнуўшыся ў пракуратуру, Ігнатовіч пачаў яе рэфармаваньне, якое, на ягоную думку, павінна было пачынацца з пазбаўленьня ад навязьлівай апекі «зьверху», што дзесяцігодзьдзямі ажыцьцяўлялася партыйнымі органамі, а цяпер, у першыя месяцы Незалежнасьці, за права кантролю пачаў змагацца Вярхоўны Савет (дакладней, некаторыя яго кіраўнікі) і апарат Саўміну.

Аднойчы я ў яго спытаўся, ці цяжка яму працаваць на пасадзе генпракурора, у адказ ён нявесела ўсьміхнуўся. Сказаў, што да яго зьвяртаюцца з просьбамі пра непасрэдны ўплыў на тую ці іншую канкрэтную справу, і што калі ён пачне гэтым займацца, дык спатрэбяцца 24 гадзіны ў суткі — і ўсё роўна гэта будзе кропля ў моры. Трэба мяняць усю сыстэму.

На вялікі жаль, яму ўдалося толькі пачаць гэтыя зьмены.

Мікалай Ігнатовіч захварэў на рак, і ў сьнежні 1992 памёр. Пракуратура ізноў (хаця і павольна) рабілася залежнай ад палітычнай каньюнктуры. Калі ў красавіку 1995-га генэральны пракурор Шаладонаў завёў крымінальную справу па факце зьбіцьця дэпутатаў, дык быў неўзабаве адпраўлены ў адстаўку. І ўжо ў жніўні таго ж 95-га першы намесьнік генпракурора Кандрацьеў цынічна заявіў у твар дэпутатам, што іх ніхто не зьбіваў, і што ён будзе выконваць не Канстытуцыю, а ўказаньні прэзыдэнта.

Што і адбывалася. Праўда, нядоўга — неўзабаве і Канстытуцыю перапісалі пад указаньні прэзыдэнта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG