Сусьветная арганізацыя здароўя (САЗ) і ААН заявілі, што пандэмія каранавірусу наносіць шкоду псыхічнаму здароўю, і заклікалі кіраўнікоў краінаў зьвярнуць сур’ёзную ўвагу на псыхалягічную дапамогу.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Як паведамляе брытанская The Guardian, САЗ засьцерагла ад спробаў прадказаць, колькі часу вірус будзе яшчэ цыркуляваць, і заклікала да “вялікіх намаганьняў” у справе барацьбы зь ім.
«Гэты вірус можа ніколі не сысьці», — цытуе The Guardian словы кіраўніка праграмы па надзвычайных сытуацыях САЗ Майкла Раяна.
Тым часам кіраўнік Эўрапейскага агенцтва лекавых сродкаў Марка Кавалеры выказаў скептычнае стаўленьне адносна заяваў пра тое, што вакцына ад каранавірусу можа быць створаная ўжо да верасьня. У агенцтве лічаць, што для гэтага спатрэбіцца каля году.
Для поўнага ж кантролю над вірусам, паводле САЗ, можа спатрэбіцца пяць гадоў, паведамляе ВВС. Пры гэтым, лічаць экспэрты, будуць знойдзеныя мэтады лячэньня, але вірус ня зьнікне — гэтаксама як было зь ВІЧ.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ