Кіраўнік прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Дырк Шубэль выступіў з заявай у сувязі абвяшчэньнем у Беларусі прэзыдэнцкіх выбараў.
«Эўрапейскі зьвяз чакае, што Беларусь забясьпечыць захаваньне міжнародных стандартаў дэмакратычных выбараў, паставіўшы ўсіх удзельнікаў у роўныя ўмовы», — сказаў ён «Інтэрфаксу» ў сувязі са стартам прэзыдэнцкай кампаніі.
Кіраўнік прадстаўніцтва прызнаў, што перадвыбарчая кампанія будзе праходзіць у асаблівых умовах. Таму заклікаў улады краіны выконваць рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя дзеля прадухіленьня і запаволеньня распаўсюду каранавірусу.
«Мы прымаем да ведама абвяшчэньне даты прэзыдэнцкіх выбараў, якое зроблена ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй Беларусі. Сёлета перадвыбарчая кампанія пройдзе ў асаблівых абставінах, зьвязаных зь вірусам COVID-19. Эўразьвяз будзе сачыць за разьвіцьцём падзей як у перадвыбарны пэрыяд, так і ў дзень выбараў у той ступені, у якой гэта магчыма падчас пандэміі», — дадаў Дырк Шубэль.
Палата прадстаўнікоў Беларусі прызначыла чарговыя прэзыдэнцкія выбары на 9 жніўня. Між тым асноўныя беларускія апазыцыйныя партыі палічылі немагчымым удзел у кампаніі з прычыны распаўсюду каранавірусу і адмовіліся вылучаць сваіх кандыдатаў.
Разам з тым пра намер балятавацца заявілі ўжо больш за дзясятак патэнцыйных кандыдатаў.
Гэта дзейны кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка, старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч, экс-кіраўнік Парку высокіх тэхналёгій Валер Цапкала, сустаршыня грамадзкага аб’яднаньня «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў, экс-кандыдат у прэзыдэнты Мікола Статкевіч, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады (БСДГ) Сяргей Чэрачань, блогер Сяргей Ціханоўскі, прадпрымальнік Уладзімер Правальскі, намесьніца старшыні Асацыяцыі грузаперавозчыкаў «Рэгіён 8» Натальля Кісель.