У Менску і Магілёве ўвечары 6 траўня сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек — прыхільнікаў аўтара каналу «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага.
Раней 6 траўня міліцыя затрымала Сяргея Ціханоўскага ў Магілёве. Блогер пасьпеў папрасіць падпісчыкаў прыехаць на месца здарэньня і падтрымаць яго.
Відавочцы паведамляюць, што ў Менску на месцы анансаванага прыбыцьця дома на колах «Страны для жизни» (на Даўгінаўскім тракце, 188) адбыліся затрыманьні.
Некалькі дзясяткаў чалавек таксама сабраліся на набярэжнай Сьвіслачы каля Палаца спорту. Сярод іх — старшыня АГП Мікалай Казлоў. Блогер Шэры Кот вёў стрым з акцыі, але трансьляцыя перарвалася неўзабаве пасьля пачатку і аднавілася недзе за 10 хвілін да канца. Людзі дайшлі да праваслаўнага Катэдральнага сабору і потым разышліся.
У Магілёве некалькі дзясяткаў чалавек сабраліся каля пастарунка, дзе, верагодна, знаходзіўся затрыманы Сяргей Ціханоўскі. Празь нейкі час ім сказалі, што Ціханоўскага этапавалі ў Гомлю.
Сабраных у Менску і Магілёве міліцыя закліка́ла разысьціся і папярэджвала пра адказнасьць за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.
У Магілёве і ў Менску на Нямізе падчас сходу затрыманьняў не было.
Сяргей Ціханоўскі, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни», другі месяц езьдзіць па беларускіх гарадах на аўтадоме, здымае рэпартажы і вядзе стрымы. На 9 траўня ён з падпісчыкамі заплянаваў у Бабруйску «АнтыПарад».