Падчас нядзельнай нарады 3 траўня Аляксандар Лукашэнка выказаў меркаваньне, што пандэмія каранавірусу «збольшага пойдзе на карысьць людзям», і зрабіў новы прагноз, калі захворваньне пройдзе пік у Беларусі, перадае прэс-служба кіраўніка Беларусі.
«Нам трэба напружана вытрымаць да пачатку лета. Думаю, што з Божай дапамогай мы неяк справімся, — сказаў Аляксандар Лукашэнка. — Губэрнатары на гэта нацэленыя. У іх пасяўная кампанія ўжо праблема нумар два. Галоўная праблема — дапамагчы лекарам, Міністэрству аховы здароўя ў гэтай працы».
24 сакавіка падчас сустрэчы з паслом Кітаю Цуй Цімінам Аляксандар Лукашэнка таксама параўноўваў пандэмію з псыхозам, і прагназаваў, калі захворваньне павінна пайсьці наспад, — Праваслаўны Вялікдзень, які ў Беларусі адсьвяткалі 19 красавіка.
«Вытрываем да праваслаўнага Вялікадня — значыць, жыць будзем», — заявіў тады Лукашэнка.