Кандыдат у прэзыдэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі Джо Байдэн у пятніцу ўпершыню публічна пракамэнтаваў абвінавачаньні ў сэксуальным гвалце, выстаўленыя супраць яго былой супрацоўніцай Сэнату, перадае Голас Амэрыкі.
«Я хацеў бы сказаць пра абвінаачаньні былой супрацоўніцы, згодна зь якой я зьдзейсьніў правіну 27 гадоў таму. Яны не адпавядаюць рэчаіснасьці. Гэтага ніколі не было», — гаворыцца ў заяве Байдэна.
Жыхарка Каліфорніі Тара Рыд, якая працавала сакратаром-рэфэрэнтам ў офісе Байдэна ў Сэнаце ад сьнежня 1992 года па жнівень 1993-га, у інтэрвію журналістам абвінаваціла былога сэнатара ў тым, што ў 1993 годзе той «прыціснуў яе да сьцяны і засунуў руку ёй пад спадніцу».
Байдэн, які, хутчэй за ўсё, будзе вылучаны кандыдатам ад Дэмакратычнай партыі на выбары прэзыдэнта ў лістападзе гэтага года, у апошнія дні сутыкнуўся ціскам сваёй партыі, каб публічна пракамэнтаваць абвінаачаньне Рыд.
Былы віцэ-прэзыдэнт заклікаў Сэнат папрасіць Нацыянальны архіў апублікаваць кадравыя запісы, у якіх магло быць паказана, ці падавала скаргу на Байдэна ягоная супрацоўніца ў той час. Па словах Байдэна, дакумэнты, якія адносяцца да гадоў ягонай працы ў Сэнаце, былі перададзеныя Ўніверсітэту штата Дэлавэр. Яны не ўтрымліваюць згадак пра падобныя інцыдэнты.
Журналісты Reuters не змаглі самастойна пацьвердзіць абвінавачаньні, выстаўленыя Тарай Рыд, а таксама не змаглі зьвязацца з Рыд ці яе прадстаўніком для камэнтароў.