Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўныя тэлеканалы паказалі, як каранавірус зьмяніў жыцьцё ў ЗША, а ў Беларусі — не


Будынак Белтэлерадыёкампаніі ў Менску
Будынак Белтэлерадыёкампаніі ў Менску

У вечаровых выпусках навін БТ і АНТ ні слова не прагучала пра апублікаваныя рэкамэндацыі САЗ у сувязі з каранавірусам і заклік каардынатаркі ААН у Беларусі іх выконваць.

Рэкорд інфікаваных COVID-19 у Беларусі дзяржаўныя тэлеканалы агучылі: плюс 919 інфікаваных і 4 сьмерці за суткі. Але больш не прагучала ні слова ні аб прычынах усплёску, ні пра зварот пастаяннай каардынатаркі ААН у Беларусі Яанны Казана-Вісьнявецкай , што ў Беларусі назіраецца «эвалюцыя ўспышкі інфэкцыі COVID-19», і што рэкамэндацыі САЗ ня выконваюцца.

На шостай хвіліне выніковага выпуску навінаў АНТ, на восьмай — БТ агучылі чарговую статыстыку аб каранавірусу ў Беларусі. Але аб прычынах успышкі, пра ўсплёск пнэўманій у рэгіёнах і пра нават аптымістычныя гісторыі ачуньваньня — ні слова.

Праўда, на АНТ было два рэпартажы: з новай лябараторыі ў Ратамцы і аб правядзеньні дэзынфэкцыі шпіталяў вайскоўцамі.

«Вірус зьмяніў жыцьцё ў ЗША». У Беларусі — не

Першы канал БТ больш за палову эфірнага часу выпуску навінаў прысьвяціў распаўсюду COVID-19 у сьвеце. Паразважалі пра эканамічныя наступствы, асудзілі недасканалыя захады Швэцыі, расказалі пра беспрацоўе ў ЗША: 26 мільёнаў амэрыканцаў вымушаны шукаць новыя месцы працы. Прайшліся па Францыі. Падлічылі, што ад пандэміі больш за 200 мільёнаў чалавек у сьвеце застануцца бяз працы. Расказалі аб пратэстах супраць увядзеньня карантыну. Прывялі прыклад: у Лібане пратэсты перайшлі ў процістаяньне з вайскоўцамі, ёсьць ахвяры.

І зноў вярнуліся да сытуацыі ў ЗША — «нават прэзыдэнт Дональд Трамп выступае за зьняцьце ўсіх абмежавальных захадаў у краіне». БТ падмацавала гэтую тэзу гісторыяй «Як вірус зьмяніў жыцьцё ў ЗША» — пра 21-гадовага беларуса, хакеіста Максіма Сушко. У ЗША карантын, усё зачынена, няма магчымасьці трэнавацца. А Максім Сушко пасьпеў да закрыцьця межаў і адмены авіярэйсаў вярнуцца ў роднае Берасьце. Цяпер працягвае падтрымліваць сваю спартовую форму, у адрозьненьне ад амэрыканскіх хакеістаў.

Бацька Максіма Сяргей Сушко — дырэктар спартовага цэнтру ў Берасьці. «Я пагаджуся з нашым прэзыдэнтам, які ня ўвёў карантыну», — кажа бацька хакеіста, у цэнтры якога трэнуецца сын.

«Купляйце цяпер — плаціце потым»

Хапіла месца ў эфіры навінаў БТ і для рэклямнага матэрыялу аб продажы жытла ў элітных кварталах «Маяк Менску» і «Парк Чалюскінцаў», якія забудоўвае сэрбская кампанія Dana Holdings, пра «пернікі» і бонусы: «Купляйце цяпер — плаціце потым», без першапачатковага ўзносу і паручыцеляў.

Расказалі ў выпуску і пра гісторыю Жыровіцкага манастыра, які ў траўні адзначыць 500-годзьдзе, пра падрыхтоўку да юбілею: пра помнік Серафіму Жыровіцкаму, пра рэстаўрацыю Ўсьпенскага сабора, новыя званы. І, натуральна, ні слова пра тое, што Жыровіцкі манастыр цяпер знаходзіцца на карантыне.

Чамусьці не хапіла эфірнага часу на зварот пастаяннай каардынатаркі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў у Беларусі Яанны Казана-Вісьнявецкай, якая выступіла са зваротам да беларусаў і беларускіх уладаў.

Яна адзначыла, што Беларусь ня выконвае рэкамэндацый Сусьветнай арганізацыі здароўя. Але беларускія дзяржаўныя тэлеканалы гэтага не пачулі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG