Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Атлянт»: «Цяпер 7 хворых на каранавірус. Сытуацыя трывожная, але не крытычная»


Архіўнае фота.Прахадная завода «Атлант»
Архіўнае фота.Прахадная завода «Атлант»

На менскім заводзе лядоўняў «Атлянт» паведамілі, што сярод працаўнікоў прадпрыемства зьявіліся новыя хворыя на каранавірус.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Сытуацыя трывожная, бо трэба прызнаць, што такія, хто захварэў, ёсьць, але не крытычная», — сказаў намесьнік гендырэктара «Атлянта» Аляксандар Машко.

Telegram-канал «Баста» напісаў, што захварэлі і цяпер на бальнічным 59 працаўнікоў заводу. Аляксандар Машко назваў іншыя лічбы.

«Усяго ў нас цяпер 7 такіх, хто захварэў на каранавірус. Пра 4 стала вядома яшчэ два тыдні таму, і яшчэ 3 зьявіліся цягам двух апошніх тыдняў, у тым ліку працаўнік з галоўнага канвэера, пра якога ўчора стала вядома, што ў яго тэст станоўчы. Але зь першых чатырох ва ўсіх стан ужо добры. Была невялікая тэмпэратура, але цяпер папраўляюцца. І плюс на самаізаляцыі цяпер 29 кантактаў першага ўзроўню», — сказаў карэспандэнту Свабоды намесьнік гендырэктара «Атлянта» Аляксандар Машко.

Паводле Аляксандра Машко, першай крыніцай захворваньня на каранавірус на прадпрыемстве быў аддзел галоўнага мэханіка.

«Там усе фактычна з аднаго кабінэта. Спачатку 3 выпадкі і 27 кантактаў першага ўзроўню, дык адзін зь іх пацьвердзіўся, што захварэў, а з астатнімі ўсё добра. З „кантактаў“ 14 ужо выйшлі на працу, верагодна, і астатнія хутка выйдуць. У іх цяпер бяруць па трэцім тэсьце», — сказаў Аляксандар Машко.

Паводле суразмоўцы, на канвэеры прадпрыемства, дзе зьбіраюць лядоўні «Атлянт», правялі дэзынфэкцыю, сродкаў для індывідуальнай дэзынфэкцыі ў працаўнікоў дастаткова.

«Можа, спачатку, у канцы сакавіка, і былі праблемы са сродкамі, бо цяжка было набыць, але цяпер усяго хапае. І масак, і дэзактывантаў. Цяпер вучым, каб не пашкодзілі сабе вочы, бо некаторыя пшыкаюць на маску бязь меры. Хто як робіць», — падзяліўся праблемамі Аляксандар Машко. Паводле яго, на галоўным канвэеры і ў цэлым на прадпрыемстве ўдаецца захоўваць «сацыяльна бясьпечную адлегласьць паміж працаўнікамі».

«Плянавыя нарады кіраўніцтва праводзяцца на адлегласьці да 2 мэтраў паміж удзельнікамі нарады, а пазаплянавых увогуле не праводзім. І камандзіровак цяпер няма, ніякіх масавых мерапрыемстваў няма. Сходы ў калектывах праходзяць максымальна дыстанцыйна. У нас ёсьць свае групы ў сацыяльных сетках, дык цяпер яны ўдвая павялічылі колькасьць [падпісчыкаў. — РС]», — сказаў Аляксандар Машко.

Паводле суразмоўцы, складаней было дамагчыся, каб працаўнікі ня тоўпіліся на прахадной, але праз адміністрацыйныя захады ўдалося сытуацыю падкарэктаваць.

«Упарадкавалі час сыходу тых, хто адпрацаваў, каб яны ў гардэробе не сутыкаліся з тымі, хто толькі ідзе на працу», — паведаміў намесьнік гендырэктара «Атлянта».

На прадпрыемстве «Атлянт» працуе да 5 тысяч чалавек. Адзін з працаўнікоў, які прасіў не называць ягонага імя, расказаў карэспандэнту «Свабоды» наступнае:

«Пра тое, што ў нас ужо 7 выпадкаў, мне невядома. Пра першых трох у аддзеле мэханіка ведаў, а пра іншыя нам асабліва ня кажуць, больш жывімся чуткамі. Так, сродкаў дэзынфэкцыі цяпер хапае. Але ўсё роўна свае нясём — вось іду на зьмену са сваім сродкам. Ведаю, што продажы лядоўняў скараціліся, але не катастрафічна, працуем», — кажа ананімны супрацоўнік «Атлянта».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG