У ноч з 18 на 19 красавіка адбыўся віртуальны канцэрт у падтрымку лекараў, якія змагаюцца з каранавірусам. У ім узялі ўдзел Білі Айліш, Пол Макартні, Элтан Джон, Лэдзі Гага, Тэйлар Сьвіфт, Стыві Ўандэр, The Killers і іншыя вядомыя артысты.
Куратарам канцэрта стала Лэдзі Гага. Па словах сьпявачкі, падзея павінна паказаць глябальнае адзінства ў барацьбе з COVID-19. Лэдзі Гага таксама паведаміла, што ў першы тыдзень красавіка яна сабрала 35 мільёнаў даляраў для фонду Сусьветнай арганізацыі здароўя па барацьбе з пандэміяй.
Паводле апошніх зьвестак, САЗ накіравала больш за два мільёны адзінак сродкаў індывідуальнай абароны ў 133 краіны сьвету і паўтара мільёна тэстаў для выяўленьня COVID-19 у 126 краінах.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Каранавірус новага тыпу пачаў пашырацца ў Кітаі ў канцы мінулага году. Цяпер па ўсім сьвеце зарэгістравана больш за два мільёны выпадкаў інфэкцыі. Памерлі больш за 160 тысяч пацыентаў.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ