Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранавірус з дастаўкай на працу


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Зусім нядаўна беларускія мэдыкі ладзілі флэшмоб, у межах якога прасілі людзей максымальна заставацца дома. Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і Белпошта зразумелі гэта па-свойму. Замест «Я працую дзеля вас, заставайцеся дома дзеля мяне» яны прачыталі «Зьбярыце на пошце натоўп, падпішыце для нас папяровыя паштоўкі і дашліце нам празь іх каранавірус».

Масавыя адпраўкі папяровых паштовак ва ўмовах пандэміі — гэта настолькі абсурдна, што яшчэ крыху, і я пачну верыць у тэорыю змовы, паводле якой Таемны Ўрад вельмі хоча зьнішчыць нашу нацыю, у тым ліку акцыяй «#СпасибоМедикам». Праўда, у ролі Таемнага Ўраду тут выступае БРСМ — арганізацыя, якая адкрыта падтрымліваецца цяперашнімі, зусім не схаванымі, уладамі.

Жаданьне нагадаць пра сябе ў сувязі з пандэміяй зразумелае. Дапамагаючы мэдыкам, цяпер можна значна палепшыць свой імідж. Але тое, што робяць БРСМ і Белпошта — гэта не дапамога, а парушэньне шэрагу базавых рэкамэндацый САЗ і Міністэрства аховы здароўя.

САЗ рэкамэндуе практыкаваць сацыяльнае дыстанцыяваньне, адмовіцца ад неабавязковых выхадаў «у людзі» і не праводзіць масавыя мерапрыемствы. І што мы бачым? Людзі сядзяць плячо ў плячо і падпісваюць паштоўкі. Для мэдыкаў.

Навошта ўпустую павялічваць нагрузку на пошту? Навошта штучна ствараць натоўп? Навошта павялічваць рызыкі для тых, хто на пошце працуе? Навошта так па-дурному траціць прыродныя рэсурсы і, што самае галоўнае, навошта ставіць мэдыкаў пад яшчэ большую рызыку?

Каб зьменшыць рызыкі для сябе, яны выкарыстоўваюць усе сродкі абароны, да якіх маюць доступ. Каб абараніць родных, некаторыя зь іх часова жывуць у гатэлях. Яны максымальна абмяжоўваюць неабавязковыя кантакты з навакольным сьветам, каб не заразіцца самім і не заразіць іншых. Але БРСМ вырашыў, што так ня пойдзе і што мэдыкам вельмі не хапае паперы, на якой, верагодна, ёсьць вірусы.

Калі ідэя акцыі ў тым, каб заразіць мэдыкаў і даць ім магчымасьць адпачыць на бальнічным, дык усё робіцца правільна. Але ж мэта анансавалася іншая — паштоўкі дасылаюць, каб выказаць мэдыкам словы падзякі за адданую працу.

Прычыняюць дабро, як умеюць. А рэальныя наступствы не такія ўжо істотныя — абы плян па мерапрыемствах быў выкананы.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG