Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МВФ прагназуе падзеньне беларускай эканомікі ў 2020 годзе на 6%


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Валавы ўнутраны прадукт Беларусі ў 2020 годзе скароціцца на 6%. Такі прагноз прыводзіцца ў справаздачы World Economic Outlook, якую апублікаваў 14 красавіка Міжнародны валютны фонд, піша БелаПАН.

Згодна з прагнозам МВФ, пасьля леташняга росту на 1,2% у 2020 годзе беларускі ВУП скароціцца на 6%, а ў 2021 годзе павялічыцца на 3,5%.

Падобны да гэтага прагноз МВФ дае і Расіі, якая зьяўляецца асноўным гандлёвым партнэрам Беларусі. Эканамісты фонду чакаюць, што ў 2020 годзе расійская эканоміка скароціцца на 5,5%, а ў 2021 годзе прыбавіць 3,5%.

МВФ чакае, што сярэднегадавая інфляцыя ў Беларусі ў 2020–2021 гадах складзе 5,6%.

На думку эканамістаў фонду, дэфіцыт рахунку бягучых апэрацый плацёжнага балянсу Беларусі вырасьце з 1,8% ВУП у 2019 годзе да 2,9% ВУП у 2020-м, а ў 2021-м складзе 2,5% ВУП.

МВФ таксама прагназуе, што беспрацоўе ў Беларусі вырасце з 0,3% у 2019 годзе да 2,3% у гэтым і знізіцца да 1,8% у 2021 годзе.

Раней Сусьветны банк таксама выказаў меркаваньне, што ў 2020 годзе ў Беларусі адбудзецца рост беспрацоўя і эканамічны спад.

«Многія беларусы страцяць працу ў 2020 годзе. Яшчэ больш беларусаў адчуюць падзеньне пакупніцкай здольнасьці сваіх заробкаў», — напісаў у сваім блогу кіраўнік прадстаўніцтва Сусьветнага банка Алекс Крэмер.

Згодна з абноўленым прагнозам Сусьветнага банка, беларускі ВУП можа скараціцца ў 2020 годзе на 4%, паколькі «глябальны эканамічны спад, выкліканы каранавірусам, зьнізіць попыт на беларускі экспарт сыравінных тавараў і тавараў, якія пастаўляюцца ў краіны ЭС, Расеі і на іншыя рынкі».

На фоне пагаршэньня эканамічных прагнозаў, якія абнародуюць міжнародныя арганізацыі, беларускія ўлады пакуль не пераглядалі пляны на гэты год (рост ВУП не менш чым на 2,8%).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG