Расейская журналістка Анастасія Пятрова памерла ў шпіталі ў расейскім горадзе Пермі 31 сакавіка. Пнэўманія стала афіцыйнай прычынай сьмерці, але пазьней афіцыйныя асобы прызналі, што 36-гадовая маці дваіх дзяцей мела станоўчы тэст на каранавірус.
У запісах да сяброў і паведамленьнях у сацыяльных сетках Пятрова пакінула кранальны дзёньнік сваёй хваробы і лячэньня, пішуць журналісты Радыё Свабода Юрый Курапцьеў і Робэрт Коўлсан.
Перм, Расея — «Сёньняшні дзень павінен быў стаць першым днём майго адпачынку, але замест гэтага стаў першым днём маёй бальніцы», — напісала Анастасія Пятрова на сваёй старонцы ў Facebook у другой палове дня 23 сакавіка.
«Уначы ў мяне была высокая тэмпэратура, боль у горле і моцны кашаль, — напісала журналістка. — Я выклікала лекара і паведаміла пра кантакты зь людзьмі, якія вярнуліся з-за мяжы (іх было трое, але ўсе вярнуліся больш як два тыдні таму), выслухала „О, чорт“ ад дыспэтчара. Чакаю лекара», — напісала журналістка.
Яна дадала, што піла парацэтамол, як раіць САЗ, спрабуючы зьнізіць тэмпэратуру з 38,4 градуса, і тая зьнізілася да 37,3.
Праз паўгадзіны яна напісала, што да яе прыехала лекарка.
«На адлегласьці мэтра яна спытала мяне пра мае сымптомы. Яна паабяцала, што хтосьці прыйдзе па мазок на каранавірус і што вынікі прыйдуць на працягу 24 гадзін. Тым часам яна сказала не выходзіць з кватэры на працягу 14 дзён, альбо да адмоўнага выніку. Але яна дадала: „Не хвалюйцеся. У гэтым годзе ніхто не скасоўваў звычайны грып“».
Уначы Пятрова зноў адкрыла Фэйсбук і напісала, што тэмпэратура падскочыла да 39 градусаў і нічога яе ня зьбіла.
«Ніхто не прыйшоў узяць тэст на каранавірус, і ніхто, вядома, не адказаў на мае званкі», — напісала яна раніцай 24 сакавіка. «Ня смаркаю, але кашляю». Пятрова адзначыла, што яна паставіла настройку канфідэнцыйнасьці на сваім пасьце, каб выключыць маці, бо «я не хачу яе турбаваць».
«Калі ласка, не дзяліцеся гэтым зь ёй», — дадала яна.
Яна выклікала хуткую дапамогу. Тая даставіла яе ў шпіталь, дзе Пятрова 31 сакавіка памерла. Але, як журналістка да апошняга дыханьня, яна пакідала паведамленьні ў сацыяльных сетках і адпраўляла сяброўцы тэкставыя паведамленьні, паводле якіх можа прасачыць за яе апошнімі днямі і гадзінамі.
Ніхто, зразумела, ня ведае, што рабіць
У наступным допісе, які яна піша вечарам з бальніцы, яна апісвае «чортава бязладзьдзе»: «Ніхто, зразумела, ня ведае, што рабіць. Пякельны бардак. Мы сядзелі з мэдбратам побач з інфэкцыйнай машынай хуткай дапамогі ў двары і тупа глядзелі ў тэлефоны. Тэмпэратура не паніжалася — мэдыкі разгубіліся. Цяпер прывезьлі і шпіталізавалі ў МСЧ № 1, лаюцца, што інфэкцыйны шпіталь не пакінуў у сябе. Палохаюць — ты разумееш, што мы зачынім цябе тут да другога тэсту? Я ўсё разумею. На тэрмомэтры па-ранейшаму 39. У іх няма інструкцый, каго куды і як везьці, ніхто толкам ня ведае».
Пазьней яна напісала, што яе паклалі ў асобны бокс: «Тут ёсьць тры ложкі, але я ляжу адна. Мілыя дзяўчынкі-мэдсёстры за акном, як рыбкі ў акварыюме. Кажуць, што з усіх палат-боксаў цяпер вольная толькі адна, але ўсе, як я, знаходзяцца ў адзіночнай камэры. Паклалі мяне на гарачкапаніжальнае, далі стандартны набор лекаў і надзелі кіслародную маску — ім не падабаецца, як я дыхаю. Наперадзе два тыдні або два адмоўныя тэсты на каранавірус».
Праз гадзіну яна напісала, што да яе прыходзілі рэаніматолягі з апаратам ШВЛ.
«Вельмі клясныя і прафэсійныя. Ходзяць у масках для падводнага плаваньня. Яны вымяралі кісларод у артэрыяльнай крыві, казалі, што мне яшчэ не патрэбна іх дапамога, але наагул — у групе рызыкі. Яны сказалі мне, каб я працягвала дыхаць кіслародам, і калі што, яны будуць празь пяць хвілін, калі б мне стала горш. Расказвалі, як лячылі сьвіны грып і што да іх у асноўным прывозілі цяжарных жанчын. Мацюкаліся, што хуткая дапамога езьдзіць ня цалкам абароненая. Калі рэаніматоляг задуменна глядзіць на раздрукоўку вашага аналізу, гэта на самой справе вельмі страшна. Тэмпэратура была зьбітая да 38».
У Пятровай было некалькі фактараў рызыкі: залішняя вага, алергія на пэніцылін, да таго ж нядаўна яна перанесла некалькі цяжкіх пнэўманій, празь якія былі пашкоджаны яе лёгкія.
Раніцай 24 сакавіка яна адзначае, што ў яе ўзялі два мазкі, на грып і каранавірус, «і ўвесь традыцыйны набор аналізаў», і пакінулі чакаць. У той самы дзень яна напісала, што ёй паставілі дыягназ пнэўманія, але лекары сказалі, што калі каранавірус ня будзе пацьверджаны, яе адправяць дадому на лячэньне. Але тэмпэратура ў Пятровай ня ўпала, і 26 сакавіка яна пачала скардзіцца на стаўленьне мэдпэрсаналу.
Мэдсёстры тут — нейкі сорам
«Мэдсёстры тут — нейкі сорам. Адна называе мяне разбэшчанай таўстухай, другая ў калідоры кажа, што да мяне нізавошта ня ўвойдзе. Ужо сорак хвілін я прашу зьмяніць бялізну — праз гэта я не магу класьціся спаць. І ні халеры… 38,5–39 — гэта межы майго існаваньня. Тэсту няма».
Апошні запіс у яе Facebook датаваны тым самым днём. 26 сакавіка ў 13:13 яна напісала: «Першы тэст на карону нэгатыўны».
31 сакавіка Анастасія памерла. У апошнія дні яе падключылі да ШВЛ.
Улады гораду спачатку адмаўлялі, што ў Пятровай была каранавірусная інфэкцыя. Потым пацьвердзілі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ