Па словах фэдэральнага канцлера Аўстрыі Курца, ужо з 14 красавіка ў краіне змогуць запрацаваць невялікія крамы, паведамляе Deutsche Welle.
Фэдэральны канцлер Аўстрыі Сэбастыян Курц на прэс-канфэрэнцыі ў Вене ў панядзелак, 6 красавіка, заявіў, што адразу пасьля каталіцкага і пратэстанцкага Вялікадня — гэта значыць, пачынаючы з 14 красавіка, — улады пачнуць зьмякчаць жорсткія абмежавальныя захады ў краіне, уведзеныя раней у сувязі з пандэміяй каранавірусу.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Паводле яго, пры захаваньні неабходнай засьцярогі з гэтага дня да працы змогуць прыступіць невялікія крамы з плошчай да 400 квадратных мэтраў, а таксама спэцыялізаваныя гандлёвыя прадпрыемствы, дзе прадаюцца будаўнічыя і садовыя прылады.
З 1 траўня, паводле пляну, павінны адкрыцца ўсе астатнія крамы, гандлёвыя цэнтры і цырульні. Канчатковае рашэньне наконт гэтага будзе прынятае ў канцы красавіка.
Школы, аднак, будуць закрытыя мінімум да сярэдзіны траўня, усе масавыя падзеі адмененыя да канца чэрвеня.
Разам з тым Курц да траўня падоўжыў абмежаваньні на перамяшчэньне насельніцтва. Цяпер жыхары маюць права пакідаць дом з чатырох прычынаў: каб пайсьці на працу, па харчы ў краму, каб дапамагчы іншым людзям і для індывідуальных заняткаў спортам на сьвежым паветры.
Як паведаміла 6 красавіка Міністэрства аховы здароўя Аўстрыі, колькасьць памерлых ад наступстваў COVID-19 дасягнула 220, інфікавана звыш 12 тысяч, ачунялі 3463 чалавекі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ