Увечары ў чацьвер грамадзянская абарона Італіі прадставіла новую статыстыку: 2 красавіка колькасьць заражаных павялічылася менш чым на 2,5 тысячы, то бок яна расьце павольней, чым у сераду, калі іх было больш за 2,9 тысячы.
На жаль, сьмяротнасьць застаецца высокай: у чацьвер каранавірус забраў жыцьці 760 чалавек, гэта на 33 больш, чым на дзень раней. Але акрыяла ўдвая больш людзей, чым памерла.
Расьце працэнт заражаных, ізаляваных дома, гэта значыць хворых без сымптомаў альбо зь лёгкімі сымптомамі), агулам іх больш за 50 тысяч. Гэта азначае, што працэнт людзей, якія маюць патрэбу ў стацыянарнай дапамозе, паступова зьніжаецца. Па словах кіраўніка грамадзянскай абароны Анджэла Барэлі, у чацьвер у рэанімацыі трапілі толькі 18 пацыентаў.
Ад успышкі эпідэміі COVID-19 у Італіі памерлі 13 915 чалавек. 18 278 чалавек паправіліся. У цяперашні час колькасьць інфікаваных сягае 83 000.