Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
Фанаты «Шахтара» падтрымалі заклік заўзятараў «Нёману» байкатаваць футбольны чэмпіянат праз каранавірус

Фанаты «Шахтара» падтрымалі заклік заўзятараў «Нёману» байкатаваць футбольны чэмпіянат праз каранавірус


Футбольныя фанаты
Футбольныя фанаты

Адразу некалькі фанацкіх груповак заявілі аб прыпыненьні наведваньня матчаў з удзелам камандаў сваіх рэгіёнаў.

«Чэмпіянат Беларусі ў футболе не спынілі, нягледзячы на эпідэмію каранавірусу. Гульні трансьлююць там, дзе раней і не падумалі б гэта рабіць. А збольшага дзівяцца з нас, сьмяюцца», — адзначаюць ультрас горадзенскага «Нёману».

У звароце да іншых актыўных заўзятараў яны канстатуюць: да таго часу, пакуль грамадзтву будуць хлусіць пра рэальную карціну распаўсюду хваробы, горадзенскія фанаты перастаюць наведваць хатнія і выязныя матчы сваёй каманды.

«Гэта рашэньне няпростае, нам складана пакінуць каманду без падтрымкі, але цяпер галоўнае — здароўе нашых грамадзянаў. Мы заклікаем усе фанацкія рухі Беларусі да гэтага. Давайце застанемся дома, зьнізім рызыкі, абаронім сябе і сваіх блізкіх».

Горадзенцы таксама заклікалі Беларускую фэдэрацыю футболу пад кіраўніцтвам Уладзімера Базанава набрацца сьмеласці і прыпыніць чэмпіянат, як гэта зрабілі ва ўсім сьвеце.

Заклік падтрымалі ультрас салігорскага «Шахтара», якія заявілі, што таксама прыпыняюць наведваньне хатніх і выязных матчаў каманды да таго моманту, пакуль эпідэміялягічная сытуацыя не дазволіць вярнуцца ў сэктар.

Яны зьвярнуліся да футбольных, хакейных ды іншых заўзятараў, каб тыя ўстрымаліся ад паходу на стадыён або ў лядовы палац, бо гэта цягне за сабой неапраўданую рызыку.

«З тысячы тых, хто прыйшоў на арэну, усяго адзін можа быць інфікаваны — і менавіта табе можа „фартануць“ зь ім сустрэцца. Асабліва гэта тычыцца прымусовых загонаў на хакей ад прадпрыемстваў: задумайся, ці варты такі адгул здароўя тваіх дзяцей і бацькоў? Гэтая ўлада ніколі пра вас не падумае. Ваша бясьпека толькі ў вашых руках», — падсумоўваюць фанаты салігорскага «Шахтара».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG