Расея закрыла свае межы. Напярэдадні такое даручэньне выдаў прэм’ер-міністар Міхаіл Мішуцін. Пад закрыцьцё трапіў і сухапутны ўчастак беларуска-расейскай мяжы.
Свабода пабывала на адной з самых ажыўленых транзытных трасаў Магілёўшчыны Р-43, якая вядзе зь беларускага Крычава ў расейскі Рослаў, а далей у Маскву.
На 40-кілямэтровым участку шашы да закрыцьця мяжы ў сярэднім за суткі праяжджала да 1,5 тысячы машын.
Беларускія кіроўцы трасу Р-43 называюць «старой варшаўкай». Шаша прывабная тым, што бясплатная. Ад расейскай мяжы да Крычава — 35 кілямэтраў. Апошняя беларуская вёска на ёй — Зьвянчатка. Празь пяць кілямэтраў расейскі памежны пераход «Панятоўка».
А 10-й гадзіне раніцы на ім не было ніводнай машыны. Адзін з памежнікаў у прыватнай гутарцы адзначыў, што ў Расею дазволена прапускаць да асаблівага распараджэньня толькі фуры. Іншаземцам на іншых відах транспарту ўезд забаронены. Забаронена выяжджаць з краіны самім расейцам. Беларусаў выпускаюць з Расеі, але назад уезд ім забаронены.
На пляцоўцы перад павільёнамі расейскіх страхаўнікоў таксама пуста. Супрацоўнік страхавой фірмы прызнаецца, што бачыць раней ажыўленую трасу цяпер бяз руху дзіка.
«Сюды прыходзім, тупа пасядзім і назад зьяжджаем, — кажа ён. — Зразумела, няма выручкі. Кішэні ўжо амаль два тыдні пустыя. Заробкі ж нашы залежаць ад машын. Начальства абяцала кампэнсаваць прастоі гэтыя, але як яно будзе, пабачым...»
Суразмоўца жыве ў пасёлку Панятоўцы. Кажа, што вуліцы там бязьлюдныя, бо ўсе стараюцца без патрэбы не выходзіць на двор.
«Масква самаізалявалася. Там сытуацыя горшая. Але сталіца ж — гэта ня ўся Расея», — апісвае страхаўнік становішча ў краіне з пандэміяй каранавірусу.
Яшчэ адзін страхаўнік кажа, што часам па шашы праяжджаюць беларускія і польскія фуры, і іх «пагранцы» прапускаюць. Беларускія легкавікі заварочваюць назад, дадае ён.
«Мы баімся каранавірусу, як і вы (у Беларусі. — РС), аднолькава, — пераходзіць суразмоўца да прычыны закрыцьця мяжы. — Вам толькі здаецца, што гэтай пошасьці няма ў вас. Вам жа праўды не гавораць».
Беларускія страхаўнікі: за ноч не было ніводнай машыны
У беларускай Зьвянчатцы беларускіх памежнікаў няма. З 1990-х тут ацалелі яшчэ будынкі, у якіх зьбіраліся разьмясьціць ахоўнікаў мяжы. Цяпер у ім прыдарожны гатэль і кавярня. Пагутарыць з супрацоўнікамі не ўдалося.
Пры шашы стаяць з паўдзясятка вагончыкаў страхаўнікоў. На спробу журналіста пагутарыць жанчыны рэагуюць: «А што, ад нашай думкі нешта зьменіцца? Нічога, бо ў беларусаў такі мэнталітэт. Будзе яшчэ горш».
«Цяпер наагул выручкі няма. За ноч ніводнай машыны не было, — кажуць пра сытуацыю суразмоўцы. — Мы думаем, што рабіць далей, бо ўсіх адпускаюць у водпускі за свой кошт. Гэта таму, што нам работы няма. Хто нас будзе трымаць, калі мы прагульваемся па трасе. Дый раней тут працы асабліва не было. Страхавалі толькі беларусаў, афармляць „зялёную карту“ на Расеі. А эўрапейцы ля нас і не спыняліся».
Дальнабойнік: у Расеі «пападалі» грузаперавозкі
Кіроўцы, якія прыпыняюцца ля страхаўніц, кажуць, што «для іх сытуацыя пакуль незразумелая». Угаварыць расейскіх памежнікаў прапусьціць іх не ўдаецца.
«Мы на працу ў Расею ехалі, — апавядае адзін з іх. — Спадзяваліся праскочыць, але нас не прапусьцілі. Мы хацелі праехаць да Смаленску. Застаюцца толькі „таежныя“ дарогі».
Ад’ехаўшы ад беларуска-расейскай мяжы кілямэтраў дваццаць, амаль пад самы Крычаў, на шашы пачалі сустракаць беларускія і польскія фуры. У Расеі «загрузкі ўпалі», адзначае адзін з кіроўцаў. Ён другія суткі ня можа выехаць зь Беларусі. Кажа, што тры дні таму ўцёк з Масквы, бо яе закрываюць. 400 кілямэтраў да Крычава ехаў парожні. Сам кіроўца беларус, але працуе ў расейскай фірме. Ганяе фуры з «эўрапейскім грузам» у Расею.
«Каб назад у Маскву парожнім ня ехаць, мне шукаюць у Беларусі груз, — апісвае ён сытуацыю. — З Казловічаў (памежны пераход) абяцаць прыцягнуць прычэп зь нечым, і я яго некуды пацягну. Куды, ня ведаю. Пакуль тут стаю, свае грошы праядаю».
Па ягоных словах цяпер у Расеі «пападалі» грузаперавозкі. Мужчына лічыць што расейцы «перагнулі» з закрыцьцём мяжы, а «нашы беларусы» зрабілі слушна, што пакінулі адкрытай, бо «адны і другія славяне».
«Лукашэнка малайчына, — адзначае суразмоўца. — Ён правільна кажа: навошта мяжу закрываць, гэта ж столькі беспрацоўных будзе...».
Дальнабойнік упэўнены, што «Пуцін кампэнсацыі нікому ня выплаціць». Да такой думкі ён прыйшоў пагутарыўшы з расейцамі, якія кіраўніку дзяржавы ня вераць.
Для жыхароў беларускага памежжа закрыцьцё Расеяй мяжы стала непрыемнай неспадзяванкай. Шмат хто зь іх выяжджаў на заробкі ў суседнюю краіну і па тавары. Цяпер зарабіць і набыць танныя тавары няма дзе. На большасьці мясцовых прадпрыемстваў плацяць меней за 500 рублёў, а ў крамах дарагоўля, кажуць у Крычаве.
«Спадзяёмся, што карантын у Расеі пратрывае нядоўга, — кажа адна з жанчын на рынку. — Больш няма на каго спадзявацца. Лукашэнка толькі прыгожа выступае...»
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ