У кітайскім горадзе Ухань, адкуль пачалося распаўсюджваньне COVID-19, 28 сакавіка мэтро часткова аднавіла працу. Пра гэта паведамілі мясцовыя ўлады.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
З 28 сакавіка аднаўляецца работа шасьці зь дзевяці ліній мэтро. Пасажырам будуць вымяраць тэмпэратуру цеплавізарам, таксама яны павінны адсканаваць свой «код здароўя» — пускаць у мэтро будуць толькі тых, у каго ён зялёны. Акрамя гэтага, пасажыры павінны будуць сядзець праз аднаго і насіць маскі.
З 23 студзеня горад быў фактычна ізаляваны ад зьнешняга сьвету пасьля ўспышкі новагага каранавірусу. У горадзе спынілі транспартны рух: мэтро і аўтобусы, водны транспарт, аэрапорт і чыгуначныя вакзалы. Выезд з Ухані і ўезд у яго былі забароненыя без адмысловага дазволу, перамяшчэньні па горадзе таксама строга абмежаваныя.
Карантын ва Ўхані плянуецца зьняць 8 красавіка. Тады жыхары горада змогуць выехаць пры ўмове, што яны здаровыя і не ўяўляюць пагрозы для іншых. Абмежаваньні на ўезды і выезды ў астатняй частцы правінцыі Хубэй зьнялі 25 сакавіка.
З 28 сакавіка Кітай таксама забараніў замежным грамадзянам уезд у краіну, каб прадухіліць выпадкі завозу каранавірусу з-за мяжы.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ