Студэнты Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі расказалі Свабодзе, ці баяцца каранавірусу, як ставяцца да захадаў прафіляктыкі, чаго не хапае і як бараніцца.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Горацкая сельскагаспадарчая акадэмія (Магілёўская вобласьць) — адна з найвялікшых навучальных устаноў Беларусі. Тут вучацца блізу 10 тысяч студэнтаў. У 1985 годзе яе скончыў па спэцыяльнасьці «эканаміст-арганізатар сельскагаспадарчай вытворчасьці» Аляксандар Лукашэнка.
«Мыць часьцей рукі і захоўваць дыстанцыю...»
Студэнты на згадку пра небясьпеку ад каранавірусу аджартоўваюцца «наказамі бацькі», што «вірус труцяць 40–50 грамамі гарэлкі», а калі што якое, дык іх «вылечыць трактар», калі пачнецца практыка. Маладыя людзі лічаць, што «падчапіць» хваробу ім няма дзе, бо ў аўдыторыях і інтэрнаце рэгулярна праводзіцца дэзінфэкцыя.
«Нам раяць часьцей мыць рукі, не зьбірацца вялікімі кампаніямі і захоўваць мэтровую дыстанцыю падчас гутаркі», — пералічваюць рэкамэндацыі акадэмічнай адміністрацыі трое студэнтаў, ідучы з заняткаў.
На пытаньне, ці ставяцца да такіх парадаў сур’ёзна, студэнты рэагуюць сьмехам. «Некалькі дзясяткаў афіцыйна агучаных выпадкаў хваробы» яны «не ўспрымаюць як надыход маштабнай эпідэміі».
Маладзёны адзначаюць, што толькі адзінкі ў акадэміі ходзяць у мэдычных масках.
Студэнткі: маска справакуе паніку
Наступныя суразмоўніцы, студэнткі, упэўненыя, што маскі трэба насіць, калі чалавек ужо захварэў. Калі ж здаровы, то «ад іх няма толку». Дзяўчаты мяркуюць, што калі хадзіць у масцы, людзі навокал будуць панікаваць.
«Яны будуць успрымаць, што чалавек заразны, будуць цурацца яго. А гэта дужа непрыемна», — кажуць яны.
Суразмоўніцы адзначаюць, што ў мясцовых аптэках маскі хутка разьбіраюць, а «невялікія пузыркі» антысэптыку занадта дарагія для студэнтаў. Не хаваюць, што каранавірусу баяцца.
Спосабы засьцерагчыся называюць тыя самыя: часта мыць рукі, пазьбягаць вялікіх кампаній і захоўваць дыстанцыю. Дадаюць, што ў акадэміі на лекцыях вялікія групы «разьбіваюць», каб было менш за 30 чалавек. Працягласьць лекцый скарацілі да 30 хвілін.
У мясцовых аптэках запэўнілі: усё, што трэба для прафіляктыкі, у продажы ёсьць. «25 сакавіка прывезьлі шмат антысэптычных шматразовых масак па 1,95. Хопіць усім», — сказалі ў аптэцы, што непадалёк ад акадэмічнага гарадка. Танных аднаразовых масак у продажы няма.
Студэнты з Кітаю ведаюць, што такое беларускі карантын
Каб пабачыць студэнтаў у масках, давялося нямала пахадзіць па акадэмічным гарадку. На ўваходзе ў адну зь мясцовых паліклінік аб’ява нагадвае: хворым на прастуду неабходна прыходзіць у мэдычных масках«. У дужках дададзена: «Студэнты не выключэньне».
«Мы хадзілі ў бальніцу, таму давялося начапіць маску, — кажа студэнт з Туркмэністану. — Але, прызнаюся, я ня ведаю, ці ёсьць небясьпека захварэць на каранавірус тут у Горках. Па людзях глядзіш — усе спакойныя. Ходзяць як нічога ніякага. Нас гэта супакойвае».
Студэнты з Кітаю — адзіныя ў акадэміі, хто прайшоў карантын па вяртаньні з вакацый у лютым. Тэставаньне ня выявіла ў 13 іншаземцаў каранавірусу, але іх усё адно зьмясьцілі ў адмысловы блёк, дзе стварылі ўмовы карантыну з улікам інкубацыйнага пэрыяду для COVID-19.
Па словах студэнтаў з Кітаю, у ізаляцыі яны прабылі два тыдні. На ўмовы карантыну не наракаюць. На вуліцы ходзяць у масках.
«Няёмкасьці не адчуваю, — кажа адна з замежніц. — Да маскі я прывыкла, і яна мне не перашкаджае...»
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ