Калі на гэты працэс не паўплывае пандэмія каранавірусу, шматбаковыя перамовы пачнуцца не раней за восень.
Кіраўнікі Эўрапейскага зьвязу далі афіцыйны дазвол Альбаніі і Паўночнай Македоніі пачаць перамовы аб далучэньні да блёку. Гэты крок зьяўляецца наступным у шматгадовых намаганьнях дзьвюх краін і адбываецца пасьля шэрагу затрымак, выкліканых рознагалосьсямі адносна гатоўнасьці кандыдатаў да паўнавартаснага сяброўства ў Эўразьвязе.
Калі на працэс не паўплывае пандэмія каранавірусу, шматбаковыя перамовы пачнуцца не раней за восень 2020 году. Зрэшты, перш чым дзяржава-кандыдатка атрымае права на ўступленьне ў Эўразьвяз, можа прайсьці некалькі гадоў.
Раней Францыя пры падтрымцы Даніі і Нідэрляндаў заклікала да больш узважанага падыходу, аргумэнтуючы гэта неабходнасьцю далейшых рэформаў у згаданых краінах дзеля дасягненьня палітычных, эканамічных і заканатворчых стандартаў зьвязу.
Апанэнты, наадварот, настойвалі на як мага хутчэйшым прыёме Альбаніі і Паўночнай Македоніі ў агульную эўрапейскую сям’ю, паколькі Расея і Кітай намагаюцца ўзмацніць свой уплыў у рэгіёне Заходніх Балканаў.