Улады Туркмэністану ў рамках барацьбы з распаўсюдам каранавірусу патрабуюць у грамадзян, якія жадаюць зьездзіць з аднаго рэгіёну ў іншы і якія атрымалі для гэтага неабходны дазвол, мэдычную даведку, якая пацьвярджае адсутнасьць каранавіруснай інфэкцыі.
Туркмэнская служба Радыё Свабода паведамляе, што ў мясцовых мэдычных установах узьніклі вялізныя чэргі з тых, хто жадае атрымаць такую даведку.
Пачынаючы з 20 сакавіка, у краіне абмежавалі перамяшчэньне грамадзян паміж рэгіёнамі. Паездкі дазволеныя толькі ў неадкладных сытуацыях, на аснове спэцыяльнага дазволу — напрыклад, для ўдзелу ў вясельлях і цырымоніях.
«Цяпер усе жадаючыя паехаць у іншыя [рэгіёны] павінны атрымліваць даведкі ў шпіталях. Для гэтага неабходна здаць кроў, зрабіць рэнтген-здымак лёгкіх і вымераць тэмпэратуру. Для гэтага трэба заплаціць у касу 15 манатаў ($4), за агляд лекара трэба заплаціць яшчэ 10 манатаў ($3). Празь вялікія чэргі ёсьць выпадкі хабарніцтва», — паведаміў карэспандэнт туркмэнскай службы з Ашгабаду.
Рух паміж рэгіёнамі адбываецца толькі на дзяржаўных аўтобусах і часткова чыгункай. Перад пасадкай у пасажыраў вымяраюць тэмпэратуру: «Тых, у каго высокая тэмпэратура, адразу зьмяшчаюць у карантын», — адзначыў карэспандэнт.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ