Расея ўхваліла заяўкі «Белавія» на нерэгулярныя рэйсы ў Маскву, з дапамогай якіх плянуюць вярнуць на радзіму беларускіх грамадзян, піша Міністэрства спорту і турызму.
Паводле амбасадара Расеі ў Беларусі Дзьмітрыя Мезенцава, заяўкі на пералёты ад «Белавія» будуць узгадняцца без абмежаваньняў. Забраць людзей «Белавія» зможа ня толькі з маскоўскага аэрапорту Ўнукава.
На 19 сакавіка дапамогі ў вяртаньні ў Беларусь патрабавалі прыкладна 8 тысячаў турыстаў, якія сутыкнуліся з закрыцьцём межаў з прычыны каранавірусу.
18 сакавіка Міністэрства замежных справаў Беларусі паведаміла, што пасьля закрыцьця межаў дыпляматы спрыялі вяртаньню ў Беларусь 1700 чалавек. Гэтая лічба ня ўлічвае зваротаў у амбасады Беларусі ў Расеі і Ўкраіне.
У Тэлеграме створаны канал Дапамога Беларусь (anti-COVID) для каардынацыі ўзаемадапамогі беларусаў падчас пандэміі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.