Лідэры краін ЭЗ у аўторак пагадзіліся з прапановай Эўракамісіі аб 30-дзённай забароне на ўезд у краіны Шэнгенскай зоны для грамадзян трэціх краін — праз эпідэмію каранавіруснай інфэкцыі. Пра гэта заявіла канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркэль.
Па яе словах, Нямеччына ўжо пачала рэалізоўваць гэтую забарону і не прапускае замежнікаў не з краін ЭЗ праз свае межы. Яна падкрэсьліла, што забарона датычыцца і грамадзян Вялікабрытаніі, якая нядаўна выйшла з Эўразьвязу.
Пра тое, што забарона на ўезд у краіны Шэнгенскай зоны будзе ўведзеная, напярэдадні паведаміў прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон.
У Шэнгенскую зону ўваходзіць пераважная большасьць краін ЭЗ, а таксама Швайцарыя, Нарвэгія, Ісьляндыя і Ліхтэнштэйн. Паміж гэтымі краінамі як правіла не бывае пагранічнага кантролю. Зараз, аднак, шэраг дзяржаў Шэнгенскай зоны абвясьцілі пра закрыцьцё сваіх межаў — у тым ліку і для грамадзян ЭЗ, зь невялікімі выключэньнямі.
Сусьветная арганізацыя аховы здароўя нядаўна заявіла, што Эўропа замест Кітая цяпер стала галоўным асяродкам эпідэміі каранавіруснай інфэкцыі. У краінах ЭЗ дзясяткі тысяч інфікаваных — больш за 30 тысяч у Італіі, больш за 10 тысяч у Гішпаніі, некалькі тысяч у Нямеччыне і Францыі. Інфэкцыя распаўсюдзілася па ўсіх краінах ЭЗ.