«Эўраопт», Menu.by, Enot-Delivery і некалькі піцэрыяў прапанавалі пакупнікам бескантактную дастаўку харчоў. Трэба толькі пазначыць, каб пакет пакінулі пад дзьвярыма, і аплаціць замову праз інтэрнэт.
Сэрвіс «Эўраопту» E-dostavka.by паведамляе, што робіць бескантактную дастаўку ад 16 сакавіка, бо «бескантактная дастаўка — гэта клопат аб вашым здароўі».
Замовіць можна амаль усе прадукты, якия прадаюцца ў звычайных крамах: хлеб, мяса, мясныя і малочныя прадукты, садавіну і гародніну, бакалею, напоі, дзіцячае харчаваньне і корм для жывёлаў. Не прадаюць алькаголь і тытунь. Дастаўку звычайна ладзяць практычна па ўсіх гарадах краіны, але не ва ўсіх крамах на момант публікацыі ёсьць магчымасьць выбраць час дастаўкі ў бліжэйшыя дні.
Бескантактную дастаўку прапанавалі таксама Menu.by і Enot-Delivery.by — яны дастаўляюць ежу з фастфудаў, піцэрыяў, сушы-бараў і рэстарацыяў. Паводле Relax.by, бескантактную дастаўку таксама ладзяць піцэрыі «Тэмпа» і «Доміна’с».
«Эўраопт» інструктуе, як замовіць такую дастаўку:
- зрабіць замову прадуктаў праз сайт;
- выбраць аплату банкаўскай карткай онлайн;
- у заўвазе да замовы напісаць пра тое, што патрэбна бескантактная дастаўка, і пазначыць, дзе можна пакінуць прадукты — напрыклад, пад дзьвярыма кватэры;
- таксама папрасіць бескантактную дастаўку можна проста ў кур’ера, калі той патэлефануе перад прыездам.
Як расказалі Relax.by у «Эўраопце», цяпер там працуюць з праблемай высокай нагрузкі на сэрвіс дастаўкі — быў рэзкі непрадбачаны рост замоваў.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.