Лідэр гонкі за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты ЗША ад дэмакратаў, былы віцэ-прэзыдэнт Джо Байдэн, заявіў, што ў выпадку яго намінацыі ягоным кандыдатам у віцэ-прэзыдэнты будзе жанчына.
Два прэтэндэнты на намінацыю ад дэмакратаў — Байдэн і сэнатар Бэрні Сандэрс — правялі дэбаты ўвечары 15 сакавіка ў штаце Арызона, іх трансьляваў тэлеканал CNN.
Сандэрс сказаў, што ў выпадку яго вылучэньня ягоным кандыдатам таксама стане жанчына «зь вялікай доляй верагоднасьці». Ён таксама паабяцаў, што ў выпадку перамогі на выбарах у яго адміністрацыі больш за палову месцаў зоймуць жанчыны.
У перадвыбарнай кампаніі ўдзельнічалі некалькі жанчын-дэмакратаў, некаторыя зь іх, у прыватнасьці Камала Гарыс і Элізабэт Ўорэн, нават разглядаліся як фаварыты, аднак пасьля сэрыі няўдач зьнялі свае кандыдатуры. Сярод магчымых кандыдатаў у віцэ-прэзыдэнты называюць таксама Эмі Клобушар, Стэйсі Абрамс і нават Гілары Клінтан.
Да гэтага часу ні адна жанчына не была ні прэзыдэнтам, ні віцэ-прэзыдэнтам ЗША.
17 сакавіка адбудуцца праймэрыз у чатырох буйных штатах — Арызона, Агаё, Флорыда і Ілінойс. Нягледзячы на каранавірус, яны не адмененыя. Байдэн — упэўнены лідэр у барацьбе за вылучэньне ад дэмакратаў, апярэджвае Сандэрса як у апытаньнях, так і ў ліку дэлегатаў партыйнага зьезду паводле вынікаў праймэрыз, якія ўжо адбыліся.